Астраўчане расказалі пра свой першы аўтамабіль

14:00 / 30.10.2022
Кажуць, першая машына, як і першае каханне, запамінаецца на ўсё жыццё. Карэспандэнт «раёнкі» папрасіў жыхароў Астра­веччыны ўзгадаць свой першы аўтамабіль, на якім яны ездзілі.

Алеся Андраловіч, Вавяраны:
– Вопыту пасля атрымання вадзіцельскіх правоў набіралася на бацькоўскай машыне «Сеат Варыа». Пасля замужжа аўтамабілі мянялі дастаткова часта. Сказаць, якую машыну любіла найбольш, мне складана – да кожнай прывыкаеш. Я камфортна адчуваю сябе за рулём, незалежна ад маркі аўто. 

Ганна Налівайка, Палушы:
– Першая машына, на якой ездзіла, – гэта чырвоныя «Жыгулі» 3424-СО4, якія ў народзе называюць капеечкай. На ёй я праездзіла каля трох гадоў. Калі ў нас нарадзіўся трэці сын, муж зрабіў падарунак: купіў «Пасат Б4». З 2009 года за рулём гэтай машыны. «Капеечку» называла ластаўкай, а «Пасат», дзякуючы дзецям, «ахрысцілі» чырвонай куляй. (Усміхаецца.) 

Валерый Якімовіч, Астравец:
– Мая першая машына – ВАЗ-2101. Бралі нашу «капеечку» навюсенькай, лічы, толькі з канвеера ў магазіне ў Гродне. Быў гэта 1972 год. Як цяпер памятаю: заплацілі 5 500 рублёў – аўтамабіль з абласнога цэнтра прыгнаў сам. Машына была рубінавага колеру. Потым былі «Опель Вектра», «Опель Аксона», «японка» «Міцубісі». Цяпер езджу на «Шкодзе», але з настальгіяй узгадваю першую «Ластаўку». Сапраўды ўспаміны пра першую машыну застаюцца на ўсё жыццё.

Арцём Якушчонак, Варона:
– Першую машыну буду памятаць усё жыццё. Напалову з маці пяць гадоў назад купілі белыя «Жыгулі» – ВАЗ-2106. Аўтамабіль называлі сняжынкай – па першае, з-за колеру, па-другое, ад папярэдніх гаспадароў у салоне застаўся аўтамабільны араматызатар у выглядзе сняжынкі. Верай і праўдай «Жыгулі» служылі нам два гады – потым машыну прадалі і купілі навейшую. «Аўдзі» называлі сінявочкай з-за нябеснага колеру.

Марына Кімса, Варняны:
– Правы я атрымала два гады назад, ваджэнне здала з трэцяга разу. Муж за мяне вельмі перажываў і хваляваўся. У нас агульная на дваіх машына маркі «Рэно». Муж актыўны вадзіцель, я са­джуся за руль вельмі рэдка, напэўна, раз у месяц – не больш. Стараюся ездзіць акуратна і з мінімальнай хуткасцю. 

  

Текст:
Фото: Алёна Ганулич