Якія паштовыя паслугі запатрабаваны ў астраўчан

15:14 / 09.10.2022
Якія паслугі пошты сёння найбольш запатрабаваны ў насельніцтва? І як яны ацэньваюць работу паштавікоў? Пра гэта рэпарцёр «АП» спытаў у жыхароў горада і раёна.

Наталля Волк-Леановіч,  Астравец:

– Штомесяц з Бабанішак прыходжу ў паштовы кіёск, што ў мікрараёне Валадарскага, – сюды мне бліжэй і зручней. Аплачваю ўсе паслугі, выпісваю «СБ» і «Астравецкую праўду». Падпіску афармляю на месяц –  не так адчувальна для бюджэту, ды і не забу­дзешся, калі выпісаць. Мне падабаецца, як абслуговае кліентаў Наталля Чарняўская, якая працуе тут: заўсёды ветлівая, добразычлівая, кампетэнтная.
Час ад часу, калі трэба адправіць ці атрымаць пасылку, завітваю і ў цэнтральнае паштовае аддзяленне – таксама не маю нараканняў на работу яго супрацоўнікаў.


Станіслаў Памецька, Варона:

– Раней выпісваў шмат газет: «СБ», «Аргументы і факты», часопісы па кветкаводстве, хатніх нарыхтоўках. Цяпер паштальён кла­дзе ў паштовую скрынку толькі «Астравецкую праўду». Кожны тыдзень выразаю з «раёнкі» «Каляндар надвор’я», цытату дня, розныя цікавыя інфармацыі. Раней збіраў маркі, таму шмат пасылаў лістоў у Расію, у краіны дальняга замежжа – а сябры па захапленні, у сваю чаргу, прысылалі мне. Але цяпер гэта дарагое задавальненне для пенсіянера.

На пошту хаджу рэгулярна: атрымліваю пенсію, аплачваю паслугі, часам набываю тавары першай неабходнасці. У нашым аддзяленні шмат гадоў працуе Галіна Кавалеўская – цудоўная жанчына, кожнага кліента сустракае і праводзіць з усмешкай.


Часлава Адахоўская, Гервяты:

– Частку паслуг, якія раней аплачвала на пошце, перавяла ў інтэрнэт-банкінг –  хутчэй і зручней. І пенсію мне залічваюць на картачку, толькі муж застаецца прыхільнікам наяўнасці, па-ранейшаму атрымлівае грошы ў паштовым аддзяленні. Перыядычных выданняў цяпер выпісваю менш: раённую газету, час ад часу – «СБ». Ад часопіса па вязанні «Ксюша», які раней быў маім ня­зменным спадарожнікам, адмовілася –  сёння ўсё можна знайсці ў інтэрнэце.

Але на пошту заходжу рэгулярна, нават калі няма асаблівай патрэбы. Адзінаццаць гадоў была загадчыкам у Гервятах, усё мне тут роднае і знаёмае. Рада, што наша паштовае аддзяленне ўзначальвае добры спецыяліст і прыемная жанчына Таццяна Тальчук. Люблю пагаварыць з ёй, пра справы, навіны распытацца. Калі бываю ў Астраўцы, у Варнянах, Міхалішках, таксама не абмінаю паштовыя аддзяленні – прыемна сустрэцца з былымі калегамі, пагутарыць.

Калі можна, павіншуйце нашых работнікаў, былых і сённяшніх, з Сусветным днём пошты. Здароўя ўсім і дабрабыту! 


Людміла Багачова, Быстрыца:

– Раней у нашай вёсцы было паштовае аддзяленне, цяпер жа мы «прыпісаны» да Трокеніцкага. Але паштальён засталася ранейшая – Аня Дэнюш. Які гэта цудоўны чалавек, вам не расказаць! Газеты прыносіць своечасова – і заўсёды нагадае, што трэба выпісаць на чарговы тэрмін. Тавары, што ні папросіш, прывязе да самой хаты. І пенсію яна нам дастаўляе, і паслугі з яе дапамогай аплачваем. А калі, здараецца, тэрмінова трэба грошы на тэлефон палажыць, то Аня сваімі заплаціць, толькі потым разлічышся. І ўвогуле яна вельмі прыязная, усмешлівая: пагамоніць з намі, пажартуе, навіны раскажа. Яна – наш добры анёл! 


Вольга Батаніна, Астравец:

– У Астраўцы я жыву не так даўно, але дарогу ў паштовае аддзяленне добра ведаю. Часта заказваю тавары ў інтэрнэт-магазінах – гэта зручна і выгадна, а пасылкі, як правіла, прыходзяць па пошце. Падабаецца, як арганізавана работа: аддзяленне працуе ў абедзенны перапынак і пасля заканчэння працоўнага дня, а таксама ў суботу і нядзелю, не трэба зрывацца з работы, каб забраць пасылку. Значна палепшыла абслугоўванне сістэма электроннай чаргі. Работнікі ветлівыя і прыязныя. Да астравецкай пошты ў мяне няма прэтэнзій.



Текст: Нина Рыбик