Якім было надвор’е ў першы тыдзень чэрвеня

16:00 / 07.06.2022

1 – 7 чэрвеня
Галоўная прыкмета чэрвеня – ап’яняючы водар касавіцы. У вёсках цяпер рэдка пачуеш, як кляпаюць ці мянташаць косы гаспадары – каровы засталіся на адзінкавых падвор’ях. Але выходзяць на сенажаці касілкі гаспадарак, вуркочуць газонныя «цырульнікі» – і салодка-п’янкаваты пах свежаскошанай травы поклічам генаў вабіць у вёску ці хоць бы на ўлонне прыроды.
У сваіх дзённіках Стэфан Рамэйка амаль заўсёды пазначаў пачатак касавіцы. У 1993 годзе ён запісаў: «9 чэрвеня выйшлі касіць за хлявом. Трава вельмі малая, вясной засушыла. Ночы халодныя, трэба касіць у фуфайцы». У 1996 годзе ён пачаў касавіцу 3 чэрвеня «ў садзе ля Адаміхі», у 2000-м – 6-га «ў сябе ў агародзе пад яблынямі», але пазначыў: «Дождж, гніе». А ў 2002 годзе касіць Стэфан Рамэйка пачаў яшчэ 30 мая.     
Хоць у 1993 годзе, калі касіць даводзілася ў фуфайцы, чэрвень быў не самым халодным. У 1991-м, паводле запісаў Стэфана Рамэйкі, напачатку месяца тэмпература была каля 7 градусаў цяпла, днём не падымалася вышэй за +17°С. У 2009-м сярэдняя тэмпература ў першы тыдзень чэрвеня склала +15,3°С, у 2012-м – +12,7°С, у 2017-м – +13,5°С .
Затое ў 2013 годзе сярэдняя тэмпература першага тыдня была +25°С! Вышэй за +20°С  яна падымалася ў 2014-м, у 2015-м, 2016-м, 2018-м. А рэкорднай за аналізуемы час назіранняў – у 2019 годзе – +26,9°С.
Хоць часцей за ўсё ў першы тыдзень чэрвеня тэмпература паветра трымаецца ў межах +20-23°С. Але здараюцца і выключэнні: 1 і 2 чэрвеня  1992 года было спякотна, +30°С і +33°С адпаведна. У 1996-м дзённая тэмпература ў пачатку чэрвеня падымалася да +28°С, у 1998-м – да +29°С.
Запісвалі варонскія натуралісты ў сваіх дзённіках не толькі тэмпературу паветра, напрамак і сілу ветру ды ападкі, але і адметныя з’явы. 
Так, у 2010 годзе 7 чэрвеня Станіслаў Памецька ў 11.55 бачыў вясёлку вакол сонца. Тэмпература паветра ў гэты момант складала +23°С.
6 чэрвеня 2011 года ён запісаў: «Птушаняты сінічак пакінулі гняздо. Птушачак было 7. Ляталі нядоўга, затым селі на траву».

НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ
6 чэрвеня за надвор’ем і вуллямі назіралі пчаляры. «Калі выйдзе рой перад Янам – зямец будзе панам», – гаварылі ў народзе. Ранні вылет пчол абяцаў багаты медазбор.

Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і 
Станіслава Памецькі 

Текст: Нина Рыбик
Фото: Светлана Фёдорова