Чым адметная вёска Кісялі і яе жыхары

14:28 / 15.12.2022

15646.jpg

Год гістарычнай памяці – яшчэ адна нагода ўспомніць родныя сэрцу мясціны, вёсачкі і хутары, людзей, што пакінулі на гэтай зямлі адметны след. 
Жыхароў вёскі Кісялі і іх нашчадкаў лёс раскідаў па ўсім свеце, па іх адрасах можна вывучаць геаграфію не толькі Беларусі, але і свету: Францыя, Англія, Амерыка, Польшча, Расія, Украіна, Літва, Латвія, Эстонія, Казахстан… Кожная вестачка з роднага краю, кожны фотаздымак родных краявідаў для іх – як глыток гаючага паветра. З іх дапамогай я і склала невялікую гісторыю вёскі Кісялі і яе жыхароў. 

Адкуль такая назва? 
Сяло ці вёска ў родным краі
Гісторыю сваю або легенду мае…
– так пісала паэтка Генуэфа Семашкевіч, дзяцінства якой прайшло ў Кісялях.
Пра тое, адкуль пайшла наз­ва вёскі, існуюць дзве легенды. Першая: Кісялямі паселішча назвалі таму, што навокал было шмат балот, а ў іх – журавін, з якіх гаспадыні варылі густы, смачны і карысны кісель. Па другой версіі Кацярына Вялікая пры падзеле Рэчы Паспалітай падарыла гвардзейскаму повару Кісялеўскаму землі ад Гудалёў да Клюшчан. На карысць гэтай версіі сведчыць першапачатковая назва паселішча – Кісялёва, якая з цягам часу трансфармавалася ў Кісялі. Першыя да­кументальныя звесткі пра сяло Кісялёва датуюцца 1591 годам. 
З цягам часу вёска разбудавалася,  стала вялікай і заможнай. Але яе, як і многія іншыя, дзе крытыя саломай хаты стаялі адна каля другой, спасціг пажар. Вёска згарэла датла.
Кісялі адбудаваліся. У 1875 годзе тут было 17 гас­падарак і 137 жыхароў. Найбольш населенай вёска была ў 1915 годзе: 24 двары, 156 чалавек.
За польскім часам кісялёўцаў  рассялілі па хутарах.
У 20-х гадах мінулага стагоддзя ў Кісялі прыехалі чатыры сям’і з Галіцыі: Лапіцкія, Кавалікі, Валожыны і Алейнікі. Прачыталі ў газеце, што прадаюцца землі на Клю­шчаншчыне – урадлівыя, чарназёмныя (махляры былі і ў той час). Людзі ўсё прадалі, прыехалі на чужыну – думалі, разбагацеюць. А калі ўбачылі клюшчанскі «чарназём», то жанчыны, казалі, галасілі. Але перасяленцы, працавітыя і прадпрымальныя, хутка змаглі наладзіць быт і прыжыцца на гэтай зямлі.
У 60-х гадах мінулага стагоддзя ў склад Кісялёў уваходзіла 25 хутароў і 9 дамоў у самой вёсцы. 
Бадай, больш нідзе ў нава­кол­лі не было столькі розных прозвішчаў. Часцей іншых сустракаліся Шапялі, Кісялі, Шымковічы, Трыбоцкія, Ярашы. Дваранскае паходжанне мелі Кліснеры, Зімніцкія, Асінскія – хоць былі такімі ж сялянамі, як і ўсе.

