Как островчане прощались с летом

10:53 / 03.09.2012

Здаецца, літаральна ўчора дурманіў галаву водар бэзу і язміну, а клумбы стракацелі ад мноства непараўнальнай прыгажосці кветак… Здаецца, зусім нядаўна адважныя смельчакі спрабавалі залезці ў студзёную ваду, адкрываючы летні купальны сезон. Здаецца, толькі ўчора мы сустракалі лета... А вось ужо і надышоў час развітвацца з ім.


Аднак, каб гэты працэс не быў сумным і не выклікаў дэпрэсію, у справу ўмяшаліся работнікі раённых аддзелаў культуры і па справах моладзі райвыканкама. У сэрцы кожнага астраўчаніна гэтае лета, напэўна, пакінула нейкі прыемны след і добрую памяць аб сабе. Дык чаму ж тады не падзякаваць яму за гэта? І вясёлыя “культурысты” вырашылі арганізаваць для лета сапраўдныя провады пад дэвізам “Лета, гуд бай!”
Задачай нумар адзін арганізатары паставілі, каб свята атрымалася вясёлым, цікавым, насычаным і разнастайным. Таму вырашылі не абмяжоўвацца часам і разгарнуць культурную і разнастайную праграму на цэлы дзень.


Пачалася яна з раённага чэмпіянату па більярдзе, які праходзіў у Доме культуры “Галактыка”.


Мабыць, таму, што мерапрыемства праходзіла ў рабочы дзень, сабралася не вельмі шмат удзельнікаў і гледачоў, у асноўным – студэнты і школьнікі, якія зараз адпачываюць на канікулах. Аднак, нягледзячы ні на што, чэмпіянат адбыўся. Агульны збор, невялікае тлумачэнне ўмоў і правілаў, жараб’ёўка – і пачатак гульні. За права лепшага більярдзіста змагаліся Арцём Кавэцкі, Руслан Алізар, Ягор Хомчык і Антон Міхцееў. Трохкутнік шароў разбіваецца ад майстэрскага ўдару кія – і ігракі распачалі дуэль на “зялёным полі”.
Здаецца, няма нічога незвычайнага ў гэтай даўно вядомай гульні. Аднак, назіраючы, як удзельнікі “варожаць” каля зялёнага стала, прымяраючыся і прыцэльваючыся, шукаючы патрэбныя пазіцыі, як пад ударам кія шар штурхае другі, той – яшчэ адзін і, калі пашанцуе, трапляе ў запаветную лунку – міжволі пачынаеш захапляцца гэтым відовішчам.
У выніку ж пераможцам у чэмпіянаце стаў Руслан Алізар.
Пакуль жа ў “Галактыцы” “каталіся” шары, паблізу Дома быту паціху распачыналася нешта цікавае і незвычайнае. Спачатку там з’явіліся трое маладых людзей не з мясцовых. Яны ацэньваючы разгледзелі пустую сцяну, нешта абмеркавалі паміж сабой – і пачалося…


У рамках развітання з летам у Астраўцы прайшоў графіці-фестываль.


Графіці… Што гэта? Накірунак у мастацтве, спосаб самавыражэння, адлюстраванне настрою, проста хобі?.. Адназначнага адказу, напэўна, няма – ці, дакладней, у кожнага ён свой. Для мяне ж гэта не проста «маляванне на сценах», а цэлае майстэрства і мастацтва. Канешне, работы графіцістаў ці больш прафесійна – райтэраў – бачыла неаднаразова. Эмоцыі ўзнікалі розныя – ад поўнага захаплення да роздуму і разважанняў. Аднак ніколі я не бачыла, як яны працуюць. І вось прадаставілася такая магчымасць. Перадаць гэта немагчыма. Ды і як пераказаць адчуванні, калі пад узмахам балончыка з фарбай, на пустой шэрай сцяне раптам з’яўляецца твар чароўнай і дзіўнай незнаёмкі. Спачатку – сціпла і нясмела ледзь праступае лёгкімі абрысамі аблічча. Але з кожнай хвілінай, з кожным штрыхом, бы пад уздзеяннем чараўніка, усё больш дакладнымі і спакуслівымі становяцца вусны, больш выразныя і жывыя глядзяць у прастору вочы… Не дзіўна, што вельмі хутка тут сабраўся натоўп людзей, якія гэтаксама зачаравана сачылі за творчым працэсам пераўвасаблення пустой сцяны ў карціну.
– Графіці я займаюся з 1999 года, – удзяліў нам пару хвілін аўтар чароўнай незнаёмкі – райтэр Жэня з Жодзіна. Графіці – гэта больш, чым проста хобі. Гэта занятак для душы. А група райтэраў – адна вялікая сям’я. Сюды я прыехаў па запрашэнні аднаго з нас – Дзяніса Ходаса. Мы нярэдка сустракаемся на падобных фестывалях і добра ведаем адзін аднаго. Паўтаруся: мы – як адна сям’я!
Па запрашэнні таго ж Дзяніса на графіці-фестываль прыехалі дванаццаць райтэраў з Мінска, Жодзіна, Баранавіч і Смаргоні. Кожны з іх займаецца гэтым больш 10 гадоў. На працягу трох дзён яны, у тым ліку і Дзяніс Ходас, з дапамогай балончыкаў з фарбай, уласнага майстэрства і фантазіі пакінулі кавалачак сваёй творчасці і душы ў Астраўцы. Зараз палюбавацца вынікам іх творчай працы можа кожны жадаючы – дзякуючы таленавітым гасцям пустая сцяна ля Дома быту стала своеасаблівым шэдэўрам мастацтва графіцістаў і напамінкам аб фестывалі.


Не застаўся раўнадушным да святкавання развітання з летам і аматар-арганізатар экстрэмальнай гульні-галаваломкі “Горад” Андрэй Паўлюкевіч.


З гэтай нагоды ён зноў прыдумаў няпростыя заданні, распрацаваў маршруты і зашыфраваў коды. Аднак на гэты раз гульня была камандная – кожны змагаўся сам за сябе. А каб спаборніцтва было больш інтэнсіўным і хуткім, змяніўся і сродак перамяшчэння – ігракі перамяшчаліся на веласіпедах. Аднак і такія новаўвядзенні не спалохалі аматараў адрэналіну – і чарговы этап “Горада 2012” стартануў у вызначаны час.
А пакуль удзельнікі “Горада” “насіліся” ў пошуках зашыфраваных аб’ектаў і жаданых кодаў, усе жадаючыя астраўчане адпачывалі ў лесапаркавай зоне: куплялі прысмакі і сувеніры, гулялі ў бяспройгрышную латарэю, елі духмяныя, толькі што падсмажаныя на мангале шашлыкі – работнікі Астравецкага райспажыўтаварыства таксама далучыліся да свята развітання з летам. Не засталіся без увагі і маленькія жыхары горада – высокая горка і трывалы батут былі толькі рады невычарпальнай энергіі і няўрымсліваму напору хлопчыкаў і дзяўчынак.


Толькі, як сведчыць антычная мудрасць, ва ўсе часы людзі патрабавалі “хлеба і відовішчаў”. І гэта арганізатары свята таксама ўлічылі.


Падмацаваўшыся шашлыкамі ды булачкамі, людзі паступова сталі збірацца на лаўках ля амфітэатра – тут павінен быў пачацца святочны канцэрт. І ён не прымусіў сябе доўга чакаць – вясёлыя вядучыя, прыгожыя нумары астравецкіх артыстаў і станоўчая атмасфера свята. У чарговы раз парадавалі публіку бадзёрымі матывамі на барабанах і госці са сталіцы – група “Гульні блін”. Словам, канцэрт праходзіў пад вясёлыя ноты, добры настрой і дружныя апладысменты. І нават дождж, які напачатку свята досыць густа абрынуўся на галовы і парасоны астраўчан не спалохаў ні артыстаў, ні гледачоў.


Завяршылася ж праграма “Лета, гуд бай” дыскатэкай пад адкрытым небам, на якую быў запрошаны госць з Ашмян – дзіджэй Жэня.


Дарэчы, якраз на дыскатэку падаспелі і ўдзельнікі “Горада-2012”. Пераможцам гульні на гэты раз стаў супрацоўнік “Наіны-Сервіс” Алег Драган.
А далей моладзь «адрывалася» пад вядомыя музычныя кампазіцыі.


Здаецца, яшчэ ўчора панавала спякота і дзень быў доўгім. І возера песціла ў цёплых абдымках хваль. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна… Але ўсё некалі заканчваецца… Дык не назаўсёды ж! І цёпла, насычана і разнастайна развітваючыся з самай цёплай парой года, мы з нецярпеннем будзем чакаць яе зноў, каб замест крыху сумнага “бывай”, сказаць: “Прывітанне, лета!”


-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота аўтара і Андрэя ПАМЕЦЬКІ.