Куды дзяваюць смецце жыхары Астравеччыны

09:11 / 17.12.2022

87984.jpg

Выносячы смецце і размяркоўваючы яго па кантэйнерах: гэта – у шкло, тое – у паперу, тут пластык, а там цвёрдыя бытавыя адходы, я часцей за ўсё з задавальненнем адзначаю, што большасць маіх суседзяў робяць гэтак жа.

…Напісала – і нібы пачула абураныя воклічы камунальнікаў: ды каб жа так было! Калі ўсе такія свядомыя, то адкуль тады бяруцца пластык у бытавых адходах, а шкло ў кантэйнеры для паперы?
Канешне ж, свядомыя не ўсе – і наўрад ці калі-небудзь усе стануць такімі. Але калі ў Астраўцы ўстанаўлівалі першыя прымітыўныя кантэйнеры для раздзельнага збору бытавых адходаў, адзін з кіраўнікоў раёна не хаваў скептыцызму: нашы людзі ніколі і нізавошта не будуць сарціраваць смецце – не тое выхаванне. Праз нейкі час ён публічна прызнаваў, што не меў рацыі.
Так, за апошнія дзясятак-паўтара гадоў моцна змяніўся не толькі Астравец, але і астраўчане. І змены гэтыя не негатыўныя, хоць яны, вядома, хутчэй кідаюцца ў вочы. Я ж заўважаю, што не выносяць ужо змесціва каціных туалетаў на дзіцячыя пляцоўкі, каб адначасова набраць свежага пяску; не выкідваюць пакеты са смеццем на тратуар, калі спазніліся да прыходу машыны (некалі кантэйнеры не стаялі ў кожным двары, а бытавыя адходы збірала спецыяльная машына, якая аб’язджала гарадскі пасёлак па раскладзе). Так, былі мы сведкамі такога дзікунства, і нават не так даўно.
І ўсё ж, адзначаючы станоўчыя зрухі ва ўтылізацыі бытавых адходаў увогуле і ў свядомасці астраўчан у прыватнасці, не ўпадаю ў эйфарыю. Зроблена за гэты час многа – але разам з тым вельмі мала. 
…У 2010 годзе патрапіла я ў Берлін – не ў якасці турыста, у госці паехала. Неяк пайшлі мы з юнай гаспадыняй выкідваць смецце. Тады ўпершыню ўбачыла, як сарціруюць адходы ў Еўропе: асобна – папера, асобна – кардон, бо гэта розная па якасці макулатура. Асобна – каляровае шкло, асобна – белае. Асобна – поліэтылен, асобна – пластык (у нас да гэтага часу многія лічаць, што гэта адно і тое ж). Ёсць кантэйнеры для бляшанак, для батарэек... Тады і прыйшло разу­менне, што практычна ўсе адходы пры разумным з імі абыходжанні могуць ператварыцца ў даходы.
А для эканомных гаспадароў ёсць альтэрнатыва: аднесці бляшанкі з-пад піва ці шкляныя слоікі і бутэлькі ў магазін, здаць аўтамату-прыёмшчыку – за капейкі, вядома, дакладней, – за цэнты, але пара-тройка еўра набягае, на касе іх потым можна забраць ці разлічыцца за тавар.
Асобная тэма, да якой мы пакуль па-сапраўднаму нават не падступіліся, – утылізацыя буйнагабарытных рэчаў, якія выйшлі з ужытку: мэблі, бытавой тэхнікі і г.д. Час, калі ўсё: ад кухоннага буфета да таршэраў – можна было прадаць  з дапамогай аб’явы ў «Астравецкай праўдзе», падобна, мінае. А варыянт, які прапануюць камунальнікі: падаць заяўку, аплаціць транспартныя выдаткі за тое, што прыедуць і забяруць, – практычна не працуе. Уяўляеце, на якую суму давядзецца раскашэліцца жыхару Страчанкі ці Падольцаў, які захоча пазбавіцца старой канапы ці няспраўнага халадзільніка? Вядома ж, прасцей вывезці (гэта яшчэ калі ёсць каму!) да бліжэйшай кантэйнернай пляцоўкі, часта – у лес.
Гэтую праблему «Астравецкая праўда» ўжо ўздымала на сваіх старонках. Былі і канкрэтныя прапановы, як яе вырашыць з карысцю для тых, у каго загрувашчваюць хату непатрэбныя рэчы, і тых, у каго няма грошай, каб купіць новыя. Але спецыяльнай пляцоўкі ці памяшкання, куды адны маглі б вывезці добрую яшчэ мэб­лю, бытавую тэхніку, адзенне, абутак і іншае, а другія – забраць гэта бясплатна ці за мінімальны кошт, не з’явілася. 
За мяжой, у прыватнасці, у Швецыі, падобныя магазіны бачыла. А яшчэ – кантэйнеры (шчыльна закрытыя і на замку!) для адзення, абутку і нават кніг. Пасля адпаведнай сарціроўкі і апрацоўкі рэчы трапляюць ці ў цюкі для гуманітарнай дапамогі, ці ў спецыяльныя крамы. У нас жа часцей за ўсё – у смеццевыя кантэйнеры ці на вогнішча. 
Дарэчы, пра Швецыю. Неяк патра­піла на вочы інфармацыя: гэтая сканды­наўская краіна закупляе ў суседніх… бытавыя адходы – тое самае смецце, што мы выкідваем. Бо свайго для загрузкі заводаў па яго перапрацоўцы не хапае.
У нас жа, па словах дырэктара РУП ЖКГ Аляксанд­ра Мекіна, нядаўна адкрытая лінія па сарціроўцы цвёрдых бытавых адходаў пакуль загружана на 24%. Прычына: сыравіны хапае, але яна часцей «асядае» ў лясах, прыбярэжных зонах, на абочынах дарог, не даходзячы да смеццевых кантэйнераў. А другасных матэрыяльных рэсурсаў з адходаў выймаецца для далейшай перапрацоўкі толькі 28%. Задача: хоць трэць…
Значыць, нам ёсць куды рухацца – і ў павышэнні свядомасці грамадзян, і ў пытаннях ператварэння адходаў у даходы.
Але галоўнае зроблена: накірунак вызначаны. І мы сталі на гэты шлях. Усе?! 
Ну, амаль што…

Текст: Нина Рыбик