Якім было надвор’е 17-23 жніўня

10:34 / 17.08.2022
Яшчэ, яшчэ… Яшчэ абдымае нас шчодрым цяплом ласкавае, часам спякотнае сонейка; яшчэ буяюць кветнікі і спяшаецца вытрасці з прыполу ўсё, што нарасціла за незаўважна кароткія летнія месяцы, маці-зямля…

Але… Але ўжо карацейшы дзень і халаднейшыя ночы, і брыльянтавыя крышталікі ранішняй расы абпальваюць сваёй сцюдзёнасцю босыя ногі, а жоўтыя пасмачкі першай сівізны ўплятаюцца ў зялёную чупрыну дрэў…

Што ж, у народзе кажуць: прайшоў Спас (19 жніўня) – бяры рукавічкі ў запас.

Якое надвор’е ў розныя гады стаяла на працягу трэцяга тыдня жніўня, сведчаць запісы ў дзённіках надвор’я Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі.
Часта ў гэты час яно было нестабільным, тэмпература вагалася ў межах дзесяці градусаў. Да прыкладу, у 1991-м тыдзень пачынаўся з 30-градуснай спякоты, а заканчваўся тэмпературай +200С. Гэтаксама, ад +300С да +210С, на працягу тыдня скакала тэмпература ў 2004, 2006, 2007, 2020 гадах.
А ў 1990-м было холадна: 18 жніўня – толькі +150С, такую ж тэмпературу зафіксаваў Стэфан Рамэйка 20 жніўня 1992 года. У межах +200С трымалася тэмпература ў гэты час у 1991 і 1994 гадах. 

У 1993, 1998, 2014, 2021 гадах было не толькі холадна, але і дажджліва. У 1993-м  Стэфан Рамэйка пісаў, што 19 жніўня абмалацілі камбайнам жыта, а затым кожны дзень бедаваў, што мокне салома. А ў 1998 годзе запісаў, што з-за дажджоў не накасіў атавы.

У 2000-м у гэты час частымі былі навальніцы – з громам, бліскавіцамі і моцнымі дажджамі.

У 1996 годзе, наадварот, стаяла спякотнае, да +300С і вышэй, ціхае, бязвет­ранае і сухое надвор’е. Горача, хоць і не настолькі, было ў 2001, 2018, 2019 гадах.

У гэты час збіраюцца ў чароды птушкі, рыхтуючыся адлятаць у вырай. 17 жніўня 2011 года Станіслаў Памецька запісаў, што праехаў на веласіпедзе па лесе па маршруце Варона – Перавознікі – Свіраны – Літвяны – Варона і каля хутара Падліпяны налічыў на полі 74 буслы. А 21 жніўня ён бачыў чараду буслоў з 230 асобін, якія ляцелі на захад.

Народныя прыкметы

Яблычны Спас лічыўся часам адлёту буслоў. Калі белакрылыя птахі пакідалі радзіму на тыдзень раней, то зіма чакалася ранняй і марознай, а вясна – дружнай і цёплай. Калі ж буслы адляталі пасля 19 жніўня, то восень чакалася цёплай, зіма – позняй, а вясна – халоднай.

Прыкмячалі: якое надвор’е на Спаса – такім яно будзе і на Пакровы (14 кастрычніка).

Лічылася, што пасля Яблычнага Спаса можна сеяць азімае жыта.


Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.



Фото: Алёна Ганулич