iТрыбоцкі Віктар і Валуевіч Іван аднавяскоўцы.jpg

iНа працу. Трыбоцкія Эдуард і Валянціна.jpg


Карчма 
Праз Кісялі праходзіў бойкі гасцінец, які злучаў Свір, Страчанку, Жалядзі, Гудалі, Пілімы. У Кісялях была развілка: адна дарога вяла на Клюшчаны, Вялікую Вёску, Гелядню і Падброддзе. Другая – на Казаноўку і Свянцяны.
Тут стаяла карчма – месца вясёлае і вабнае для мужчын і ненавіснае для жанок – кожная капейчына, прапітая ў карчме, была ой як патрэбна ў сям’і!
Жанчыны часта пракліналі гэтае месца. Можа, з-за гэтага сталі адбывацца там неверагодныя гісторыі. Расказвалі, што мясцовы жыхар па дарозе з рынку зайшоў у карчму, каб адзначыць удалы гандаль, і засядзеўся дапазна. Апоўначы сабраўся дадому. Выйшаў за вёску. Нічога не баяўся: хоць і цёмна было, але ж дарогу ведаў як свае пяць пальцаў, з заплюшчанымі вачыма змог бы прыйсці на свой хутар. Трохі адышоўся – і ўбачыў хлопчыка, які крыўляўся і падаваў дзядзьку ганебныя знакі. «Ах ты, падшыванец, я ж табе зараз пакажу, навучу, як трэба з дарослымі размаўляць!» – усклікнуў мужык і пагнаўся за хлопчыкам, нават не задумаўшыся, што тут можа рабіць дзіця ў такую пару. Ганяўся ён за хлапчуком доўга, урэшце змучыўся і прылёг адпачыць. Неўпрыкмет заснуў. Сніцца мужыку, што ён дома ляжыць на печы, закінуўшы ногі на комін і курыць люльку. Калі ж прачнуўся з усходам сонца, то ўбачыў, што ляжыць у балаціне ў непралазным гушчары, закінуўшы ногі на кучу ламачча, а ў роце заціснуты корч.
Падобныя гісторыі здараліся ўсё часцей, карчма набыла нядобрую славу, яе сталі называць праклятым месцам і ўрэшце ўладальнік мусіў яе закрыць.

Вясковая прамысловасць
У ваколіцах Кісялёў знаходзіліся вялікія залежы гліны, і мясцовыя жыхары не маглі гэтым не скарыстацца. Адну цагельню трымаў Франц Трыбоцкі. З прыходам савецкай ўлады яе пашырылі – так з’явіўся вядомы Кісялёўскі цагельны завод.
Яшчэ адна цагельня знаходзілася ў Гляі, у лесе. Яе трымалі два гаспадары – Іван Кісель з Кісялёў і Аляксандр Кісель з суседняй вёскі.
Трэцюю невялікую цагельню зладзіў Кісялеўскі.
Была тут і вапнярка, якая належала Аляксандру Кісялю. Рэшткі яе захаваліся да гэтага часу. Попыт на вапну быў заўжды – ёй бялілі коміны, печы, падмуркі, сходкі, дрэвы ў садзе. Вяскоўцы ўспамінаюць, як збіралі на полі белыя каменьчыкі і прыносілі ў вапнярку для абпальвання.

Камяні 
У ваколіцах Кісялёў ёсць некалькі адметных камянёў.

Адам-камень.jpg

Адам-камень – вялізны валун, які ляжыць ля дарогі, што вядзе на Пілімы, раней тут ішоў гасцінец. Кажуць, што палова гэтага каменя ўрасла ў балота, а даўней ён быў такі вялізны, што дзеці не маглі на яго ўскараскацца. Адам-камень можна аднесці да сакральных, бо ў яго ёсць імя. Звязаныя з ім легенды ўжо амаль сцёрліся з памяці. Засталася толькі адна: казалі, што гэты камень служыў арыенцірам для напалеонаўскіх войск. А некаторыя сцвярджалі, што пад ім схавана золата Напалеона. 
Ёсць каля Кісялёў камень з адбіткам твару: на ім даволі выразна відаць выява чалавечага аблічча. Якой сіле, светлай ці цёмнай, ён належыць, высветліць немагчыма. Камень ссунулі з прыроднага месца падчас сельгасработ – мясцовыя жыхары лічаць, што ён знаходзіўся каля прак­лятага месца – карчмы.

камень з крыжам.jpg

У даўнія часы ў Кісялях былі свае могілкі. На іх перасталі хаваць людзей пасля таго, як пабудавалі клюшчанскі касцёл і месца паблізу храма для вечнага супакою стала больш пачэсным. А ад ранейшых могілак застаўся камень з крыжам, які таксама спіхнуты са свайго першапачатковага месца. 
У пачатку вёскі ляжыць камень, які нічым – ні памерам, ні нейкімі знакамі – не вызначаецца. Але яго можна аднесці да культавых, бо менавіта каля гэтага каменя да нядаўнага часу збіралася мясцовая моладзь. Тут ладзілі гулянкі, вадзілі карагоды. Казалі, што гэты камень дапамагае знайсці сваю палавінку.

У баях за Радзіму
Многія з кісялёўскіх мужчын добраахвотна пайшлі ваяваць супраць фашыстаў. Браты Мечы­с­лаў і Іосіф Трыбоцкія вярнуліся з вайны з узнага­родамі. Прыйшоў дахаты і Вітольд Трыбоцкі. А з трох братоў Кісялёў ацалеў толькі Аляксандр, Фелікс і Браніслаў прапалі без вестак. Такі ж лёс напаткаў і Івана Шымковіча – казалі, што ён згарэў у танку. Загінуў на вайне і Уладыслаў Шапель.

Калгас 
У 1950 годзе ў Кісялях стварылі калгас з аптымістычнай назвай «Мільянер». Першым старшынёй абралі мясцовага жыхара Міхаіла Шымковіча, брыгадзірам паставілі Іосіфа Кісяля, рахункаводам была Ганарата Трыбоцкая. У гумне Бярнарда Шапеля стаяла 6 абагуленых кароў, якіх даглядала Паўліна Шапель, а пасвілі Стась і Юзя Трыбоцкія. У хлевушку другога гаспадара ўтрымліваліся дзясяткі два агульных курэй. Калгасная стайня была ў гумне старшыні.
Праз некалькі гадоў, як толькі пачалося ўзбуйненне гаспадарак, калгас «Мільянер» увайшоў у склад масцянскага калгаса «Перамога». 

Вера
Вера ў кісялёўскіх жыхароў заўсёды была моцнай і шчырай. Вяскоўцы бераглі і шанавалі свой парафіяльны клюшчанскі касцёл. Калі святыню зачынілі, людзі не адвярнуліся ад Бога: збіраліся вясной на маёвыя, летам – на чэрвеньскія набажэнствы ля крыжоў. У іншы час маліліся ў доме Юзафа Яраша. Яго дачка Рэня пазней стала катэхэткай і ў дождж і сцюжу напярэдадні Калядаў прыносіла ў кожны дом аплаткі. Памятаю, як мы яе чакалі, як перажывалі, калі пачыналася мяцеліца, якая часам доўжылася некалькі тыдняў: «Ці дойдзе да нас Ярашанка? Барані Бог застацца на свята без аплаткі!».
І яшчэ дзве кісялёўскія дзяўчыны прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу: Леанора Лось і Альдона Трыбоцкая сталі манахінямі.

Узноўлены крыж на старажытных могілках.jpg


Таленты 
У кожным доме ў Кісялях былі майстравітыя людзі: кавалі, будаўнікі, бортнікі, шаўцы…
Шматлікімі талентамі Бог надзяліў сям’ю Лось: усе прыгожа спявалі; Лёня, манахіня, пісала рэлігійныя тэксты і сама ўкладала іх на музыку, яе брат Юзюк іграў на скрыпцы, флейце і дудцы.
Музыкант, вынаходнік, інжынер Фелікс Станевіч у 1981 годзе быў узнагароджаны залатым медалём ВДНГ СССР за сканструяваны ім сінтэзатар гуку.
Генуэфа Семашкевіч піша вершы і мае цудоўны голас, спявае ў касцёльным хоры горада Лентварыса.
Эдуард Трыбоцкі прыгожа іграў на цымбалах, Іосіф Кісель – на скрыпцы. Калі яны бралі ў рукі інструменты, то ў слухачоў душы спявалі, а ногі самі пускаліся ў скокі.
Ігралі на гармоніках Славамір Аўлас, Уладзімір Трыбоцкі, Рычард Шапель. А Даніель Трыбоцкі, акрамя гармоніка, асвоіў яшчэ і гітару.
Былі ў Кісялях і вынаходнікі. Стэфан Масленік яшчэ школьнікам у 1959 годзе сабраў радыёпрыёмнік. У яго суседа Альфонса Аўласа, на той час адзінага ў вёсцы, было радыё, уманціраванае ў газавую лямпу. Вісела лямпа пад столлю: калі запальвалі святло, пачынала гаварыць радыё. Газа была дарагая і лямпу запальвалі нячас­та. Старшакласніку хацелася зрабіць радыё, якое можна было б слухаць колькі захочаш. І гэта яму ўдалося! Пасля заканчэння школы Стэфан паступіў у Маскоўскі авіяцыйны інстытут, даслужыўся да палкоўніка радыёсувязі.
Славамір Аўлас працаваў у калгасе токарам. Яго пра­зывалі Залатыя рукі, бо мог вытачыць любую дэталь. Але меў і іншыя таленты: іграў на баяне, першым у наваколлі асвоіў фотаапарат. І нават сканструяваў снегаход, каб дабірацца з хутара на працу і ездзіць на паляванне!
Віктар Трыбоцкі падчас службы ў арміі ў Адэсе навучыўся поварскай справе, ды так добра, што камандзір даверыў яму накрыць стол у гонар свайго юбілею. Вярнуўшыся на радзіму, стаў слынным ва ўсёй акрузе, а таксама ў суседніх абласцях і ў Літве поварам. Малады, прыгожы, рухавы, знаходзіў, а часцей сам прыдумваў рэцэпты розных страў, прыгожых і смачных, чым заўсёды здзіўляў гасцей. У яго атрымлівалася ўсё, за што браўся. Шкада, што, падараваўшы хлопцу прыгажосць, добразычлівасць і талент, Бог не даў яму долі. Віктар быў адзінокі і рана пайшоў з жыцця.

Сто гадоў!
Сёлета адзначыла 90-гадовы юбілей старэйшая жыхарка Кісялёў Ганна Валуевіч. Павіншаваць яе прыехалі дачка з Вільнюса, сын, які жыве побач, шматлікія ўнукі і праўнукі. А галоўны падарунак жанчыне ад Бога – добрае здароўе: яна сама садзіць градкі, даглядае кветнікі.

Былыя ыхары Кісялёў і Юбіярка 90-гадовая Ганна Валуевіч.jpg

Сёння ў Кісялях толькі чатыры жылыя падворкі. Але вёска не выглядае асірацелай ці закінутай. І за гэта трэба сказаць дзякуй яе жыхарам. Яны стараюцца, каб іх маленькая радзіма жыла не толькі ва ўспамінах: наводзяць парадак каля пакінутых хат, устанавілі крыж на месцы былых могілак і на скрыжаванні, дзе ён некалі стаяў і пра які Фелікс Станевіч напісаў песню «На перекрёстке». Кожны жыхар стараецца, каб яго падворак быў дагледжаным.

Кісялёўскія цікавосткі
…З Ласёвай студні ў Кісялях
Люблю вады крынічнай смак, 
– пісала згаданая вышэй Ге­нуэфа Семашкевіч, унучка Баляслава Лася, які выкапаў гэты калодзеж. 
У Кісялях, як і паўсюль у наваколлі, гаспадары мелі пераважна драўляныя студні, больш заможныя пазней рабілі іх з цэментных кольцаў. А каменны калодзеж Лася стаў першым у акрузе і вада ў ім сапраўды была надзвычай смачнай, заўсёды халоднай і празрыстай. Калі не стала гаспадара, то верх студні разваліўся і калодзеж закідалі, каб выпадкова туды хто не зваліўся.
Была ў вёсцы яшчэ адна адметнасць. Дзядуля Зофіі Шапель Нікодам у 1931 годзе прывёз з Гатчыны персідскі бэз. Ён купіў у Кісялях 6 гек­тараў зямлі і пабудаваў тут хату, да якой вяла алея з буйнога, надзвычай прыгожага і водарнага бэзу. Потым яго давалі ўсім, хто хацеў пасадзіць каля сваёй хаты незвычайны куст.
На ўскрайку вёскі стаіць старажытны дуб з магутнай кронай і спаласаваным маланкамі ствалом. Яго акружнасць складае 3,18 метраў! Мясцовыя жыхары кажуць, што дубу больш за 300 гадоў. У дрэва ёсць цікавая адметнасць: на вышыні прыкладна 6-7 метраў з галіны дуба расце рабінка – відаць, птушка ягадку прынесла, а тая ўкаранілася. З боку выглядае, нібы дуб трымае на магутнай далоні кволае дрэўца. Падобна, што ў гэтым выпадку рабіне з папулярнай песні ўсё ж удалося да дуба пераб­рацца…

Старажытны дуб.jpg


Вёска Кісялі – невялічкая, але такая прыгожая, гасцінная, шчырая і сардэчная, як і яе жыхары. І так хочацца пажадаць сто гадоў Кісялям і кісялёўцам.

Шчырую падзяку за ўспаміны складаю Вандзе Шурпіц­кай, Ганне Валуевіч, Эдуарду Трыбоцкаму, Янку Шымковічу. Асабліва дзякую за дапамогу ў пад­рых­тоўцы матэрыяла і прада­стаў­леныя фота­здымкі жыхарцы Кісялёў Зофіі Шапель. 

Текст: