Хэлоўін: прыкольнае свята ці баль Сатаны?

16:51 / 01.11.2022


Пачатак лістапада з’яўляецца часам памінання продкаў у многіх народаў і рэлігійных канфесій. У першы дзень месяца запальвалі свечкі на магілах памерлых католікі, 5 лістапада ва Усяленскую Дзімітраўскую суботу прыйдуць у царкву праваслаўныя, каб успомніць спачылых у малітве …

А ў краінах Заходняй Еўропы і ЗША ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада адзначаецца Хэлоўін, і гэтае так званае свята набывае ўсё большы размах. Адкрываюцца спецыяльныя магазіны, дзе гандлююць адпаведнай атрыбутыкай: касцюмамі прывідаў, чарцей, ведзьмаў, гарбузовыя фермы прымяркоўваюць збор ураджаю на канец кастрычніка: гарбузы – самы хадавы тавар для “свяцільняў Джэка”. Мільёны выкідваюцца на вецер. І ў гэтым свяце ўсё больш адчуваецца камерцыйны пачатак: прадпрымальныя людзі “робяць грошы” на чалавечых слабасцях і жаданні быць “як усе”.

Здавалася б: ну хай сабе забаўляюцца, нам якая справа да таго, на што трацяць грошы “праклятыя капіталісты”.

Але ж гэтае так званае свята, нібы спрут, усё далей працягвае свае шчупальцы па ўсім свеце, імкнучыся захапіць усё больш ахвяр. І вось ужо і ў нашай традыцыйна хрысціянскай краіне некаторыя імкнуцца ісці ў нагу з “цывілізаваным светам”: апранаюць маскі чарцей, выразаюць з гарбузоў свяцільні, ладзяць “вядзьмарскія шабашы”.

“А што тут такога? – скажа нехта. –Весела ж! Прыкольна…”

Але ці добра ўсё тое, што весела? Ці кожная “прыкольная” цацка нясе ў сабе пазітыўны пачатак? Ці з тымі “духамі памерлых” спрабуюць наладзіць стасункі прыхільнікі чужой нашым традыцыям і нашай культуры забавы?

–Праваслаўная царква асуджае пашырэнне традыцый святкавання Хэлоўіна ў хрысціянскім свеце, – упэўнена заявіў благачынны Астравецкага благачыння протаірэй Георгій Савіцкі ў адказ на просьбу выказаць сваё меркаванне з гэтай нагоды. – Гэта сатанінскае свята! Даўно вядома, што Д’ябал – гэта малпа Госпада: робіць усё тое ж, толькі наадварот. На Ражаство людзі пераапранаюцца, ходзяць славіць Хрыста і віншаваць адзін аднаго і атрымліваюць за гэта пачастункі – Сатана робіць падобнае, толькі з зусім іншым сэнсам, у іншых касцюмах і з іншымі наступствамі. Многія лічаць Хэлоўін проста забавай. Але і наркотыкі большасць спрабуюць упершыню як забаву, “па прыколе” – а заканчваецца ўсё загубленымі душамі. Так і тут: апрануўшы аднойчы дзеля жарту маску Д’ябла, можна назаўжды трапіць у палон цёмных сіл. З гэтымі сатанінскімі забавамі трэба паводзіць сябе не проста асцярожна, а вельмі строга, катэгарычна іх адмаўляючы. Была б мая воля, я б іх проста забараніў на дзяржаўным узроўні!

…Ёсць час раскідваць камяні – і збіраць іх, час весяліцца – і сумаваць, час ладзіць вясёлыя карнавалы – і памінаць продкаў. І не варта змешваць усё ў адну кучу. Бо могуць пераблытацца не толькі касцюмы, але і сэнсы. І замест весялосці давядзецца горка плакаць – як плачуць у Сеуле родныя тых, хто быў затаптаны людзьмі, якія на момант святкавання Хэлоўіна ператварыліся ў д’яблаў.

А ў гэтыя лістападаўскія дні лепш схадзіце ў храм. Ці запаліце свечку дома – і памаліцеся. За душы тых, хто, будзем спадзявацца, на тым свеце моліцца за нас – за тое, каб мы навучыліся адрозніваць дабро ад зла, а сапраўдныя каштоўнасці – ад прымхлівай моды.

Текст: Нина Рыбик
Фото: из Интернета