Студатрад “Надзея”, лясгас і райвыканкам атрымалі ўзнагароды за трэці працоўны семестр – 2022

10:00 / 21.11.2022

З Падзячнымі лістамі і падарункамі вярнуліся прадстаўнікі астравецкай моладзі з урачыстага закрыцця трэцяга працоўнага семестра – 2022 у Гродне.

Сёлета мерапрыемства пачалося з ускладання кветак і хвіліны маўчання на мемарыяльным комплексе “Курган Славы”. Пасля моладзь Гродзеншчыны падвяла вынікі трэцяга працоўнага семестра ў абласным цэнтры творчасці.

Астравецкія актывісты вярнуліся дамоў не з пустымі рукамі. Падзячныя лісты і падарункі атрымалі ўдзельнікі абласнога конкурса “Працоўны семестр – 2022”: экалагічны студатрад Варнянскай СШ “Надзея” імя воіна-інтэрнацыяналіста Станіслава Бялячыца (камандзір Кацярына Сульжыцкая, камісар Аліна Сянюць) і прымаючае прадпрыемства – Астравецкі лясгас.

За садзейнічанне ў развіцці студатрадаўскага руху, рэалізацыю праектаў і праграм абласной арганізацыі ГА БРСМ Падзячным лістом адзначаны Астравецкі райвыканкам.

– Наш экалагічны студатрад другі год запар атрымлівае такую ўзнагароду – і гэта, безумоўна, прыемна, – падзялілася ўражаннямі Кацярына Сульжыцкая. – Я з’яўляюся камандзірам чацвёрты год і магу з упэўненнасцю адзначыць, што студатрадаўскі рух – патрэбная справа. Мы не толькі працавалі, але праводзілі забаўляльныя мерапрыемствы, спаборніцтвы, тэматычныя святы, дабрачынныя акцыі. Словам, байцы паспявалі і грошы зарабіць, і актыўна адпачыць. Ім спадабалася, яны падзяліліся ўражаннямі з сябрамі – і ўжо зараз да нас з Алінай, з якой мы не першы год працуем у тандэме, стаіць чарга, каб запісацца ў студатрад. І гэта здорава!




Текст:
Фото: Марина Мацкевич