Чаму хлопчыкі падобны на дзяўчынак, а мужчыны жывуць па прынцыпе “трох Т”

11:00 / 21.10.2022
З 1996 года ў Беларусі адзначаецца Дзень маці – і гэтае свята за 26 гадоў стала па-сапраўднаму народным і любімым.
А сёлета Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь устаноўлены яшчэ і Дзень бацькі, які будзе адзначацца 21 кастрычніка.
З гэтай нагоды рэдакцыя «Астравецкай праўды» правяла круглы стол, каб абмеркаваць з зацікаўленымі пытанні сямейнага выхавання і ролі бацькі ў гэтым шматгранным працэсе.
Да ўдзелу ў размове запрасілі намесніка старшыні райвыканкама Генадзя Бычко, протаіерэя Георгія Савіцкага, дырэктара гімназіі №1 Алену Севасцьян, настаўніка гімназіі №1 Ніну Мажэйка, шматдзетных бацькоў Валерыя і Алену Свешнікавых.
Вядучай стала Ніна Рыбік.

Ніна Рыбік:
 – Для пачатку хачу пацікавіцца: як вы адносіцеся да ўстанаўлення ў нашай краіне новага дзяржаўнага свята – Дня бацькі? 
Георгій Савіцкі:
– Калі адным словам, то: нарэшце!
Увогуле мне здаецца, што бацькі ў нас крыху абдзелены ўвагай. І калі ёсць Дзень маці, то лагічна, што павінен быць і Дзень бацькі, – гэта як дзве палавінкі аднаго цэлага. 
Валерый Свешнікаў:
– Згодзен з айцом Георгіем: нарэшце! Хоць у гэтым ліквідавалі дыскрымінацыю мужчын, аднавілі гендарную роўнасць!
Алена Севасцьян:
– Новае свята дазваляе ўзняць сацыяльны статус бацькі ў сям’і і ў грамадстве. Гэта важна як для ўсведамлення самім мужчынам, што роля бацькі – галоўная ў сям’і, так і для дзяцей, якія разумеюць, што ў таты, як і ў мамы, ёсць адпаведнае свята, і яго таксама трэба павіншаваць. Мне здаецца, што сёння нараджаецца новая добрая традыцыя.
Генадзь Бычко:
– Горка прызнаваць, але мы дажыліся да таго, што прэстыж бацькі, яго статус трэба падымаць. Варта задумацца: з-за чаго ж ён так упаў? Ці не таму, што мы занадта захапіліся барацьбой за правы жанчын? Зразумейце правільна: я з глыбокай павагай адношуся да жанчын увогуле і да мацярок – у асаблівасці, але ў барацьбе за раўнапраўе мы, здаецца, ужо перайшлі рамкі. Узняўшы ролю жанчын на недасягальную вышыню, тым самым прынізілі ролю мужчыны. Дажыліся да таго, што некалі традыцыйна мужчынскія прафесіі, як, скажам, настаўнік, цяпер сталі пераважна жаночымі.
Калі шчыра, то мне не хацелася б быць суб’ектам гэтага свята, не хачу, каб сыны мяне віншавалі ў гэты дзень. У нармальнай сям’і дзень бацькі – як, зрэшты, і дзень маці – павінен быць штодня.


Ніна Рыбік:
– Не сакрэт, што выхаванне ў нас цяпер пераважна жаночае. У дзіцячых садках працуюць выключна жанчыны, мужчыну-настаўніка ў школе таксама сустрэнеш нячаста. Ды і ў сем’ях часта існуе гэтая праблема. Паспрабуйце адказаць на першую частку адвечнага пытання: хто ў гэтым вінаваты? Жанчыны, якія «захапілі ўладу», ці мужчыны, якія з радасцю яе аддалі?
Генадзь Бычко:
– Хачу распавесці адну гісторыю. Неяк на былой рабоце давялося мне наведаць школу. Дырэктар прапанаваў зайсці на харчблок. Там разгаварыўся з поварам пра жыццё, пра справы. Між іншым заўважыў, што і сам умею гатаваць і раблю гэта з ахвотай. Адказ жанчыны мяне «забіў». «Дык які ж вы пасля гэтага мужчына?» – спытала яна здзіўлена. І яе словы лепш за ўсё сведчаць, хто яе муж. Магчыма, ён вельмі добры работнік, але дома, хутчэй за ўсё, жыве па прынцыпе «трох Т»: тапкі, тахта, тэлевізар.
