Якім было надвор’е 17-23 жніўня

17:00 / 23.08.2022

Жнівень сёлета заканчваецца спякотай, нібы хоча сагрэць нас, наталіць да самага донца, да кожнай клетачкі шчодрым сонцам перад немінучай восеньскай слатой ды зімовымі халадамі. Для жнеяроў гэта ў радасць, а для тых, чый арганізм цяжка пераносіць гарачыню, – сапраўднае выпрабаванне. Ды нездарма кажуць: калі табе дрэнна – паглядзі на тых, каму горай. Еўропа пакутуе ад яшчэ большай спёкі і засухі. Так што, мусіць, сапраўды Беларусь Бог любіць.
А якім быў апошні тыдзень лета ў іншыя гады? Пра гэта можна даведацца, гартаючы дзённікі надвор’я Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі
Гэткае ж, як сёлета, сухое і спякотнае надвор’е з тэмпературай вышэй за +300С стаяла ў гэтыя дні ў 1992, 1996, 2002 гадах. 29 жніўня 1996 года Стэфан Рамэйка запісаў: «Вялікая суш. Трава сохне. Зямля трэскаецца». 
Хоць усё ж часцей напрыканцы жніўня ў паветры ўжо пахне восенню – і адпаведныя тэмпературы нагадвалі пра яе хуткі надыход. У 2007 годзе, да прыкладу, 23-24 жніўня яшчэ стаяла 30-градусная спякота, а заканчваўся месяц з тэмпературамі ў межах +200С, ноччу і ўвогуле толькі +80С. У 1989 годзе ў апошні тыдзень лета было дажджліва і холадна, тэмпература складала +15-160С. У жніўні 2005 года Стэфан Рамэйка запісаў: «На бульбе поўныя барозны вады, згніе бульба. У хляве і ў варыўне ў яме поўна вады». Напрыканцы жніўня 2006 года Стэфан Міхайлавіч даваў такі ж прагноз: «Зямля ад дажджоў раскісла. Пагніе бульба». 
Не нашмат цяплейшымі выдаліся 1990, 1991, 1993, 1994, 1998, 2000, 2001, 2003, 2010, 2012, 2013, 2014 гады – дзённая тэмпература трымалася ў межах +200С.

Народныя прыкметы
28 жніўня праваслаўныя адзначаюць свята Успення Прасвятой Бага­родзіцы, у народзе – Прачыстая, Спажа. Лічылася, што да гэтага свята павінна закончыцца жніво – «Святая Прачыста – усё поле чыста». У гэты дзень у царкве асвячалі хлеб са збожжа новага ўраджаю і само зерне, яго потым змешвалі з астатнім насеннем і пакідалі для сяўбы.
Лічылася, што калі селянін да Прачыстай паспяваў не толькі сабраць хлеб, але і заараць поле, то на наступны год будзе мець добры ўраджай.

Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК. Фота сям'і Штура.