Чым лечыць свае балячкі 90-гадовая Станіслава Андрушкевіч – адна са старэйшых жыхароў вёскі Лазоўка

10:32 / 02.08.2022
Станіслава Францаўна Андруш­кевіч –  адна са старэйшых жыхароў вёскі Лазоўка, ёй хутка споўніцца 91 год. Але, не ведаючы пра лічбы ў пашпарце, пра гэта ніколі не здагадаешся. Жанчына яна жвавая, рухавая, працавітая. У гародзе – ні травінкі, кветнік з ранняй вясны да позняй восені вабіць яркімі фарбамі: у суседзяў ужо даўно ўсё пажухне – а ў бабы Стасі цвіце! Як і яе ўсмешка… 

І гэтаксама з першага погля­ду не здагадаешся пра выпра­баванні, што выпалі на долю Станіславы Францаўны за доўгае жыццё: вясёлая, пазітыўныя, яна не любіць скардзіцца. Затое ўмее пажартаваць, паспяваць, цікавую гісторыю расказаць. 

З такім чалавекам пагамоніш – розуму набярэшся і душой адагрэешся.

Зрэшты, калі цікава, паслухайце-пачытайце (мы імкнуліся захаваць асаблівасці гаворкі гераіні) – і самі зрабіце высновы…



Радзіна

– Мае дзяды багатыя былі. Зямлі шмат мелі, жывёлы – 10 кароў трымалі. 

Калі тата з мамай ажаніліся, дзед даў ім 6 гектараў каля Міндзян, у Гурэлях.

Разжываліся з мазаля. У таты рукі былі залатыя, усё ўмеў. Зробіць калёсы – прадасць, вось і капейчына. Адкупілі баню ад паноў – паставілі хатку маленькую. Потым тата пабудаваў новую хату, а ў той, старой, быў хлеў.

І дзяцей было ладне. Першай Веранічка нарадзілася. Яна доўга не жыла, памерла ў 6 месяцаў. Перада мной брат, а тады ўжо я. Дзевяцёра нас засталося – трое хлапцоў, шасцёра дзяўчат. І ўсе доўгажыхары! Адна толькі сястра памярла ў 88 гадоў, а так усе, дзякаваць богу, жывыя. 

Вайна

– Пра вайну мала што помню. Памятаю, як станцыю бамбілі. І як яўрэяў выгналі, і яны колькі часу жылі ў Гурэлях, у лесе каля нашай хаты. Мы, дзеці, насілі ім ваду. Мама калі яшчэ і бульбачкі якой зварыць, выпраўляе: аднясіце, галодныя ж людцы. А то пасцілку якую ці падушачку перадасць. А яны нам – стужачку ў косы... Што мелі. 

Адна дзяўчынка, яўрэечка, з намі на печы хавалася. Нас, дзяцей, шмат, як бобу ў стручку, яна сярод нас зашыецца, сядзіць, як мышка. Баяліся, вядома, – калі б знайшлі, то ўсю сям’ю расстралялі б. Бог сцярог… Не ведаю, куды тыя яўрэі з лесу падзеліся…

Памятаю, як немцы на работу ганялі: я рослай была, у дзяўчыну ўбіралася. Пуці на чыгунцы ад снегу чысцілі, ямы капалі.

А як страшна было вайной! Ужо як немцаў пагналі. Каля нас дарога з Вільні праз Дайноўку, далей – на Гудагай і на Ашмяну. Як цёмная хмара, ішлі войскі. І танкі. Хату акружыўшы… А я была захварэўшы, і сястра, і брат старэйшы: гарачка, у Ашмяну нас вазілі. То на нашу хату прыбілі карту – «Тыф». І немцы да нас не заходзілі, баяліся… Можа, тое і ўратавала. У суседзяў хату спалілі.

За мужам

– Пасля вайны ўсім цяжка жылося. Адзец­ца хацелася прыгажэй – а ў што? Лён сеялі, пралі, ткалі – нешта з палатна пашыеш. Я нават бюсцік сабе была звязаўшы з ільняных нітак.

Я дзеўкай харошая была! Усе казалі, што красівая. І хлопцаў мела. Адзін дык так даваўся за мной! А высокі, а красівы! Стаў да мяне прыходзіць… Ладне часу хадзіў: прыйдзе, пасядзіць дый пойдзе. А неяк вечарам выходзіць з хаты бацька і будзе казаць: «Ведаеш, пан Антоні, можаш ісці дахаты. У мяне для цябе дзевак яшчэ няма». А ён: «Добра, пан Гуневіч». І пайшоў. А мне – як па зубах… 

А Юзік Андрушкевіч з вайны прыйшоў. Яго забралі ў войска, а там і вайна пачалася. У акружэнне трапіў, у палон. Нагараваўся ў лагеры. Не кармілі, казаў, аніяк. З многіх тысяч толькі 80 чалавек жывымі засталіся.

Яго доўга ветэранам не прызнавалі – у палоне ж быў. Гэта ўжо пазней сталі медалі даваць. Кожны год да дня Перамогі віншаванкі прысылалі, кветкі дарылі. Цяпер, сын казаў, у Маскве вісіць, дзе ўсе ветэраны.

