Пра сябе, блізкіх і незвычайныя сарты яблыкаў расказвае садавод Ніна Масойць

12:00 / 19.11.2022

Жанчын з варнянскага сада ведае бадай што палавіна раёна: многія прадпрыемствы і арганізацыі раёна штовосень адпраўляюць на дапамогу ў КСУП «Варняны» сваіх работнікаў. Пры сустрэчы з садаводам Нінай Масойць найперш звярнула ўвагу на яе добрыя вочы. 
– Родам я з Быстрыцы. У нас была вялікая сям’я: ажно шасцёра дзетак. Малодшай сястры года не споўнілася, як не стала таты. Па чарзе дапамагалі маці і дома, і на ферме – яна была цялятніцай і даглядала каля 120 галоў, – расказвае жанчына. – Хоць жылі цяжка, але я атрымала прафесію повара ў Ашмянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, па спецыяльнасці нават крыху папрацавала ў садку. 
Аднак да таго часу, калі Ніна Стані­славаўна стане садаводам у КСУП «Варняны», ёй давядзецца паспрабаваць сябе і ў іншых сельскіх «ролях».
– Падсобны цэх у Слабодцы, зернесклад… Калі ў «Варнянах» вырашылі заклад­ваць сад, Бярнардаўна (аграном-садавод Ірына Кяжун. – Заўв. аўт.) паклікала да сябе, –  працягвае мая суразмоўца. – Яб­лыні садзілі механізавана ў кастрычніку. Холад, слата, дождж лупіў уперамешку з мок­рым снегам – сапраўднае «пекла». Цяпер узгадваю тое з усмешкай. Сад агульнай плошчай 100 гектараў «разбівалі» паступова па кварталах – усяго іх 18. Сарты выбіралі розныя: «беларускае салодкае», «заслаўскае», «ветэран», «на­дзейнае», «поспех», «дарунак»…
Пастаянна ў садзе працуе 8 жанчын. Восенню галоўны клопат – сабраць ураджай, а да вясны працаўніцы абрэзваюць галінкі. 
– Міжраддзе абкошвае трактар, мы збіваем траву паміж дрэваў двуручкамі; мужы косы востраць і кляпаюць, – працягвае садавод. – Я звычайна на таварных яблыках. Радуе, што кожны год нам дапамагаюць работнікі іншых галін. 
Масойці жывуць у Петраполі. Як сапраў­д­ныя гаспадары, якіх цяпер, на жаль, мала засталося на вёсцы, трымаюць каро­ву, свіней, курэй. «Двух сабачкаў і катоў – без іх нікуды», –  дадае суразмоўца. 
– У нас трое дзетак: Анжаліка працуе ў Міхалішкаўскім лясніцтве, Аксана – у КСУП «Гудагай». А Сяргей служыць у ваенна-павет­раных войсках у Брэсце. За сына асаблівы гонар маю. На Дзень маці запрашалі прыехаць у часць, але далёкі свет і машыну не знайшлі, – гаворыць Ніна Станіславаўна. – Дарэчы, усе мае блізкія працуюць у сельскай гаспадарцы: браты Аляксандр і Станіслаў ў КСУП «Варняны» механізатары, сястра Наталля бухгалтар, а малодшая Святлана тут, са мной… Найбольш люблю наш сад вясной – вы б бачылі, якая прыгажосць: яблынькі, як нявесты ў шлюбных сукенках.
Текст:
Фото: Алёна Ганулич