Фотофакт. На верность Родине присягнули зенитчики (дополнено)

15:30 / 21.11.2022

У 1146-м гвардзейскім зенітным ракетным палку прынялі прысягу навабранцы. У іх ліку і больш за дзясятак астраўчан.

Урачыстасць моманту не змаглі парушыць мокры снег і пранізлівы вецер, якія разгуляліся падчас вынасу сцяга палка і параднага маршу.

Учарашнія хлопчыкі, а сёння ўжо сапраўдныя мужчыны – хтосьці дрыжачым ад хвалявання голасам, а хтосьці гучна і выразна – па чарзе прамаўлялі словы прысягі, даючы клятву вернасці Радзіме. Для сябе адзначыла: даваць клятву можна было як на рускай мове, так і на беларускай – і многія прызыўнікі гаварылі менавіта па-беларуску.

– З гэтай хвіліны вы нароўні з воінамі-гвардзейцамі выконваеце задачы па ахове паветраных рубяжоў, абароне суверэнітэта нашай дзяржавы, – адзначыў камандзір палка гвардзіі палкоўнік Алег Слайкоўскі. – У гэты ўрачысты дзень жадаю вам цярпення, быць стойкімі і мужнымі, каб вы годна прайшлі жыццёвы этап знаходжання ва Узброеных сілах.

Благаславіў навабранцаў на лёгкую службу настаяцель храма Святых апосталаў Пятра і Паўла пратаірэй Георгій Савіцкі. Словы настаўлення ў адрас сыноў гучалі з вуснаў мацярок. Паабяцалі годна выканаць воінскі абавязак прызыўнікі.

Бацькі, якія воддаль назіралі за адным з самых адказных момантаў службы сыноў, пад гукі марша таксама неўпрыкмет выцягваліся “па стойцы смірна”, нібы ўспамінаючы свае салдацкія будні. А маці, падыйшоўшы як мага бліжэй, стараліся захаваць у памяці кожны крок і кожнае слова сваіх дзяцей…


З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Дзяніс Круглікаў, навабранец:

– Армія – важны і неабходны этап у жыцці кожнага мужчыны. Яна дысцыплінуе, дапамагае стаць па-сапраўднаму дарослым і мужным. Служыць я буду год, таму што атрымаў вышэйшую адукацыю – скончыў тэхналагічны ўніверсітэт. Ішоў, не баючыся – упэўнены, што мне гэта трэба. Умовы ў часці добрыя, усё новае.

Наталля Круглікава, маці:

– Ці заўважыла змены ў сыне? Так. Стаў сур’ёзным. Мы ведалі, што Дзяніс будзе служыць: са здароўем не было праблем. Заўсёды ганарыліся сынам, а цяпер – яшчэ больш. У часці, дзе ён служыць, мы першы раз, больш таго, пра яе існаванне я раней не чула. Вельмі рады, што знаходзіцца яна недалёка ад дома. Аднак усё роўна хвалявалася. Супакоілася пасля бацькоўскага сходу, на якім пра будні салдат проста і даходліва расказаў камандзір.

Ігар Юхневіч, навабранец:

– Хацеў у “спецназ”, а трапіў у войскі супрацьпаветранай абароны. Але не шкадую. Актыўна трэніруюся, развіваюся і ўмацоўваюся фізічна. Самая цікавай на гэты момант з курса маладога байца была страявая і стрэльбішча. Верагодна, служыць буду на камандным пункце. Мне б, канешне, хацелася бліжэй да механікі, туды, дзе вадзіцелі…

Аляксандр Цэруш, навабранец:

– Я з Вялікай Страчы. У гэтых жа войсках служыў мой брат, які  летась дэмабілізаваўся. Расказваў мне, што такое страявыя ўставы, што часць вялікая, тут добра і камфортна. КМБ прайшло добра: што не зразумела – дапамогуць, растлумачаць. Што пайшоў служыць, не шкадую: гэта сапраўдны мужчынскі ўчынак. Наш абавязак – абараняць Радзіму і родных. 







Текст:
Фото: Ольга Хотянович