І смех, і грэх: як Рэгіна з навігатарам размаўляла
09:28 / 06.07.2022
Сабраўшыся ў дарогу, мы, народ сучасны, уключылі навiгатар. Не паездка – суцэльнае задавальненне: прыемны жаночы голас камандуе, калі павярнуць налева, калі – направа, колькі ехаць прама… Ні пра што думаць не трэба: муж машыну вядзе, я ў аблоках лунаю…
Вось і вёска. На шыльдзе назва Вялікія Якентаны. Значыць, ёсць і Малыя? А нам якія трэба? Мусіць, і наша «пуцевадзiла» разгубілася – змоўкла. Але ж мы, дзве жанчыны, павінны паразумецца!
– Куды ты нас прывяла? – пытаюся.
А яна ў адказ:
– Вы адхіліліся ад маршруту!
– Нікуды мы не адхіляліся! Куды ты камандавала, туды мы і ехалі, – не здаюся я.
«Пуцевадзіла» заткнулася. Яшчэ б: са мной спрачацца – сабе даражэй!
Але аж ад усведамлення таго, што я перамагла ў спрэчцы нават навігатар, разумення, куды ехаць, не прыбавілася.
На шчасце, міма праходзілі двое мужчын. Яны патлумачылі, што ў наваколлі ажно трое Якентан – Вялікія, Малыя і Новыя. А калі даведаліся, за якой патрэбай мы сюды прыблудзілі, паказалі хату, дзе прадаюць буракі.
– Вось бачыш, як усё проста! – звярнулася я да навігатара, калі села ў машыну. – А ты, электроніка бязмозглая, пайшла б…
І ўказала адрас, куды мяне часам муж пасылае, калі моцна ўзлуецца.
– Маршрут пабудаваны! – тут жа адгукнулася «пуцевадзіла»: відаць, пра гэты напрамак руху яна чуе часцей, чым пра Якентаны.
– Выключай яе хутчэй! – узмалілася я да мужа. – А то зараз завядзе, што і не выберамся…
Рэгіна ДРЭМА