Так, раней, калі мужчыну трэба было многа і цяжка працаваць, ваяваць, каб абараніць свой дом, здабыць звера, каб накарміць сям’ю, а жанчыне заставалася роля захавальніцы ачага, такое раздзяленне абавязкаў мела права на жыццё. А сёння, калі войнаў няма, а плугі перакачавалі ў музеі, чым яму займацца?
Валерый Свешнікаў:
– Педагагічнае выхаванне ў школах і ў гады майго сталення знаходзілася ў руках жанчын – хоць настаўнікі-мужчыны ў нас усё ж былі. Але я ўвесь час займаўся ў спартыўных секцыях: плаванне, барацьба, стральба з лука. І трэнерамі ў нас былі выключна мужчыны, яны аказалі вялікі ўплыў на маё выхаванне. Дзве-тры гадзіны на трэніроўках кампенсавалі пераважна жаночае выхаванне ў школе.
А яшчэ мне пашанцавала, бо ўсе канікулы я праводзіў у вёсцы. Там выхаваннем унукаў займаўся дзед. Бацька не меў часу, ён працаваў вадзіцелем тралейбуса: падымаўся ў чатыры гадзіны раніцы, калі дзеці бачылі сны, а калі я вечарам вяртаўся дахаты, тата ўжо спаў, бо назаўтра зноў трэба было рана ўставаць. Бачыліся мы толькі ў яго выхадныя.
Але дзед рабіў з унукаў мужыкоў. Ён навучыў нас, 13-гадовых падлеткаў, і дровы секчы, і траву касіць, і за плугам хадзіць. Аўтарытэт дзеда быў неаспрэчны, а слова яго – закон. Памятаю, як мае бацькі, якія пражылі доўгае і шчаслівае жыццё, як прынята гаварыць, у каханні і згодзе, аднойчы ледзь не развяліся. А ўсё з-за таго, што дзед, у якога прыспела нейкая пільная работа, наказаў бацьку прыехаць у вёску першым рэйсам аўтобуса, у 6 гадзін раніцы. А мама, якая шкадавала мужа, які моцна стамляўся на рабоце, хацела, каб ён адпачыў і паехаў другім, які ішоў у 9 гадзін. У выніку абое не спалі ўсю ноч: мама чакала, калі бацька засне, каб перавесці будзільнік, а ён не засынаў, каб яна гэтага не зрабіла. Сёння смешна, а тады я, 16-цігадовы падлетак, быў вельмі здзіўлены, што бацька, дарослы мужчына, не можа не паслухацца дзедавага загаду.
Алена Свешнікава:
– З нагоды жаночага выхавання і яго вынікаў хачу прывесці прыклад. Мы на сваёй аграсядзібе ў Радзюшах шмат гадоў трымаем коней, да нас часта прыязджаюць дзеці пакатацца ці займацца верхавой яздой. Парадокс, але факт: дзяўчынкі паводзяць сябе смела і ўпэўнена. І вы не ўяўляеце, як баяцца хлопчыкі. І мамачкі іх страхі ўсяляк культывуюць: не дай бог, сыначка ўпадзе, ручку падрапае ці конь яго ўкусіць, ці яшчэ што здарыцца з сонейкам ненаглядным. 
І такія парадоксы жаночага выхавання пераходзяць потым у дарослае жыццё. Генадзь Паўлавіч гаварыў, што некалі традыцыйна мужчынская прафесія настаўніка стала жаночай. А я вам больш скажу: цяпер каваля-мужчыну знайсці амаль немагчыма, гэтай справай займаюцца пераважна жанчыны.
Валерый Свешнікаў:
– Як гэта ні сумна, але даводзіцца канстатаваць відавочнае: за апошнія 2-3 дзесяцігоддзі вырасла пакаленне абсалютна інфантыльных маладых людзей. І вінавата ў гэтым жаночае выхаванне.
Алена Севасцьян:
– Крыніца праблемы – у адсутнасці належнай увагі да выхавання дзвюх якасцей: адказнасці і павагі. Адказнасці за сваю сям’ю, за дзяцей, іх будучыню, прычым і ў мужчыны, і ў жанчыны, бо ў кожнага з іх свая функцыя. Яны, вядома, могуць узаемна кампенсавацца, але не ў поўнай ступені.
А павага павінна быць найперш у самой сям’і. Кожны з бацькоў павінен паважаць меркаванне другога і патрабаванні да дзіцяці мусяць быць аднолькавымі. А калі ў дарослых няма адзінай пазіцыі, то складана гаварыць пра нейкае выхаванне.
Георгій Савіцкі:
– У выхаванні дзяцей павінны быць і мужчынскі, і жаночы пачатак. Канешне, у паўсядзённым жыцці можна і трэба замяняць адзін аднаго – мне, да прыкладу, няцяжка зварыць суп, калі матушкі няма ці яна занятая нечым іншым. Але, па вялікім рахунку, маці пры ўсім жаданні не заменіць бацьку, і наадварот. Я цяпер чытаю гутаркі старца Паісія пра сямейнае выхаванне. Дык вось, ён сцвярджае – і з гэтым цяжка не пагадзіцца! – што толькі маці можа даць дзіцяці сапраўдную любоў. Бацькі таксама любяць сваіх дзяцей – але па-іншаму. Мацярынскай любові нішто не заменіць. Затое бацькі павінны даць дзіцяці нешта іншае, чаго няма ў жанчыны. 
Ніна Мажэйка:
– Тут ужо гаварылі, што раней асновай сямейнага выхавання была праца: трэба было секчы дровы, нарыхтоўваць сена, палоць градкі, капаць бульбу. І дзеці з маленства дапамагалі бацькам, бабулям і дзядулям. У нас, да прыкладу, была своеасаблівая традыцыя: кожны год мы 8 мая ехалі ў лес па дровы, і дзеці былі побач з бацькамі, па меры сваіх сіл пасаблялі ім. У кожным вясковым двары трымалі гаспадарку, ва ўсіх былі «соткі», агарод, ды яшчэ калгасная дзялка буракоў – работы хапала і дарослым, і дзецям, і вясковым, і гарадскім. А цяпер дровы секчы не трэба: уключыў газавы кацёл – і цёпла. Бульбу не садзяць, у лепшым выпадку – пару градак. Уключыў мульціварку, шчоўкнуў кнопкай электрачайніка – абед прыгатаваны… 
Я не кажу, што гэта дрэнна. Цудоўна, калі людзям не трэба так шмат і цяжка працаваць, што вызваляецца час для адпачынку. Але як яго праводзяць? Кожны ў сваім смартфоне? Можна ж усім разам, бацькам і дзецям, пайсці ў паход, выбрацца ў вандроўку, паглядзець цікавы кінафільм і потым абмеркаваць яго. Цяпер мы на ўроках абмяркоўваем дзекабрыстаў, а ў праграме тэлебачання якраз заяўлены фільм «Звезда пленительного счастья». Прапаную вучням: паглядзіце разам з бацькамі, раскажаце потым на ўроку пра ўражанні. Некаторыя зацікавіліся – але больш чым упэўнена: не ўсе збяруцца сям’ёй каля тэлеэкрана.

Генадзь Бычко:
– Свядомая пазіцыя сусветных транскарпарацый – выхаваць чалавека-спажыўца, які не прывязаны ні да радзімы, ні да сям’і. І нават сур’ёзныя людзі пачынаюць гаварыць: гэта ж добра, калі чалавек выбірае тое, што яму больш зручна і выгадна. А ў выніку разбураюцца сямейныя, грамадскія ўстоі, знікаюць векавыя традыцыі. Ужо з’явілася фармацыя людзей, якія не прывязаны ні да чаго, у тым ліку і да сям’і. І гэта адбываецца не проста так, не само па сабе – некаму такое становішча вельмі выгадна. Бо грамадства, у якім ёсць каштоўнасці, цяжка разбурыць, заняволіць.
Калі ж вярнуцца да сямейнага выхавання, то хачу сказаць: за больш чым 30 гадоў, што працаваў з дзецьмі, апошнім часам узначальваў раённыя камісіі па справах непаўналетніх, заўважыў заканамернасць. Калі ў дзіцяці ёсць дывіянтныя паводзіны, адхіленні ад нормы – хоць я разумею, што паняцце нормы вельмі адноснае, часцей за ўсё гэта невядома кім прыдуманыя рамкі, у якія імкнуцца загнаць дзіця, – і калі няма медыцынскіх праблем, то прычыну шукай у сям’і. Пачынаеш разбірацца – і высвятляецца, што бацькі ці разведзены, ці справа ідзе да таго, ці сям’я няпоўная, калі не што-небудзь больш сур’ёзнае. 
