Як зацікавіць чытача, вырашалі ў Астраўцы на абласным семінары бібліятэкараў

08:13 / 08.12.2022

IMG_8766.JPG

У Астраўцы прайшоў абласны семінар «Публічная бібліятэка як рэсурс інтэлектуальнага развіцця грамадства».

Астраўчане сустрэлі калег творча і крэатыўна. Здзіўляць іх пачалі з уваходу ў бібліятэку: каля тэматычнай брамы гасцей віталі дамы ў сукенках з паперы.

Гасцям паказалі намаляваную галерэю партрэтаў знакамітых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў Казіміра Сваяка, Францішка Багушэвіча, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Купалы і іншых. Дырэктар Наталля Ачарэтава расказала, што гэтыя аўтары выбраны невыпадкова – усе яны звязаны з Астравеччынай: жылі тут ці па-суседстве, прыязджалі сюды, пісалі пра наш край. І «аб’ядноўвае» гэтыя імёны першадрукар Францішак Скарына. Дарэчы, такая галерэя – адзіная ў Беларусі.

Удзельнікаў семінара чакала прыемная неспадзяванка: супрацоўнікі бібліятэкі паставілі ўрывак з пьесы Янкі Купалы «Паўлінка» – калегі астраўчан былі ў захапленні, яны не толькі здымалі ўбачанае на тэлефоны, але і з задавальненнем танцавалі разам з героямі.

IMG_8729.JPG

IMG_8740.JPG

Не пакінула гасцей абыякавымі і жалудовая кава – лічы, мясцовы брэнд – па рэцэпце нашай зямлячкі Іаланты Валуевіч.

Цікавыя знаходкі прадэманстравалі бібліятэкары і ў рабоце з чытачамі. Так, наведвальнікі маюць адкрыты доступ да кніжных паліц – могуць самастойна выбраць выданне. На стэлажах з’явіліся буклукі – невялікія тэматычныя кампазіцыі, якія прыцягваюць увагу да той ці іншай кнігі. А ў чытальнай зале папрацаваць на камп’ютары можа чалавек з праблемамі зроку –клавіятура аснашчана шрыфтом Брайля.

IMG_8758.JPG

Арыгінальнае знаёмства з Астравецкай раённай бібліятэкай стала прыкладам таго, як сёння трэба прыцягваць чытачоў. Неабходна шукаць нефармальны падыход – аб гэтым гаварылі ўжо на пасяджэнні. Што рабіць, каб людзі ішлі за літаратурай, як папулярызаваць Яе Вялікасць Кнігу – гэтыя і іншыя пытаннні гучалі ў канферэнц-зале.

– Нашаму семінару папярэднічала абласная калегія ўпраўлення культуры, дзе разглядалі дзейнасць клубных устаноў, якія ў большасці сваёй знаходзяцца побач з бібліятэкамі. Астравец у гэтым плане прыемна здзівіў! – адзначыла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. – Я заўважыла ўдзельнікам, што і ў іх павінна быць не горш. Што спадабалася мне? Тут умеюць пачуць і ўвасобіць у жыццё любую ідэю. Так, у кожнага розная матэрыяльна-тэхнічная база, але… Глядзіце: Астравецкая бібліятэка, атрымаўшы новы будынак, магла спакойна працаваць, аднак супрацоўнікі стварылі асаблівую атмасферу. У кожным філіяле ёсць арыгінальныя фотазоны, цікава аформленыя паліцы, напрыклад, з кнігамі-юбілярамі. Вядома, гэта працуе на чытача.

IMG_8772.JPG

Сёння, каб прыцягнуць увагу наведвальнікаў, бібліятэкі павінны быць шматфункцыянальнымі, мульцікультурнымі ўстановамі і не ісці, а бегчы ў нагу з часам. Так, ужо ёсць прыклады, калі яны паспяхова рэалізуюць краязнаўчыя, літаратурныя праекты, распрацоўваюць экскурсійныя маршруты, адчыняюць бібліякафэ, ствараюць тэматычныя базы дадзеных.

Работу бібліятэчных устаноў рэгіёна прааналізавала дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага Марына Ігнатовіч. У гэтым годзе яны спрацавалі добра, аб чым сведчаць 13 рэспубліканскіх узнагарод. Паспяхова рэалізуюць абласныя анлайн-праекты і чэленджы. Бібліятэкі знаходзяць розныя цікавінкі: напрыклад, у Ашмянскім раёне для буккросінгу на вуліцы замест кніжных паліц выкарыстоўваюць стары халадзільнік, сувенірную прадукцую выпускаюць у Шчучыне, Карэлічах і Гродзенскай раённай бібліятэцы, а ў Навагрудку бібліятэкар праводзіць экскурсіі не горш за прафесійнага гіда. Кожная новая і незвычайная ідэя – гэта шанс прыцягнуць наведвальніка.


Лічбы

239 бібліятэк працуюць на Гродзеншчыне. У сярэднім па вобласці за 10 месяцаў гэтага года кожны чытач звяртаўся за літаратурай 6 разоў.

IMG_8739.JPG

Пра тое, чым і як зацікавіць чытача з дапамогай сайтаў, расказала выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Анжаліка Прадзеіна. Яна падкрэсліла, што трэба выкарыстоўваць розныя тэмы (краязнаўства, нацыянальная кухня, дыялекты і іншыя) і формы іх падачы (тэкст, фота, анлайн-гульні, відэапраекты і гэтак далей).

Прагучалі падчас семінара праблемныя пытанні: кадры і існаванне сельскіх бібліятэк. Што тычыцца апошняга, то, магчыма, будучыня за ўстановамі змешанага тыпу, якія ўключаюць клуб і бібліятэку, – такі вопыт у вобласці ўжо ёсць.

Таксама абмеркавалі папаўненне фонду, супрацоўніцтва са СМІ і планы на будучыню.

На семінары прынялі выступалі начальнік сектара культуры Астравецкага райвыканкама Вольга Баяровіч, якая пазнаёміла з развіццём Астравецкага раёна і сферы культуры ў прыватнасці; старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі Дзяніс Малевіч, які пракаментаваў найбольш частыя праблемныя пытанні працоўнага заканадаўства.

Пасля пасяджэння бібліятэкары правялі інтэлект-тайм «Здзіўляй калег», падчас якога расказалі пра свае праекты. І наведалі Міхалішкаўскую бібліятэку, якая ў гэтым годзе стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры».


Цікава

З пачатку года Астравецкая раённая бібліятэка падрыхтавала 45 відэаролікаў па розных тэмах і выдала 30 асобнікаў брашур і буклетаў (рэкамендацыі ў дапамогу бібліятэкарам, краязнаўчыя, пра публічны цэнтр прававой інфармацыі і іншыя), а таксама кніг (напрыклад, вершы Капіталіны Пятроўскай).

 

Марына Ігнатовіч:

– Для Астравецкага раёна такі семінар – своеасаблівы экзамен, калі патрэбна паказаць сваю дзейнасць і прадэманстраваць дасягненні. Мясцовай бібліятэцы ёсць чым ганарыцца і пахваліцца: яна напоўнена разнастайнымі цікавасцямі для чытача – а менавіта ён самы галоўны.

Так, інтэрнэт забраў шмат наведвальнікаў, таму наша задача зноў выхоўваць чытаючую нацыю. Гэта павінна быць з сям’і, дашкольнай установы, школы. Згадзіцеся, калі ты не чытаеш з дзяцінства, то ў 40-50 гадоў наўрад ці возьмеш кнігу. Таму мы накіроўваем бібліятэкі працаваць з дашкольнымі ўстановамі: рабіць кніжныя дэсанты, прыдумваць праекты, якія адкрылі б дзецям прыгажосць кнігі. А мы маем вельмі багатыя фонды.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Светлана Фёдорова