Ён да вайны польскую школу скончыў, курсы яшчэ нейкія, рускую мову трохі знаў. Граматны! Кладаўшчыком яго ў калгасе паставілі. Мусіць, бацьку майму які ворак жыта прывёз. Са старшынёй калгаса прыехаў у сваты. Чэсць! Бацька: ідзі за яго! А я не хачу… Не пара ён мне быў – на дванасця гадоў старэйшы. І не любіла... Але дзе ж ты бацьку не паслухаеш? Мяне ўжо да вяселля апранаюць, музыканты ў хаце, а я плачу… Хацела ў лес уцячы. 
Але ж пайшла. І пражыла. Не сказаць, каб добра. Усяляк было... А перад смерцю рукі цалаваў, дзякаваў. Пятнасця гадоў ужо, як ён памёр. А я жыву…

Праца

– У калгасе «Шлях Леніна» ўсё жыццё працавала. Перш за трудадні. Якія там заробкі… Але я надта ж любіла работу! Каторы глядзіць, каб дзе захіліцца, пасядзець ці паляжаць, а мне – абы рабіць! Няважна, колькі заплацілі. Перш на палявыя хадзіла. Потым свіней карміла, кароў даіла. А апошнім часам рабіла на брошках, у падсобным цэху. Адтуль і на пенсію пайшла. 

Аднойчы мне за харошую работу далі пуцёўку. Мужык не пускаў. Грошай не даў ні капейкі. І меншы сынок малы яшчэ. А Ядзя, дачушка, кажа: «Едзь, мама. Я Вовачку глядзець буду».

У Лідзе нас сабралі на поезд. З нашага раёна толькі я і яшчэ адна жанчына з Вароны, мы з ёй у купэ разам былі. Цэлы месяц нас вазілі – Азербайджан, Арменія, Грузія. З поезда выходзім – нас адразу ў аўтобус. Усё паказвалі. Горы бачыла. І мора. Кацер падышоў, нас пасадзілі, павезлі туды, дзе дэльфіны выступалі. Усяго пабачылі. Весела было. Чые імяніны – адзначалі. Маладыя ўсе, каторыя там і жаніліся. У кастрычніку паехалі, я боты надзела. А там цёпла, гартэнзіі цвітуць. Пакуплялі басаножкі. У нас золата не было, а там свабодна. Хто меў грошы, куплялі. І мне пазычылі – я два кальцы дзецям купіла.

Сям’я

– Дзяцей траіх выгадавала, двух сыноў і дачушку. Старэйшыя, Грыша і Ядзя, тут, у Астраўцы. А меншы, Валодзя, у Маскве служыў, знайшоў там дзяўчыну і застаўся. Але ўсе прыязджаюць, дапамагаюць. На хляве вецер крышу здзёр, то сын з Масквы прыехаў і ўнук з Астраўца, перакрылі. Мне той хлеў і не трэба, нічога ўжо не трымаю, але ж неяк ад людзей некрасіва.

Я ўсё жыццё трымала жывёлу. Кароўку толькі гадоў з дзесяць таму назад збыла, як аперацыю цяжкую зрабілі. І цяпер хочацца, хоць бы курачак. Ды дзеці сварацца. Бульбы і той пасадзіць не даюць. Прыехалі ўвесну Грыша з унукам, пакуль я з хаты выйшла – яны ўжо назад ідуць. «Усё, – кажуць, два кашы пасадзілі, хопіць з цябе…» Ну што ты будзеш казаць?!

Унукаў шэсць маю. Файныя ўсе! Любяць мяне. Хто адкуль едзе, заязджаюць: «Як ты тут, бабуля?» Самы старэйшы, Ядзін сынок, Саша, у Астраўцы, гэта ён з Валодзем хлеў крыў. А Паша Ядзін паступіў пасля школы ў Ленінград у ваенную акадэмію, цяпер у Архангельскай вобласці, палкоўнік, вялікі начальнік. Адна ўнучка – музыкант, Света Краснова, мо, ведаеце? Грышаў сын у Ваўкавыску, а дачка яго тут, на атамцы працуе. У Валодзі адзін сын, у Маскве жыве. Жанаты ўжо, дачушку мае, Аняй завецца.

У мяне ўжо трынасця праўнукаў – ці паверыце? Люблю ўсіх… Во гэту хустку праўнучка прывезла – праўда, харошая? Старэйшаму праўнуку 28 гадоў. Хай бы ўжо і жаніўся. Дзяўчыну харошую мае… Мо, яшчэ і прапрабабуляй стала б…

Песні

– Спяваць я заўсёды любіла. Песень многа знала. І вясёлых, і сумных. Выступаць звалі, але не хацела. Мужык раўнівы быў… 

З-за песнь, мусіць, і прыглохла. Хадзіла па нябожчыках спяваць. Мо, дзе калі і завеяла на магільніку…

Частушкі люблю. (Спявае) 

Мілый бросіл – напляваць, 
На падстаўку такіх пяць.
Неужэлі із пяці 
Мне мілога не найці?

А гэтая пра мяне сённяшнюю:

Што-та голасу не стала, 
Што-та голас улецел, 
Пад кудравую бярозку,
Дзе мой міленькі сядзел.

А найбольш гэту люблю:

Не пайду цяпер у аптэку 
І ні к якаму ўрачу, 
Я цяпер свае балячкі 
Толькі песнямі лячу.
 
Мае гады…

– Бог яшчэ дае пажыць Але я ўжо і не хачу, калі па праўдзе. Старасць – гэта такая цяжолая жысць… Ногі, спіна – усё баліць. Учора нахадзілася – красіла, потым у гародзе капалася, лазню выпаліла – чуць дайшла да хаты. Узлезла на печ і заснула, не чула, як і сынок прыйшоў.

Але ж пакуль яшчэ на сваіх нагах. Агародзік, хату, сама сябе дагледжу. 

Ці доўга я тут яшчэ буду? Думаю, там (паказвае ўгору) дакументы ўжо гатовяць… Падпісаць толькі ў галоўнага трэба. Чарга, мусіць, доўгая... Ці ў абшчажыціе ордэр яшчэ не далі… (Смяецца)

Калі назад азірнуцца, то гора ў жыцці было болей, чым радасці. Але дзяцей маю добрых. І ўнукоў. І за гэта дзякую Богу.

Текст: Нина Рыбик