Якія святы і памятныя даты адзначаюцца 16-22 ліпеня
12:25 / 16.07.2022
115 гадоў (1907) з часу, калі ва ўрачыстай працэсіі ў адбудаваны за год да таго гудагайскі касцёл быў перанесены з Ашмян абраз Маці Божай Гудагайскай. Там ён знаходзіўся з 1832 года – часу закрыцця храма ў Гудагаі. Болей цудатворная ікона не пакідала родную святыню.
15 гадоў (2007) з часу каранавання цудадзейнага абраза Маці Божай Гудагайскай залатымі папскімі каронамі.
30 гадоў (1992) з часу, калі ў Гервятах адбылася сустрэча старшынь Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі Станіслава Шушкевіча і Вітаўтаса Ландсбергіса. Падчас яе абмяркоўваліся пытанні жыцця беларусаў у Літве і літоўцаў – у Беларусі.
400 гадоў (1622) назад сакратар караля Зыгмунта III Вазы Войцех Хлюдзінскі «для сваёй выгады і патрэб падданых» збудаваў у Жалядзях на ўзгорку сярод дубовага гаю для манахаў-кармелітаў, якія пасяліліся тут за год да таго, касцёл. Прывілеем ад 1624 года Хлюдзінскі запісаў у фундуш кармелітам маёнткі Жалядзі, Спонды і Косцевічы (ранейшыя Якубавічы) і невялікія навакольныя засценкі.
Жалядскі касцёл быў філіялам Свірскага. З часам манахі ўзвялі тут цэлы комплекс будынкаў: плябанію з вялікім склепам з бутавага каменя, гаспадарчыя пабудовы, сажалку, добраўпарадкавалі прыродную крыніцу, заклалі парк, сад, адкрылі школу, шпіталь, багадзельню для нямоглых і старых.
200 гадоў (1822) таму ўтварылася Жалядская парафія. Кармеліты пабудавалі новы, больш прасторны касцёл пад вызнаннем Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Войцеха і мучанікаў. Імя Маці Божай Шкаплернай Жалядскі касцёл атрымаў у 1920 годзе.
Святы і памятныя даты
17 ліпеня
Дзень металурга
18 ліпеня
Усесаюзны дзень фізкультурніка
Міжнародны дзень Нэльсана Мандэлы
20 ліпеня
Сусветны дзень шахмат
Сусветны дзень торта
Падрыхтавалі Ніна РЫБІК, Рыта ДРЭМА.