Якім было надвор’е 8-14 чэрвеня

12:13 / 14.06.2022



Як бы мы ні наракалі на запозненую вясну, дажджлівы май, халодныя ночы, дрэнныя ўсходы на градах, лета – вось яно! Ідзе, усміхаецца, вабіць вока пышнагрудымі півонямі і чубатымі касачамі, будзіць ранкам птушынымі спевамі, лунае водарам язміну і свежаскошанай травы. Калі дожджыкам папырскае, калі перунамі пагразіцца ды бліскавіцамі паскача, калі сонечнымі промнямі папестуе… Пераменлівае, прыгожае, доўгачаканае, яно валадарыць у свеце.

Якім жа ў мінулыя гады быў яго другі тыдзень? Каб даведацца пра гэта, пагартаем дзённікі назіранняў за надвор’ем, якія на працягу многіх гадоў вялі варонскія натуралісты Стэфан Рамэйка і Станіслаў Памецька. Яны сведчаць, што звычайна ў гэтую пару года тэмпература паветра складае каля +20°С, часам на 2-3 градусы вышэй – прыкладна так, як сёлета. 

Але год на год не прыпадае. У 1989 годзе – першым, з якога мы маем запісы варонскіх натуралістаў – Стэфан Рамэйка запісаў: «8, 9, 10, 11 чэрвеня – штодня ідзе дождж, сена шмат накошана, гніе». Тэмпература ў той год напачатку лета не падымалася вышэй за +18°С.

Халодным і дажджлівым быў другі ты­дзень чэрвеня ў 1991, 1994, 2009, 2016, 2017 гадах.

8-14 чэрвеня

І ўсё ж часцей пачатак лета выдаваўся спякотным. Да +30°С была тэмпература паветра ў 1995, 1996, 1998, 2007, 2013 гадах. А ў 1999-м і 2019-м слупок тэрмомет­ра падымаўся да +33°С.

У 1992 годзе напачатку чэрвеня было горача і суха, пасля тэмпература апусцілася да +15°С, але дождж толькі аднойчы, як пісаў Стэфан Рамэйка, «расу зрабіў. Усюды засушыла і трава не расце». 

Часта Станіслаў Памецька ў дзённіку пазначаў пачатак цвіцення кветак. Так, у 2018-м чырвоныя півоні зацвілі 3 чэрвеня, фіялетавыя касачы – 3-га. А ў 2017-м півоні распусціліся толькі 21 чэрвеня.

НАРОДНАЯ ПРЫКМЕТА

Пачаткам купальнага сезону даўней лічыўся час, калі распускаўся дуб. Апрануўся цар дрэў у лістоту – значыць, паветра, зямля і вада ўжо досыць прагрэліся.

Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і 

Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК. 

Фота Ніны РЫБІК.

Фото: Нина Рыбик