Дай бог, каб у нас было як мага больш такіх сем’яў, як у Свешнікавых, дзе не трэба вызначаць, хто ў сям’і галоўны – мама ці тата. Тады і свята для таго, каб павысіць статус бацькі, не спатрэбіцца.

Ніна Рыбік:
– З першай часткай пытання – хто вінаваты – мы, будзем лічыць, разабраліся. Давайце паспрабуем адказаць на другую: што рабіць? Нярэдка здараецца, што бацька ў сям’і адсутнічае фізічна: загінуў, ці муж і жонка не жывуць разам – пры гэтым далёка не ўсе мужчыны памятаюць, што развод з жонкай не здымае з іх абавязкаў па выхаванні дзяцей. А бывае і так, што бацька нібыта ёсць, але яго ўдзел у выхаванні дзяцей нулявы ці нават адмоўны. Як у такой сітуацыі кампенсаваць недахоп мужчынскага ўплыву? Як не выхаваць інфантыльнага «сыначку-карціначку» ці «дачушку-прынцэсу»?
 Ніна Мажэйка:
– Так сталася, што з мужам мы разышліся і з пэўнага моманту жыцця выхаваннем сыноў я займалася сама. Старэйшы на той час заканчваў школу, малодшы вучыўся у дзявятым класе. З аднаго боку, мне было лягчэй, бо са сваімі ўжо амаль дарослымі сынамі я магла гаварыць на любыя тэмы. З іншага – складана, бо ў гэтым узросце хлопчыкам найбольш патрэбен бацька, мужчына.
Вядома, мне было цяжка – і маральна, і матэрыяльна. Часта ў падобных сітуацыях жанчыны шукаюць спадарожніка жыцця, маўляў, у доме патрэбен мужчына. А на самой справе – спрабуючы схавацца ад адзіноты. А я ж прасіла Бога толькі аб тым, каб ні ў каго не закахацца! Разумела: калі ў маім жыцці з’явіцца мужчына, то матэрыяльна мне, магчыма, стане лягчэй, але духоўная сувязь з сынамі калі не парвецца канчаткова, то моцна аслабне. Яны, я бачыла, любілі бацьку, асабліва – малодшы.
Я ўсё растлумачыла дзецям, яны мяне, здаецца, зразумелі. Бачылі ж, што жывём мы не так, як трэба, і ўспрынялі наш развод як належнае, асабліва – старэйшы. 
Вядома, я ў той час была не адна: мне дапамагалі мама, старэйшы брат. І, як балюча мне ні было, ніколі не сказала дрэннага слова пры дзецях пра іх бацьку. Малодшы хацеў сустракацца з ім – і хоць мне балела, не пера­шкаджала. Яны да сённяшняга дня падтрымліваюць сувязі.
Я раздзяліла з сынамі груз адказнасці за нашу сям’ю. Старалася абмяркоўваць з імі ўсе справы, праблемы, размеркаваць наш небагаты сямейны бюджэт – абодва ж вучыліся.
Мне здаецца, што той шлях, які я прайшла ў выхаванні сыноў, быў правільным. Хоць, магчыма, у іх іншае меркаванне на гэты конт.
Мае хлопцы ўжо дарослыя, самастойныя, маюць свае сем’і, але яны па-ранейшаму мая падтрымка і апора: калі нешта здараецца, то я дзялюся найперш з імі. Ніколі яны мяне не папракнулі, што засталіся абдзеленымі, бо выхоўваліся без бацькі. 
Алена Свешнікава:
– Прыкладам сямейнага выхавання ў нас з’яўляўся дзед. Гэта пры тым, што сам ён вырас у няпоўнай сям’і: яго бацька загінуў на фронце, ён яго ніколі не бачыў. Дзед гадаваўся з маці. Але ў яго акружэнні было шмат дастойных мужчын, у тым ліку яго дзядзька, які працаваў завучам у школе, – ён яго да гэтага часу ўспамінае.Дзед з пароды тых мужчын, хто памрэ з голаду каля поўнага халадзільніка – але прыдумае і рукамі зробіць усё, хоць касмічны карабель. Абсалютна мужчынская мадэль паводзін. Я думаю, гэта з-за таго, што ў той час навокал было такое акружэнне. Тады было сорамна не служыць у арміі. Ён не праходзіў па здароўі (меў сур’ёзнае захворванне лёгкіх) – і вельмі з-за гэтага перажываў. Сорамна было быць слабаком. Вось сёння хлопцу ў прысутнасці дзяўчат не сорамна сказаць: «Я баюся коней». У той час гэта было недапушчальна!
