Творчы лісцік Аляксандра Марозава распусціўся ў Віцебску

16:30 / 26.10.2022

Паэт Аляксандр Марозаў, ураджэнец Дэбальцава, які пераехаў на Астравеччыну і цяпер жыве ў Філіпанах, шырока вядомы ў літаратурных колах. А нядаўна яго прозвішча з’явілася на “Дрэве жыцця” ў Віцебску.

Аляксандр Іванавіч пастаянна ўдзельнічае ў разнастайных творчых конкурсах, адкуль амаль заўсёды вяртаецца не з пустымі рукамі. А на фестывалі аўтарскай песні, паэзіі і візуальнага мастацтва “Віцебскі лістапад” ён не толькі чытае свае вершы, але і ўваходзіць у склад журы. Сёлета паэт ацэньваў творчасць канкурсантаў з Беларусі, Расіі і Латвіі.

– “Віцебскі лістапад” заўсёды праходзіць душэўна і цікава, так было і на гэты раз, – падзяліўся ўражаннямі Аляксандр Іванавіч. – Сёлета ўдзельнікі паспрабавалі сябе не толькі ў якасці канкурсантаў, але і суддзяў: працавала 5 творчых майстэрняў, і выступаючыя ў адной, ацэньвалі творчасць калег у іншых. У цэлым, атрымалася займальна.

Акрамя работы ў журы, выступлення на сцэне, стасункаў з сябрамі-паэтамі і знаёмства з новымі талентамі Аляксандра Марозава на фестывалі чакаў сюрпрыз. Некалькі гадоў назад тут з’явіўся памятны знак “Дрэва жыцця адкрытага конкурсу аўтарскай песні, паэзіі і візуальнага мастацтва “Віцебскі лістапад”, на якім штогод з’яўляюцца новыя лісточкі з прозвішчамі таленавітых літаратараў. Сёлета на ім “распусціўся” і лісцік Марозава. Адпаведны сертыфікат аб занясенні на “Дрэва жыцця” быў урачыста ўручаны Аляксандру Іванавічу, таксама ён атрымаў членскі білет Смаленскага абласнога літаб’яднання “Крыніца” імя Юрыя Пашкова.




Текст: