Якім было надвор’е 27 ліпеня – 2 жніўня

09:04 / 27.07.2022
Гэта толькі здаецца, што адзін дзень падобны на другі, як блізняты. На самой справе, нават у тым выпадку, калі тэмпература паветра некалькі дзён запар была аднолькавай, надвор’е і прыродныя з’явы, калі прыглядзецца больш уважліва, – розныя: адным ранкам у нізінках клубіўся туман, у другі траву шчодра пасерабрыла раса, на трэці вуркатаў гром… Няма аднолькавых дзён – як, зрэшты, і аднолькавых людзей. Пра гэта, апроч іншага, сведчаць дзённікі шматгадовых назіранняў за надвор’ем Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі.

Пасля халаднаватага надвор’я зноў вяр­нулася камфортнае цяпло з дож­джы­ка­мі. З аднаго боку, на час жніва, якое завалодала наваколлем, дажджы не вельмі патрэбны, а з другога – не толькі ўборка на парадку дня земляроба: растуць, просяць цяпла і вільгаці кукуруза, буракі, падымаецца атава. Так што пагодзімся са словамі вядомай песні: у прыроды няма дрэннага надвор’я. І прааналізуем, якім быў на Астравеччыне  канец ліпеня і першыя дні жніўня ў розныя гады. 

У 1989 годзе ліпень заканчваўся даволі высо­кімі тэмпературамі +25-260С з кароткачасовымі ціхімі дожджыкамі. А жнівень пачаўся з зацяжной непагадзі і досыць халоднага надвор’я: слупок тэрмометра не падымаўся вышэй чым +200С. Прыкладна такім жа было надвор’е і ў 1990, 1993, 2016 гадах.
У 1991 годзе ліпень заканчваўся спёкай – «Бульба сохне, нават не зацвіла», – запісаў Стэфан Рамэйка ў сваім дзённіку. Горача, ад  +300С і больш было ў гэты перыяд у 1994, 2001, 2002, 2003, 2005, 2012, 2014, 2018 гадах.

А ў 2000 і 2015 гадах пасярэдзіне лета было халаднавата – не больш +200С.

У 1999-м людзі пакутавалі ад засухі. «Такой сушы ніхто не памятае», – зазначыў Стэфан Рамэйка напрыканцы ліпеня. 

У гэты час звычайна пачыналася жніво. У 1995 годзе Стэфан Рамэйка запісаў «29 ліпеня пачалі сярпамі жаць жыта (Ці многія сёння памятаюць, як гэта, а галоўнае – умеюць трымаць у руках серп? Ды і ці застаўся ён у каго? – Н.Р.) Трэцяга жніўня закончылі. Абмалацілі камбайнам з Вароны 18 жніўня».
Дарэчы, Стэфан Рамэйка часам адзначаў у дзённіку не толькі надвор’е, але і падзеі асабістага і грамадскага жыцця. У ліпені 1991 года ён засведчыў: «Жывёлу людскую і калгасную нідзе не прымаюць. Мяса дарагое і ў магазінах няма. З хлебам вельмі туга.»

НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ

2 жніўня па праваслаўным календары – дзень прарока Іллі. З ім звязана мноства народных прыкмет. Лічылася, што ў гэты дзень абавязкова павінен прайсці дождж, хоць невялікі. Прыказка «Ілля наробіць гнілля» сведчыла, што часта пасля 2 жніўня пачыналіся зацяжныя дажджы.

Іллін дзень успрымаўся як мяжа паміж летам і восенню. «Пятро ўбавіў часок, а Ілля два ўвалок», «Ілля жніво пачынае, а лета канчае». З гэтага дня забаранялі купацца: «Прыйшоў Ілля і ўкінуў у ваду алядня».

Дождж на Іллю абяцаў «ядронае жыта». Цёплы ж і ясны дзень абяцаў, што яшчэ будзе добры сенакос, а спякота прадвяшчала доўгую зіму.


Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.