Якім было надвор’е 13-19 ліпеня

14:33 / 13.07.2022
На мінулым тыдні пасля спякотнага і сухога надвор’я нарэшце прайшоў шчодры дождж і гарачыня спала – да радасці адных і буркатні другіх. У лесе з’явіліся лісічкі, спеюць чарніцы. Так што на лета нам скардзіцца грэх, усяго ў ім сёлета хапае: і шчодрага сонца для тых, хто любіць плёскацца ў вадзе ды грэць костачкі, і дожджыкаў для дачнікаў ды агароднікаў.

Якой жа была сярэдзіна ліпеня ў іншыя гады? Пра тое можна даведацца з дзённікаў надвор’я Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі.

Яны сведчаць, што ў 1989 і 1990 гадах макаўку лета сонца не пеставала: тэмпература ледзь падымалася да +200С. У 1990 годзе ў гэты час да таго ж штодня ліло. «Цэлы дзень бязбожны дождж, холадна, вецер, +130С», – запісаў Стэфан Рамэйка 16 ліпеня.

Прыкладна такім жа халаднавата-дажджлівым было надвор’е ў гэты перыяд у 1991, 1996, 2000, 2012, 2013, 2015, 2016, 2017, 2019 гадах.
А ў 1992 годзе было хоць і не горача, ад +200С да +250С, але суха – прынамсі, у Вароне. «Кругом ледзь не штодня ідуць дажджы, а ў нас – няма. Трава выгарэла да аснавання, гарод, буракі – усё сохне», – пісаў Стэфан Рамэйка.

У 1994 годзе, наадварот, было вельмі спякотна, больш за 30 градусаў цяпла, а на сонцы, як засведчыў 14 ліпеня Стэфан Рамэйка, да +400С. Гарачае надвор’е стаяла ў гэты час і ў 1999, 2001, 2002, 2007, 2010 гадах. Летась Станіслаў Памецька зафіксаваў сярэднюю тэмпературу тыдня  +29,60С.

НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ
Які дзень 19 ліпеня, такой будзе і восень.



Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.