Якім было надвор’е ў першы тыдзень жніўня

11:00 / 02.08.2022
3-9 жніўня

Здаецца, толькі нядаўна мы чакалі-віталі прыход лета, марылі пра сонца, цяпло, адпачынак, садзілі-палолі грады – а вось ужо і жнівень надышоў з яго роснымі ды туманнымі ранкамі, водарам саспелай збажыны, варэннямі ды марынадамі. 

Цікава даведацца, якім быў пачатак жніўня ў розныя гады? То давайце зазірнём у дзённікі надвор’я Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі.
У 1989-м пачатак трэцяга месяца лета выдаўся сырым і халодным: першую дэкаду штодня ішлі дажджы, тэмпература +15-180С. «Камбайны стаяць», – канста­таваў галоўную асаблівасць таго года Стэфан Рамэйка. Прыкладна та­кім жа, халаднаватым і дажджлівым, бы­ло ў гэты перыяд надвор’е ў 1990, 1998, 2005, 2006, 2021 гадах.

У 2002-м, наадварот, было вельмі суха. «Усюды ідуць дажджы, – пісаў Стэфан Рамэйка. – А ў нас паліць. Бульба вяне, сохне.»

У 1994 годзе жнівень пачынаўся са спякотнага надвор’я: слупок тэрмометра штодня падымаўся да +300С, а часта – і вышэй. Гарачым быў першы тыдзень жніўня і ў 2004, 2015, 2018, 2020 гадах.

Народныя прыкметы

7 жніўня па праваслаўным календары – Ганны. Па надвор’і ў гэты дзень вызначалі, якой будзе зіма: халодная раніца абяцала, што і зіма чакаецца суровая. Часам удакладнялі: якім будзе ў гэты дзень надвор’е да абеду – такой і зіма ў снежні, а пасля абеду варажылі на студзень і люты.

Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.


Фото: Вероника Бойкова