І такой была агульная мадэль мужчынскіх паводзін. 
А сёння? «Тры Т»? Ці завісаць у камп’ютары? Танкіст-«завочнік», футбаліст-«завочнік», які лігу чэмпіёнаў пераглядзеў усю, а на поле з дзіцям паганяць мяч не выйдзе? 
Я лічу, што мужчынская роля ў тым, каб весці сям’ю, прагназаваць будучыню, думаць пра перспектыву, магчыма, настояць на сваім рашэнні. Жанчына можа думаць на кароткія дыстанцыі, затое вельмі падрабязна, з усімі нюансамі: які колер шпалер выбраць, дзе ружы пасадзіць, а дзе – хрызантэмы. А глабальнае планаванне – прэрагатыва мужчыны. У тым ліку – і фінансавае. 

Алена Севасцьян:
– У гімназіі ў мінулым го­дзе створаны савет бацькоў, які ўзначаліў пракурор раёна Аляксей Тамчанок. І хоць пакуль нельга пахваліцца яго бурнай дзейнасцю, патрэба ў ім відавочная. Трэба прызнаць: таты рэдка ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, спасылаючыся на сваю занятасць. А нам вельмі хочацца бачыць мужчын і ў бацькоўскім камітэце, і ў папячыцельскім савеце, нам не хапае іх складу розуму, валявых якасцей, цвёрдасці характару. У тым ліку і мне як дырэктару гімназіі ёсць чаму павучыцца ў многіх нашых татаў. Іх падтрымка проста неацэнная! Гэта садзейнічае і яднанню бацькоўскай грамадскасці: мужчынам, калі яны збіраюцца разам, заўсёды ёсць пра што пагаварыць. Да таго ж гэта прадстаўнікі дастойных сем’яў, якія могуць падзяліцца ўласным вопытам выхавання.
Мы ў гімназіі напачатку навучальнага года дыягнаставалі ўзровень трывожнасці дзяцей – і аказалася, што ён павышаны ў тых вучняў, бацькі якіх знаходзяцца ў стане разводу ці ў сям’і ёсць праблемы. Зразумела, што такі стан дзіцяці не садзейнічае яго паспяховай вучобе. Пагэтаму адной з задач гімназіі на гэты навучальны год вызначылі работу з няпоўнымі сем’ямі. 
Цяпер у класных чатах прысутнічаюць абодва бацькі, незалежна ад таго, жывуць яны ра­зам ці не: таты гэтак жа, як і мамы, маюць права ведаць, якія мерапрыемствы праводзяцца ў школе і класе, дзе вучыцца яго дзіця, калі адбываюцца бацькоўскія сходы і гэтак далей. Мы, вядома, не можам прымусіць яго прымаць у іх удзел – але інфармацыю прадастаўляем. 
Калі ж сям’я знаходзіцца ў стане разводу, то тут з дзецьмі найперш працуюць псіхолаг і сацыяльна-педагагічная служба. 
А сігналы аб сямейнай недабранадзейнасці выносяцца на савет прафілактыкі – на яго пасяджэнне абавязкова запрашаюцца абодва бацькі. Дзеці не павінны быць аб’ектамі маніпуляцый дарослых – гэта маё глыбокае перакананне.
Генадзь Бычко:
– Нядаўна разбіралі аднаго падлетка. Бацькі яго ў разводзе, але на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх запрасілі абодвух. І якое б пытанне ні задалі бацьку, адказ адзін: «Не ведаю, я з імі не жыву». Прабачце, але гэта не здымае з яго абавязкаў па выхаванні сына ці дачкі! І, да слова, калі прызнаюць, што сям’я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, то без розніцы, жывуць бацькі разам ці знаходзяцца ў разводзе, – абодва будуць несці аднолькавую адказнасць. І калі ў крытычных сітуацыях дзяцей забіраюць з сям’і, то абавязанымі асобамі, якім трэба кампенсаваць расходы дзяржавы на яго ўтрыманне, становяцца абодва бацькі. Так што адгаворка «мы ў разводзе, гэта не мая справа» не працуе: нарадзілі дзіця – будзьце добрымі выхоўваць яго. 
Калі ж вярнуцца да пытання, як кампенсаваць недахоп мужчынскага выхавання ў сям’і, то хочацца нагадаць, што раней быў магутны і дзейсны інстытут хросных бацькоў. Хросны бацька – той мужчына, які павінен узяць на сябе адказнасць за духоўнае выхаванне дзіцяці. На жаль, цяпер гэта звялося да паказухі.
Георгій Савіцкі:
– Так, здараецца, што дзіця застаецца без бацькі, няважна, па якой прычыне. І няважна, хлопчык гэта ці дзяўчынка, яму важна бачыць прыклад мужчынскіх паводзін у той ці іншай сітуацыі, мужчынскі аўтарытэт. 
Мне было пяць гадоў, калі не стала бацькі. Прыкладам мужчынскага выхавання для мяне стаў старэйшы брат. А яшчэ – хросны бацька. Ён жыў у іншай вёсцы, і мяне, малога яшчэ, аднаго адпускалі да яго ў госці: я садзіўся на аўтобус і ехаў за некалькі кіламетраў. Ужо само па сабе гэтае падарожжа было прыгодай і выхаваннем самастойнасці. З хросным мы хадзілі на рыбалку, ён браў мяне ў грыбы, катаў на матацыкле – незабыўныя ўспаміны. 
Але ў наш час выхаваннем займаюцца найперш бацькі. Калі ж мужчыны ў сям’і няма ці ён падае не самы лепшы прыклад, то ў раё­не цяпер шмат ваенных, якія ахвотна працуюць з дзецьмі, трэба карыстацца гэтай магчымасцю.


Ніна Рыбік:
– Напэўна, кожны нармальны мужчына імкнецца стаць для сваіх дзяцей добрым бацькам. А што азначае ў вашым разуменні быць добрым? Даць дзецям прэстыжную адукацыю? Забяспечыць іх матэрыяльна? Навучыць забіць праславуты цвік? Дапамагчы разабрацца ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях? Ці што яшчэ?
Алена Свешнікава:
– Ёсць такая кніга – «Пять языков любви». Дык вось, разуменне таго, што такое добры бацька, залежыць ад таго, якая ў чалавека мова любові. Для некага гэта час, праведзены з дзецьмі, для іншага – падарункі, трэцяга – адукацыя…
Для мяне вельмі важным было, што бацька праводзіў са мной час. Гэта здаралася рэдка, але запомнілася на ўсё жыццё. Аднойчы мы, я і брат, засталіся з ім на дачы, мама чамусьці не змагла прыехаць. Бацька з кулінарыяй – на «вы» і шэптам, есці не было чаго. Мы пайшлі на рэчку, налавілі верхаводак, насмажылі іх, залілі яйкамі – якая гэта была смаката! Памятаю, як ён катаў мяне, малую, на матацыкле: пасадзіць на бензабак – і імчым па полі! Можа, таму я і цяпер люблю пах бензіну. Бацька навучыў мяне некаторым прыёмчыкам барацьбы, каб я магла сябе абараніць. Здаецца, дробязі, але запомнілася на ўсё жыццё. 
А для некага добры бацька – той, хто падорыць дарагі падарунак. Ці той, хто ўвесь час хваліць, – мой, да слова, быў скупы на пахвалу.
Тым не менш, ёсць такі жарт: любому чалавеку пасля трыццаці ёсць што расказаць псіхатэрапеўту пра сваіх бацькоў. Усе роўна добрым заўсёды не будзеш. Да таго ж адказ на пытанне, што такое добра і што такое дрэнна, у бацькоў і ў дзяцей можа быць розны. Мне вось нядаўна малая заявіла, што мы з бацькам няправільна іх выхоўваем. Я прапанавала ёй пагаварыць на гэтую тэму гадоў праз 30-40.
Ніна Мажэйка:
– Перад Днём настаўніка ксёндз Андрэй у касцёле віншаваў педагогаў са святам і сказаў, што добры настаўнік – не заўсёды ДОБРЫ, у сэнсе – ён не павінен быць добранькім. Тое ж тычыцца і бацькі: ён можа быць строгім, але павінен быць справядлівым. Калі б мяне спыталі ў 20 гадоў, які тата – добры, і цяпер, калі мне 56 і бацькі ўжо няма, адказы былі б рознымі. 
Нядаўна мы з малодшым сынам пра гэта гаварылі. Я сказала, што адчуваю віну, што не магу дапамагчы: у яго няма ўласнага жылля, здымае кватэру. А ён адказаў: «Мама, я дарослы чалавек і сам павінен клапаціцца пра сваю сям’ю, не перакладваючы свае клопаты на бацькоў». І я адчула гонар, што ён так адказаў. 
Хоць я разумею, што маім дзецям не хапала бацькі. Ёсць новы фільм «Родныя», там група «Любэ» спявае песню са словамі: «Сядем с отцом, сядем вдвоём, на крылечке до утра поговорим о том, о сём…» Мне здаецца, што вось гэта – самае галоўнае: калі ты можаш пагаварыць з бацькам пра тое, што баліць. Не паскардзіцца, не грошай папрасіць, а расказаць пра тое, што ідзе з глыбіні душы. І ведаць, што цябе зразумеюць, абдымуць, падтрымаюць, скажуць: «Нічога страшнага! Ты – жывы, я – жывы, мы справімся!» Можа таму, што мне самой гэтага не хапала, я размаўляю з дзецьмі пра ўсё. Але мне здаецца, што для іх вельмі важна пагаварыць так, па душах, менавіта з бацькам. 
Валерый Свешнікаў:
– Апошнія 20 гадоў час і грошы мы інвесціравалі ў вандроўкі, разнастайныя паездкі. І толькі адзін раз за гэты час я паехаў за мяжу адзін, заўсёды – альбо з жонкай, альбо ўсёй сям’ёй. За гэты час мы аб’ехалі больш за 50 краін, дзеці бачылі ўсю Еўропу, не кажучы ўжо пра Турцыю, Егіпет, Крым. У нас сабраны цудоўны фотаархіў – спадзяюся, што і ў памяці ў іх засталіся незабыўныя ўспаміны. Яны былі ў Дыснейлэндзе, да пандэміі мы чатыры гады запар ездзілі ў Германію на Ражаство: калядныя кірмашы, горад майстроў, дзе на тваіх вачах вараць нугу, пякуць пернікі, выдуваюць шкляныя фігуркі…
Для гэтага, вядома, трэба спланаваць адпаведным чынам сваю работу, каб на ўсё гэта былі грошы і час. Я шчаслівы, што ў нас ёсць і тое, і другое. 

Алена Севасцьян:
– Мне здаецца  што справа нават не ў фінансавых магчымасцях, якія ёсць у сям’і. Яны розныя: нехта можа адвезці дзяцей у Дыснейлэнд, нехта – толькі на Янаўскае вадасховішча. Але добры бацька, на мой погляд, – той, які ўмее пабудаваць блізкія адносіны з дзецьмі. Калі дзіця давярае бацьку, то гэта ўжо азначае, што ён добры. 
Мне пашанцавала, у мяне былі вельмі блізкія эмацыянальныя адносіны з татам. Хоць сам ён вельмі рана, у 4 гады, застаўся без бацькі, але нашым выхаваннем займаўся ён. Тата быў са мной і ў школе, і ў інстытуце. І сёння, калі яго так раптатоўна не стала, мне яго вельмі не хапае… 
Георгій Савіцкі:
– Я не ведаю, які я бацька, доб­ры ці не вельмі. Пакуль я толькі вучуся. Але хачу стаць добрым!
Але мне здаецца, што сапраўдны бацька павінен быць адказным за сваю сям’ю, трымаць слова: абяцаў – зрабі!
Сёння гаварылі, што цяпер у мужчын больш часу, чым было раней – але і жаночую працу значна аблегчылі сучасныя бытавыя прыборы і тэхніка. Значыць, можна пасядзець усім разам, пагаварыць. У нас ёсць традыцыя: мы ўсе вечарам п’ём чай і размаўляем. Ефрасіння любіць, калі расказваю пра сваё дзяцінства: як гулялі ў казакоў-разбойнікаў, хадзілі на рэчку – сучасныя дзеці слухаюць гэта, як расповеды пра іншапланецян! А між іншым і якую-небудзь павучальную гісторыю ўзгадаеш, нечаму навучыш.
Генадзь Бычко:
– Успамінаю свайго бацьку. Яго таксама выхоўвала маці: дзед загінуў у 1943 годзе, бабуля, як і Ніна Тадэвушаўна, засталася адна і прысвяціла жыццё дзецям. Але ў той гераічны час было на каго раўняцца, з каго браць прыклад. Духоўна людзі былі нашмат мацнейшыя, чым сёння. 
