Хто, калі не моладзь: механізатар, медык, настаўнік і пагранічнік расказалі пра свае прафесіі

10:00 / 26.06.2022
Яны разумныя і таленавітыя, сур’ёзныя і ўзнёслыя, актыўныя і працалюбівыя. Яны дакладна ведаюць, да чаго імкнуцца, працягва­ючы бацькоўскую справу альбо спраўджваючы дзіцячую мару. 
Спытаеце, хто яны такія? Гэта захопленыя абранай справай маладыя людзі, якія ўпэўнены, што іх праца патрэбная – людзям і Радзіме.
Пра сябе, шлях у прафесію і яе карысць расказалі карэспандэнту «раёнкі» прадстаўнікі маладога пакалення Астравеччыны.

Выратуем жыццё 
Эма Высоцкая, фельчар выязной брыгады хуткай дапамогі Астравецкай ЦРКБ, 23 гады:
– Я з Лазоўкі. З дзяцінства марыла дапамагаць людзям – мне падабаецца і прыносіць задавальненне, калі адчуваю сябе патрэбнай. 
Першапачаткова збіралася паступаць у Акадэмію МУС, але не склалася. Тады падала дакументы ў медыцынскі каледж – і ўсё атрымалася: прайшла па конкурсе, вучоба падабалася, хоць на 1 курсе было вельмі складана.
У медыцыне чацвёрты год – па адукацыі я фельчар-акушэр. Больш за 3 гады адпрацавала ў Мядзельскай ЦРБ акушэрам радзільнага аддзялення, а потым прыехала на радзіму – і ўладкавалася ў астравецкую бальніцу фельчарам. Не скажу, што выязджаючы на выклікі, не хвалююся – справа адказная, але на месцы эмоцыям у такія моманты «гуляць» не даю – мабілізую думкі і дакладна, зладжана, без страху раблю з напарнікам сваю справу. Да слова, назапашаны вопыт таксама дае карысць.
Па праўдзе кажучы, жыву работай. Лічу сваю прафесію вельмі важнай: хто, калі не медыкі «хуткай», першымі прыімчацца на дапамогу хвораму! Ад нас, нашых дзеянняў у многім залежыць, выратуюць чалавеку жыццё ці не. 

Навучым дзяцей 
Дзмітрый і Алена Карвецкія, настаўнікі замежнай мовы Варнянскага НПК, па сумяшчальніцтву камандзір і камісар студатрада, 28 і 27 гадоў.
Алёна:
– З мужам пазнаёміліся ва ўніверсітэце. Я мінчанка, а сюды пераехала ўслед за Дзімам – ён астраўчанін. Пасля вучобы ўладкаваўся ў Варнянскую школу. Я працую тут 5 гадоў – да гэтага год адпрацавала на мытні. Калі мужа забіралі ў армію, ён прапанаваў узяць мяне на падмену, а дырэктар прапанавала пераходзіць на пастаянна – так апынулася ў школе. Тады зарплата на мытні была большай за настаўніцкую, але мяне гэта не засмучала, хоць сяброўкі і паціскалі плячыма. А я ні тады не пашкадавала, ні цяпер – работа з дзецьмі цікавая, галоўнае – знайсці кантакт.
Студатрад – яшчэ адзін накірунак маёй педагагічнай дзейнасці. Падабаецца такая форма работы: дзеці цудоўныя, цікава, весела, на свежым паветры. Гэта крыху іншая плоскасць, дзе вучыш працаваць, прычым адказваць не толькі за свой, а за калектыўны вынік. У асноўным мы зразаем каласы трыцікале, якая прарасла па пшаніцы, альбо прыбіраем сховішчы.
Дзмітрый:
– У школе настаўнічаю 6 гадоў. Сёлета трэці год як з Аленай кіруем сельскагаспадарчым студатрадам. На жонцы – дакументацыя і культурна-масавыя мерапрыемствы, а я за агульнае кіраўніцтва адказваю: фронт работы акрэсліць, дысцыпліну трымаць і гэтак далей. І, гэта важна, працуем мы разам з нашымі падапечнымі – па-першае, каб падаваць прыклад, па-другое, каб яны адчувалі еднасць, стараемся быць з імі на роўных. 
БРСМ стварае для нас усе ўмовы – ад дамоўленасцей з прадпрыемствам да падрабязных планаў і рэкамендацый па арганізацыі выхаваўчага працэсу з дзецьмі. Безумоўна, на мне і Алене ўся адказнасць за тое, каб гаспадарка нас прыняла, выконвала абавязкі па забеспячэнні не толькі работай, але і пітной вадой, аптэчкамі, рэспіратарамі. Перад пачаткам працы абавязкова праводзім інструктаж па тэхніцы бяспекі і сочым за яе выкананнем дзецьмі. 
Мы з жонкай лічым, што такая арганізацыя работы як студатрад – цудоўная ідэя прывучыць падлеткаў да працы, даць ім зразумець, што ўсё не проста так даецца, што хлеб сам па сабе не з’явіцца на паліцах магазіна. Да таго ж крута даць дзіцяці магчымасць зарабіць уласныя грошы на нейкія свае жаданні. 

Нарыхтуем хлеб
Уладзімір Шаблавінскі, механізатар КСУП «Гудагай», 31 год:
– Родам я з Гудагая. Па адукацыі будаўнік – і спярша працаваў у гэтай сферы. У сельскую гаспадарку прыйшоў 7 гадоў таму – паклікалі, але згадзіўся не адразу. А потым, бачна, гены ўзялі сваё: дзядуля і бацькі ўсё жыццё на зямлі працавалі.
Спачатку 2 гады на ферме кармы грузіў. Мне тады далі старэнькі «Амкадор» – давёў яго да толку, «ляльку», можна сказаць, зрабіў – тэхніку я люблю. Потым перасеў на «Маніту», але на ім доўга не папрацаваў – хацеў на жніво. Папрасіўся памочнікам камбайнера, а дырэктар сказаў: бяры камбайн – і сам працуй. Спярша на іншым убіраў, а потым «Джон-Дзіра 96-60» далі. 
Цяпер заняты на нарыхтоўцы траў – трамбую траншэі, а калі пачнецца жніво, буду ўбіраць збожжа. І зімой без справы механізатары не сядзяць: тэхніку да новага сезону рыхтуем, фермы чысцім, буртуем арганіку… 
Хоць работа ў мяне не з лёгкіх, але падабаецца. А яшчэ цешыць тое, што праца мая патрэбная – усё ж сельская гаспадарка краіну корміць! Так было ўсё жыццё і так будзе.

Станем на варту рубяжоў
Іван Філановіч, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце пагранзаставы «Маладзечанская», 22 гады:
– Я нарадзіўся ў Паставах. Гэта горад пагранічнікаў – з дзяцінства вабіла іх форма,  яшчэ тады я сказаў бабулі, што буду ваеннаслужачым. 
Праўда, падлеткам пачаў задумвацца аб прафесіі футбаліста, гісторыка-археолага. А калі вучыўся ў старэйшых класах, у школе пачалі ствараць ваенна-патрыятычныя класы. І кіраўнік, які вёў адзін з такіх класаў, прапанаваў: рыхтуешся здаваць гісторыю, са спортам на «ты» – ідзі ў Інстытут пагранічнай службы. І я ўспомніў пра дзіцячую мару. Сказаў бацькам. Маці ў мяне журналіст, супрацоўнічала з ваеннаслужачымі мяжы, ведала, што жывуць яны ў вёсцы, і раіла, што калі ўжо хачу стаць ваенным, то лепш падаваць дакументы ў Ваенную акадэмію, маўляў, буду потым хоць служыць бліжэй да горада. Але мяне ўжо было не пераканаць. З’ездзіў на дзень адкрытых дзвярэй у інстытут – і толькі ўпэўніўся ў сваім рашэнні. 
Пасля заканчэння вну мяне размеркавалі на пагранзаставу «Маладзечанская» – тут служу ўжо год.
З’яўляюся сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ нашай заставы – мы актыўна супрацоўнічаем з Астравецкім райкамам, па магчымасці ўдзельнічаем у іх мерапрыемствах, шэфствуем над помнікамі ў в. Быстрыцы: Трафіму Яўсееву і расстраляным у гады Вялікай Айчыннай вайны яўрэям. Дапамагаем пажылым людзям – яны звяртаюцца да нас напрамую, калі што патрэбна.
Ахова і абарона Дзяржаўнай мяжы ва ўсе часы была важнай і пачэснай справай. Пагранічнікі стаяць на варце спакою краіны і яе грамадзян. Я ганаруся, што абраў такую прафесію.

Текст:
Фото: Рита Дремо