Жыццёвая гісторыя: ці кожнай маці варта дзякаваць

15:00 / 25.08.2022

– А цяпер, маладыя, пакланіцеся да зямлі сваім бацькам, якія вас нарадзілі, выхавалі, дзялілі з вамі ўсе беды і радасці, да якіх вы беглі з кожнай сваёй праблемай, ведаючы, што заўсёды сустрэнеце дапамогу і падтрымку… Гэта самыя блізкія і дарагія вам людзі, і ўдзячнасць ім вы павінны пранесці праз усё жыццё.
Адзін з самых кранальных момантаў цырымоніі рэгістрацыі шлюбу. Рэдка якая матуля ў гэты момант не змахне слязінку, пазіраючы на схіленую ва ўдзячнасці галаву сына ці дачкі… Ды і хваляванне мужчын, якія з усіх сіл стараюцца стрымацца, выдаюць жалвакі… 
***
…На тым вяселлі маці не плакала. Жанчына ў дарагой святочнай сукенцы яўна з чужога пляча некалі, відаць, вельмі прыгожая, сядзела, адвярнуўшыся ад сціпла апранутага мужчыны, усім выглядам паказваючы, што бацька яе сына ёй – ніхто, і з гонарам паглядвала на гасцей. Яе шматгадовы лад разгульнага жыцця выдаваў адпаведны колер твару, які не ў стане быў схаваць нават тоўсты слой танальнага крэму і пудры. Позірк маці без слоў крычаў: бачыце, якога я сына выгадавала?! Дуб! А вы некалі мяне бэсцілі…
Госці – радня, суседзі, большасць з якіх добра ведалі гэтую сям’ю, – апускалі галовы ці адводзілі позірк. 
…Яны памяталі, як некалі крычаў сын, калі маці, вярнуўшыся дахаты позна вечарам моцна п’янай, замест таго, каб пакарміць малога, праверыць урокі ці проста прылашчыць, бязлітасна лупцавала яго. За што? За ўсё! За тое, што парваў штаны – «Мамачка, я незнарок, паслізнуўся і ўпаў, а там дошка з цвіком, я нагу параніў…» Што не купіў малака – «Мне грошай хапіла толькі на хлеб!» Што не памыў посуд – «Я не паспеў, зараз памыю, толькі не бі, мамачка!» 
Хоць на самой справе – за тое, што бацька яго, калі зразумеў, што жонку з алкагольнай багны не выцягнуць, баючыся скаціцца следам, пакінуў яе. Яе, першую прыгажуню ў вёсцы, за якой хлопцы табуном хадзілі, якую ён некалі так любіў, так доўга і настойліва дамагаўся, з якой быў такім шчаслівым! Здраднік! Маладосць яе загубіў! Сам сышоў – а іх з сынам пакінуў?! Так, хацеў забраць малога – прасіў, нават у суд падаваў. Але хто яму аддасць? Яна – маці, і сама будзе выхоўваць сына! А яго хай усё жыццё грызе сумленне!
Сын нікому не жаліўся. І ніколі, нават у спякоту, не насіў шорты і майкі – хаваў пад доўгімі рукавамі сарочкі і калашынамі штаноў пісягі ад тоўстага скуранога рамяня – яны ніколі не сыходзілі з рук, ног, плячэй, жывата, толькі колер мянялі: то чырвоныя, то сінія, то жоўтыя. Баяўся, што калі даведаюцца, то маці пазбавяць бацькоўскіх правоў – і тады яго адправяць у дзіцячы дом. Нават бацьку, калі той зрэдзьчасу прыязджаў, прывозіў грошы і гасцінцы ў дадатак да шчодрых аліментаў, якіх маці ўсё роўна не хапала, нічога не расказваў. Так, тата, магчыма, забраў бы яго ў сваю новую сям’ю, не раз прапаноўваў – але ж тады мама зусім прападзе! Ён вытрывае…
Сын трываў. Стараўся вучыцца – чэпкай памяці і прыроднай кемлівасці хапала, каб кампенсаваць недахоп часу і магчымасцей для выканання хатніх заданняў, усё стараўся схапіць у школе, дарабіць на перапынках ці падчас «фортачак». Марыў паступіць ва ўніверсітэт, каб вырвацца з хатняга пекла. І хоць факультэт выбраў з конкурсам пад дзясятак чалавек на месца і з рэпетытарамі не займаўся – хто б ім плаціў, тым рэпетытарам? – прайшоў праз густое сіта жорст­кага адбору. Маці потым тыдзень беспрабудна піла і крычала з балкона на ўвесь двор: «Глядзіце, якога я сына выгадавала! Адна, без мужа! А вы казалі, што я дрэнная маці!»
…Ён вывучыўся, вярнуўся ў родны горад, уладкаваўся на прэстыжную работу. Пазнаёміўся з харошай сціплай дзяўчынай. За год, што сустракаліся, сабраў грошай, каб справіць сапраўднае вяселле, пра якое марыла яго абранніца: з белай сукенкай, лімузінам, феерверкамі… 
І цяпер вось…
– Пакланіцеся да зямлі сваім бацькам…
Сын ловіць вінаваты позірк бацькі, пераможны – маці, яны з нявестай нізка-нізка кланяюцца… 
Ён думае аб адным: «Толькі б яна стрымала слова, не напілася і не ўчыніла скандал… Толькі б не напілася!»

Текст: Нина Рыбик
Фото: из интернета