Астравецкі перыяд жыцця Артура Цяжкага

10:00 / 18.06.2022


Першы верш Артура Цяжкага, тады яшчэ школьніка, быў надрукаваны ў «Астравецкай праўдзе» ў 1957 годзе – гэта ўвогуле была яго першая публікацыя ў друку.
У красавіку 1975-га Цяжкага, да таго ўжо сталага 32-гадовага журналіста, які паспеў папрацаваць у многіх выданнях, прынялі на работу ў астравецкую раённую газету. Першая яго публікацыя «Вёсны юнацтва» з’явілася 19 красавіка 1975 года – у артыкуле распавядалася пра выпускнікоў, якія ў той год развітваліся са школай. 
Кожны яго матэрыял – верш, апавяданне, гумарэска, нарыс, замалёўка, рэпартаж, інтэрв’ю – хочацца чытаць і перачытваць, піць нагбом, смакаваць кожнае слова.  
Артур Цяжкі адкрыў у «Астравецкай праўдзе», некалькі, як сёння б сказалі, новых цікавых праектаў. Пад рубрыкай «Выйшлі мы ўсе з народа» ён расказваў пра выхадцаў з Астравеччыны, якія дасягнулі пэўных вышынь у навуцы ці іншых сферах дзейнасці: прафесара Адама Мальдзіса, кандыдата хімічных навук з вёскі Лазоўкі Іосіфа Урбановіча, ураджэнца Бабраўнік, удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Аргенціне і Іспаніі Юліуса Гражуліса, арганізатара медыцыны ў Літве Стасіса Трапшыса, які нарадзіўся і вырас у Рымдзюнах, і іншых знакамітых землякоў. 
Да 60-годдзя Кастрычніка ён стварыў рубрыку «Аповесць пра першых трактарыстаў», дзе расказваў пра першых механізатараў Астравеччыны – і разам з тым успомніў, як сам у першыя пасляваенныя гады разам з іншымі вясковымі падшыванцамі краў дома яйкі і адносіў трактарыстам, каб тыя пакаталі на «жалезным кані»,  – так шчыра, проста, праўдзіва… (замалёўка «Баразна даўжынёй да сонца» пра першага трактарыста калгаса «Радзіма» Франца Рэмеса).
Часта пісаў на тэмы маралі і выхавання: «На вячэрнім сеансе» – пра паводзіны гледачоў у кіназале, «Пра інтэлігентаў і інтэлігентнасць» – аналізавалася роля і паводзіны настаўніка.
Рэгулярна на старонках «раёнкі» з’яўляліся апавяданні Артура Цяжкага, некаторыя з іх ішлі ў некалькіх нумарах. Друкаваліся яны і тады, як ён пакінуў Астравец. Творы, што ўпершыню пабачылі свет на старонках «Астравецкай праўды», затым склалі аснову яго першага зборніка прозы «Сустрэча пасля вясны», які выйшаў з друку ў 1980 годзе. Адам Мальдзіс даў яму высокую ацэнку ў артыкуле «Літаратурная рунь Астравеччыны», які быў надрукаваны ў «Астравецкай праўдзе» 22 красавіка 1980 года.
Творы пісьменніка і журналіста, вядома, шмат гавораць пра аўтара, яго ўнутраны свет – але не менш цікавыя абставіны жыцця, якія той свет фарміравалі.
Артур Цяжкі нарадзіўся 27 ліпеня 1943 года на хутары каля вёскі Лылойці Смаргонскага раёна. Вакол іх дома, які стаяў паблізу ад дарогі, што вяла ў Нястанішкі, панавала незвычайнае хараство: вялікі калгасны сад, бязмежнае жытнёвае поле, сінеючая палоска лесу. 
Хоць любавацца той прыгажосцю не было калі: час быў халодны і галодны. Бацьку забралі на вайну. Маці засталася адна з двума хлопчыкамі: Артурам і крыху старэйшым братам Міхалам. На шчасце, бацька вярнуўся жывым – і ў Цяжкіх нарадзіўся яшчэ адзін сын. Праўда, франтавыя раненні заўчасна звялі гаспадара ў магілу. Маці, Юзэфа Ігнатаўна, жанчына цярплівая, шчырая, гарушчая, як магла, адна цягнула дзяцей…