У дзяцінстве мне бацькі таксама не хапала, бо ён працаваў аграномам, ад цямна да цямна ў полі. Тым не менш, любоў да кнігі мне прывіў менавіта ён – хоць, здаецца, яму і чытаць не было калі. І калі аднойчы нам у школе загадалі вывучыць верш Пушкіна «Во глубине сибирских руд», а ў бібліятэцы кнігі не знайшлося – усе разабралі, я вучыў яго са слоў бацькі – ён памятаў! 
Хоць у яго не хапала часу са мной пагаварыць па душах. Дарэчы, я, мусіць, дрэнны бацька, бо таксама не часта гавару з сынамі…
Алена Свешнікава:
– Нашы бацькі, можа, і рэдка з намі гаварылі, але ж былі святы, застоллі, размовы дарослых – мы слухалі і ўпітвалі: як гавораць, што, як адносяцца да старэйшых, якія традыцыі… 
Алена Севасцьян:
– Так, мы многае можам гаварыць дзецям – і гэта будуць прос­та словы, калі нашы ўчынкі не пацвярджаюць іх. Бацькі павінны не на словах, а на справе паказваць прыклад адносін адно да адного, да іншых людзей, да дзяцей – гэта важней за ўсялякія словы.
Скажам, можна колькі заўгодна гаварыць, што старэйшых трэба паважаць, але калі дзеці не бачаць павагі бацькоў адно да аднаго, да бабуль і дзядуль, іншых людзей – марна патрабаваць гэтага ад іх. 
Успамінаецца адна размова з бацькам. Аднойчы я сказала, што ёсць людзі, якіх няма за што паважаць. «Гэты чалавек старэйшы за цябе? Значыць, ён больш пражыў, больш ведае – і таму заслугоўвае павагі», – адказаў тата. Яго словы я запомніла на ўсё жыццё. 


 Ніна Рыбік:
– Усе ведаюць словы пра тое, што мужчына павінен пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выгадаваць сына. А што, па-вашаму, ён павінен зрабіць, каб звацца бацькам?
Валерый Свешнікаў:
– Я заўсёды марыў пра вялікую сям’ю. І калі мы ўжо былі ва ўзросце і свае дзеці падраслі, жонка прапанавала ўзяць дзяцей з дзетдома і ўсынавіць іх. Цяпер у нас восем дзяцей – і я ўпэўнены, што бацькоўства – гэта найлепшы сацыяльны праект! 
Алена Севасцьян:
– Бацька павінен быць прыкладам для сваіх дзяцей. Забяспечыць упэўненасць усіх членаў сям’і ў заўтрашнім дні, у сваіх паводзінах, у тым, што яны не зменяцца ні ў якім разе, – тады і жанчына можа будаваць сямейны ачаг, падтрымліваць у доме ўтульнасць, клапаціцца пра дабрабыт. Ён павінен удзяляць час дзецям, не спісваючы пытанні выхавання на жонку. І ва ўсім пачынаць з сябе, памятаючы, што нашы паводзіны – люстэрка для дзяцей.
Георгій Савіцкі:
– Многія пра гэта забываюцца, лічаць другарадным, няважным, а гэта – самае галоўнае: бацька перш за ўсё павінен навучыцца маліцца і навучыць гэтаму дзяцей. Хоць бы «Ойча наш» разам з сям’ёй пачытаць. І тады ўсё ў жыцці зменіцца да лепшага. 
Алена Свешнікава:
– Галоўная якасць бацькі – адказнасць. І выкананне абяцанняў. Бо нездарма кажуць, што падораны падарунак могуць і забыць, а непадораны запомняць на ўсё жыццё.
 Гэта, дарэчы, тычыцца не толькі добрага бацькі, але і мужа. 
Генадзь Бычко:
– Я адкажу адным словам: усё!
У дзеда з бабай, матчыных бацькоў, было пяцёра дзяцей. Калі ўсе пажаніліся, нарадзіліся ўнукі, то за сталом збіралася 22 чалавекі. І месца ўсім хапала! Усё рабілі разам: і працавалі, і адпачывалі. Была моцная духоўная повязь усіх родных. 
Дык вось, калі ты змог сабраць такую суполку, дзе і маліцца ёсць з кім, і работу рабіць, і песню заспяваць, калі да цябе ідуць дзеці, любяць унукі, і твой дом – СЕМ Я, а не ты адзін – цэнтр Сусвету, то, значыць, ты можаш звацца бацькам. 

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик