Дзе працуюць астравецкія студатрады

15:24 / 30.06.2022
У раёне працуюць школьныя студатрады. Чым заняты падлеткі, як арганізаваны іх дзень і ці запатрабавана такая ініцыятыва БРСМ, карэспандэнт распытаў ва ўдзельнікаў студатрадаўскага руху.

...ПРЫ ЛЯСНІЦТВАХ

Не першы год камандзірам экала­гіч­­нага атрада ў Падольцах працуе настаўнік мясцовай школы Іван Капуста. Пад яго кіраўніцтвам 12 чалавек. 

– Працуем на тэры­торыі Па­доль­скага ляс­ніцт­ва: зай­­маемся добраўпа­рад­ка­ван­нем, пры­біраем гаражы, таксама праводзім дэ­санты па лесе, пры­біраючы смецце, – расказвае малады чалавек. – Працуем з 9 раніцы да паловы другой гадзіны па абедзе. Заданні на кожны дзень акрэслівае ляснічы. Радуе, што школьнікі працуюць з жаданнем. Да слова, усе старшакласнікі з 9 па 11 клас запісаліся ў студатрад. Абмежаванне па колькасці, канешне, ёсць, але ў нашай установе дзяцей няшмат – таму ніхто не застаўся па-за «бортам».



– Падмяталі, грабілі, агароджу фар­бавалі, мылі, чысцілі… – словам, ро­бім усё, што скажуць, – хорам пера­ліч­ваюць зробленае падапечныя Івана. – А ў вольны час гуляем у футбол, шахматы, удзельнічаем у акцыях, кон­­курсах, якія прапаноўвае БРСМ, – спалучаем карыснае з прыемным. Як і ў дарослых, у нас ёсць рабочыя і выхадныя дні, усяго трэба адпрацаваць 13 дзён. 

– У мінулым годзе выязджалі ў лес збіраць смецце, ачышчалі ад яго берагі вадаёмаў, – узгадваюць дзеці і дадаюць: – Цудоўна, што існуюць такія атрады – гэта добрая магчымасць зарабіць грошы на свае патрэбы, пастасавацца ў прыемнай кампаніі. А яшчэ вучымся працаваць і, спадзяёмся, прыносім карысць лясніцтву.

Дапамагаюць падлеткі лесаводам і ў астравецкім гадавальніку. На пады­ходзе да цяпліц сустракаю каман­дзіра студатрада гімназіі №1 Валерыю Міклашэўскую.

– На нашу ўста­нову сёлета вы­дзе­лілі 30 рабочых месцаў – жадаючых, як і заўсёды, было больш. Узялі тых, хто першым прынёс неабходныя дакументы, – дзеліцца Валерыя. – Акрамя нас працуюць тут і вучні СШ №1 – тэрыторыя вялікая. Паглядзела па крокамеру – па 20 000 за паўдня раблю, пакуль усе кропкі, дзе мае студатрадаўцы, прайду, – і гэта з улікам, што камісар дапамагае арганізоўваць працу дзяцей, хоць яго задача – выхаваўчая работа. Відэа робім, таймлапсы пра будні дзяцей у атрадзе, выкладваем у суполкі гімназіі ў «ВКантакце» і «Інстаграм». Работа ў гадавальніку нялёгкая, асаб­ліва ў спякоту, таму стараюся такім чынам пад­бадзёрыць, павесяліць. І песні паспяваем, і пасмяёмся!



– Першыя 2 дні рабілі «градкі» для касет з зямлёй, потым дзяўчынкі ў цяпліцы запаўнялі іх сеянцамі. Займаемся праполкай саджанцаў, абкопваем дрэвы… – дадае камандзір.

Паколькі гадавальнік знаходзіцца за межамі горада, студатрадаўцаў на работу і з работы падвозяць на аўтобусе лясгаса.

– Неабходным інвентаром забяс­печаны цалкам – толькі працуй, – усміхаецца Валерыя.

– Тут класна! Праўда, першыя дні спіна балела, а потым прывыкла – і, аказалася, што не так цяжка, як здавалася спярша. Калектыў у нас добры падабраўся: і папрацуем, і пасмяёмся, – падхоплівае гімназістка Эвеліна Грэйць. – Перад пачаткам работы нам паказваюць, як і што трэба рабіць, пасля выконваем заданне. Цяпер вось у цяпліцы пікіруем сеянцы дрэўцаў, а да гэтага пасадкі елачкі палолі. 

Дзяўчынка лічыць карыснай ідэю са студатрадамі, бо гэта магчымасць набыць першы працоўны вопыт і падзарабіць.

– Я ніколі не абясцэньвала працу бацькоў, – кажа гімназістка. – Але не настолькі, як цяпер, разумела, што грошы не даюцца проста так. А мы ж на рабоце знаходзімся ўсяго 4 гадзіны! 



...У ПАЛЯХ

Міхалішкаўскіх школьнікаў работай забяспечвае КСУП «Міхалішкі». Кіруе работай падлеткаў Наталля Станулевіч.

– Узначаліць студ­­­атрад прапа­наваў педагог-арга­­нізатар – я зга­­дзі­­лася, – ус­мі­­хаецца каман­дзір. – Калі была вуча­ні­цай, нешта кшталту студатрада ў нас у Іўі было: школа супрацоўнічала з лясгасам, мы хадзілі туды працаваць і атрым­лі­ва­лі за гэта грошы, адно толькі – вы­хаваўчых мерапрыемстваў для нас не праводзілі. 



– Дзеці ідуць у студатрад ахвотна, бо тут можна зарабіць! – працягвае Наталля. – Што тычыцца выхаваўчых мерапрыемстваў, якія прадугледжаны планам работы, то час на іх правядзенне вызначаем розны: да пачатку работы, пасля яе, у абедзенны перапынак – у залежнасці ад таго, што з камісарам (памочнік камандзіра. – Заўв. аўт.) арганізоўваем. Шмат ініцыятыў паступае ад дзяцей. Як ні дзіўна, хоць і на полі працуюць, а ўсё роўна ім больш даспадобы рухавыя гульні і спаборніцтвы.

– Дарэчы, нашы студатрадаўцы не толькі каласкі выразаюць, яшчэ, па дамоўленасці, прыбіраюць тэрыторыю КСУПа, – кажа на развітанне дзяўчына.

– Запісацца ў студатрад прапа­ноўваюць у школе. Я працую трэці год запар, – расказвае Эла Валанцэвіч. – Работа падабаецца, аплата добрая. Апошнія два гады ў асноўным у поле выходзім. Сёлета зразаем каласкі пшаніцы, якая прарасла па трыцікале. Тэрыторыю дзеляць на ўмоўныя ўчасткі, і кожнага ставяць на асобны, каб не перашкаджалі адзін аднаму.

– Работа няцяжкая, ёсць перапынак. Ды і чаму не скарыстаць магчымасць зарабіць, –  падхоплівае Яўген Трафімчык. – На што патрачу грошы, яшчэ не думаў – недзе спатрэбяцца. Ды і час дарэмна не губляем: знаходжанне ў студатрадзе – гэта і праца, і актыўны адпачынак адначасова – у нас жа конкурсы, акцыі, спаборніцтвы розныя праходзяць. 



...НА ГАРАДСКІХ ВУЛІЦАХ

Камандзір Іаланта Гудойць працуе са студ­атра­даўцамі другі год – у яе пад­началенні стар­шакласнікі астравецкай СШ №2.

– У нашай школе створана 4 атрады: 3 працуюць цяпер, яшчэ 1 будзе ў жніўні. У мінулым годзе дзяцей прымаў лясгас, сёлета – ЖКГ. Мой атрад праполвае клумбы, кусты, падкопвае дрэўцы, – тлумачыць Іаланта. – З дзецьмі заключаны дагаворы, яны забяспечаны спецвопраткай і інвентаром – і па заканчэнні атрымаюць зарплату ад ЖКГ. Атрады невялікія: 9 дзяцей, дзясяты – ка­ман­дзір. У мінулым годзе атрадаў было менш, а дзяцей у іх напалову больш, сёлета раздрабілі – думаю, для таго, каб ахапіць розныя мікрараёны Астраўца.



– Кожную раніцу збіраемся ў ЖКГ, атрымліваем заданне – і атра­ды разыходзяцца па рабочых месцах. Я задаволена падапечнымі: робяць усё, што ад іх патрабуецца. Да слова, жадаю­чых трапіць у студатрад шмат, а колькасць месцаў абмежавана, таму трэба паспець запісацца. Хаця, для сябе адзначыла, БРСМ ста­раецца зрабіць усё магчымае, каб задаволіць попыт на працаўладкаванне, – зазначае камандзір.

Вучань СШ №2 Вадзім Кандратовіч далу­чыўся да студ­атрадаўскага руху ў мінулым годзе – даведаўся пра яго падчас сустрэчы, якую праводзіў райкам БРСМ.

– Нам тады расказалі што ды як – я запісаўся. Не пашкадаваў. І бацькі падтрымалі маё жаданне працаваць, маўляў, заробіш для сябе, – кажа падлетак. – Работа ў лясгасе, праўда, была цяжэйшай, але, мне падаецца, больш цікавай. Куды патрачу заробленыя грошы? Яшчэ не вызначыў. 




Текст:
Фото: Рита Дремо