Пачатковую школу Артур заканчваў у Лылойцях, сямігодку – у Нястанішках, у старэйшых класах вучыўся ў Свіры. Пасля школы паступіў у Свірскае ПТВ. Атрымаўшы правы трактарыста, нейкі час працаваў у калгасе. А ў 1963 годзе яго прынялі на работу ў рэдакцыю смаргонскай раённай газеты «Светлы шлях». 
Працаваў тут Артур нядоўга – у тым жа годзе яго прызвалі ў армію. Але ён ужо спазнаў гаркава-салодкі смак творчасці, адчуў магію слоў, якія нараджаюцца аднекуль з падсвядомасці, нібы нехта шэпча іх табе на вушка – толькі паспявай запісваць. У 1966 годзе, калі Цяжкі служыў у войску, у газеце «Літаратура і мастацтва» надрукавалі першыя яго апавяданні «Бульба», «Пралеска», «Маленькі эцюд», «Аднойчы ноччу» – і гэта толькі пацвердзіла правільнасць выбранага жыццёвага шляху.
Пасля службы ў арміі ў 1967 годзе Артур вярнуўся ў смаргонскую «раёнку». Але доўга не затрымаўся: хутка яму прапанавалі пасаду карэспандэнта ў газеце «Чырвоная змена». Затым нейкі час Цяжкі працаваў у Брэсце – уласным карэспандэнтам «Чырвонкі», карэспандэнтам абласной газеты «Заря».
Цяжка сказаць, дзе, калі, як, з чыёй дапамогай Артур Цяжкі трапіў у палон алкагольнай залежнасці – магчыма, гэта было менавіта ў мінскі ці брэсцкі перыяд, таму што яго бліскучая кар’ера, якая да таго імкліва ішла ўгору, пакацілася ўніз. 
Менавіта ў той няпросты перыяд свайго жыцця (распалася сям’я, страціў адну, другую, трэцюю прэстыжную работу, пачаліся праб­лемы са здароўем) Артур Цяжкі і з’явіўся ў Астраўцы. Да таго часу ён ужо быў дыпламаваным журналістам: завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі БДУ скончыў у 1974 годзе.
31 сакавіка 1975 года яго прынялі на работу ў рэдакцыю «Астравецкай праўды» карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыё. І літаральна праз два тыдні звольнілі з фармуліроўкай «За сістэматычную п’янку».
Цяжка сказаць, што адбылося за наступныя чатыры месяцы, але ў сярэдзіне жніўня таленавітага журналіста зноў узялі ў рэдакцыю – спачатку літсупрацоўнікам, затым перавялі на пасаду загадчыка аддзела сельскай гаспадаркі. Больш чым два гады працаваў ён у «Астравецкай праўдзе» – і гэта быў залаты час як для самой газеты, так і для Артура, калі меркаваць, колькі і якіх апавяданняў было ім надрукавана ў гэты перыяд.
У снежні 1977 года Цяжкі звольніўся з «Астравецкай праўды» і паехаў у Гродна. Там ён працаваў адказным сакратаром абласнога таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, затым карэспандэнтам газеты «Голас Радзімы», карэспандэнтам газеты «Знамя юности», рэдактарам абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці. Наладзілася асабістае жыццё: ажаніўся, нарадзіўся сын Максім. У 1982 годзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР.
Але ўжо былі праблемы са здароўем: ён перанёс некалькі інфарктаў. 
Артур Цяжкі памёр 5 красавіка 1983 года ў саракагадовым узросце ад сардэчнага прыступу. 
Дзве кніжкі Артура Цяжкага выйшлі пры яго жыцці: «Сустрэча пасля вясны» ў 1980 годзе, «Пара блакітных дажджоў» – у 1982-м. Пасля смерці пісьменніка пабачыў свет зборнік «Дзе мой дом?..» (1986). У перакладзе на рускую мову ў 1990 годзе выдадзена кніга «Смятение».
«Так хочацца жыць і тады, калі цябе не будзе на свеце» – напісаў Артур Цяжкі перад смерцю. 
Ён жыве, бо яго помняць. 
Чытаюць.
І смуткуюць… 


Текст: Нина Рыбик