Як змагаюцца са снегам у Рытанскім сельсавеце

09:27 / 16.12.2022

846546.jpg

Самая актуальная тэма гэтага тыдня – снегапад
Ён нагадаў жыхарам Астравеччыны колішнія зімы, пра якія з настальгіяй успамінаюць старэйшыя жыхары, а заадно праверыў на вытрымку і арганізацыю работы камунальнікаў і дарожнікаў.

– Мінулы панядзелак стаў для вяскоўцаў выпрабаваннем, – дзеліцца старшыня Рытанскага сельвыканкама Рыгор Цэйка. – Многія ўладальнікі машын не змаглі выгнаць іх са двара. Ды што там: аўталаўкі не ўсюды даехалі.
На барацьбу з наступствамі снегападу выйшлі ўсе. ДРБУ-159 перш за ўсё расчысціла цэнтральныя дарогі, якія знаходзяцца на балансе арганізацыі. З ранку панядзелка ўклю­чы­ліся ў работу камунальнікі: чысцілі другасныя вуліцы аграгарадкоў. Не застаўся ў баку ад агульнай справы РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі»: механізатары прабівалі дарогу да аддаленых і маланаселеных вёсак і хутароў. 
І мясцовыя жыхары, хто мае ва ўласнасці трактары са снега­ачышчальнымі прыстасаваннямі, таксама падключыліся да справы. Да прыкладу, жыхар хутара Парцэль-Паляны Ула­дзімір Шылько ніколі не чакае, калі да яго сядзібы расчысцяць дарогу, робіць гэта сам, ды яшчэ і да суседскай хаты шлях расчышчае.
Агульнымі намаганнямі за панядзелак амаль усе транспартныя артэрыі на тэрыторыі сельсавета былі расчышчаны, і жыццё вяскоўцаў вярнулася ў звыклую каляіну.

Фота з інтэрнэту.

Текст: Нина Рыбик