У Клюшчанах прайшла імпрэза, прысвечаная святару і паэту Казіміру Сваяку

12:00 / 10.06.2022

У чарговы раз сабраў Казімір Сваяк сваіх духоўных сваякоў з розных куточкаў Беларусі. У любых яго сэрцу Клюшчанах урачыста і кранальна адзначылі дзень памяці святара і паэта.


Здавалася, што і прырода чакала гэтага дня – пышна цвілі сады і кусты бэзу, напаўняючы водарам наваколле. Па зямлі крочыў май. А 96 гадоў таму ў Клюшчанскую парафію ён прынёс сумную вестку: перастала біцца сэрца аднаго з лепшых сыноў Беларусі , святара, патрыёта, паэта Канстанціна Стаповіча.


Галоўная падзея кожнай сустрэчы – імша. Сёлета яна была асабліва ўрачыстай, бо памаліцца за светлую душу Казіміра Сваяка прыехалі святары з шасці парафій. У казанні айцец Аркадзь Куляха працытаваў вершы Сваяка, расказаў, што яго з асобай Канстанціна Стаповіча пазнаёміў яшчэ адзін выбітны сын Астравеччыны прафесар Адам Мальдзіс.

Для мяне, паляка па нацыянальнасці, са Сваяка і Мальдзіса пачаўся шлях да беларушчыны, – сказаў айцец Аркадзь Куляха. І завяршыў казанне цытатай, якую многія ўдзельнікі сваякоўскіх сустрэч ведаюць напамяць: “Не рань свайго сэрца, не бойся нічога, усё прамінае – усё, апроч Бога” .


Як і кожны раз, прыбыла рознаўзроставая дэлегацыя з пастаўскіх Камаяў. Генавефа Дубіловіч, якая збірае матэрыялы, што тычацца Сваяка, першай прапанавала называць клюшчанскі і камайскі касцёлы, якія былі яму аднолькава роднымі, пабрацімамі. Успамінаючы Казіміра Сваяка, жанчына прапанавала ўшанаваць хвілінай маўчання памяць людзей, якія праславілі імя святара і паэта: прафесара Адама Мальдзіса, краязнаўцу Івана Драўніцкага і паэта Алеся Нафрановіча.


Прыемна было ў чарговы раз сустрэцца з таленавітымі людзьмі, якія з году ў год прыязджаюць на сваякоўскія сустрэчы. І вельмі радасна было бачыць новыя твары, асабліва юныя. У імпрэзе ўдзельнічала Страчанская бібліятэка: школьнікі Мілана Трубіцкая і сёстры Карына і Эвеліна Трыбоцкія падрыхтавалі кампазіцыю з вершаў Казіміра Сваяка. Намеснік дырэктара Спондаўскай СШ Святлана Лабадаева, падзякаваўшы за далучэнне да сваякоўскай суполкі, прачытала верш Віктара Шніпа “На ўгодкі смерці Казіміра Сваяка”.

…Доўга яшчэ працягвалася сустрэча у нефармальнай абстаноўцы. Дзень быў халодны, але раз-пораз выглядвала сонейка, якое ўсміхалася нам. А яшчэ больш сагравала цяпло сэрцаў людзей, з’яднаных любоўю і бязмежнай павагай да святара-паэта Канстанціна Стаповіча



Іаланта ВАЛУЕВІЧ.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

Текст:
Фото: Иоланта Валуевич