Што нагадаў стары фотаздымак

15:00 / 07.06.2022
624

Люблю пераглядваць здымкі з сямейнага альбома. У іх – часцінка нашага жыцця: дзяцінства, юнацтва, будняў, святаў…
Вось здымак, які нагадаў пра першамайскую дэманстрацыю. Да гэтага свята мы рыхтаваліся загадзя: зразалі галінкі дрэў, ставілі ў ваду, каб распуціліся зялёныя лісцікі. Упрыгожвалі іх рознакаляровымі паветранымі шарыкамі, кветкамі. 
Я ў той час з’яўлялася старшынёй прафкама на заводзе, які цяпер называецца «Радыёдэталь», а раней ён быў філіялам буйнога Вільнюскага прадпрыемства. У калектыве працавала каля 600 чалавек. Нашы людзі ездзілі адпачываць у Палангу. На прадпрыемстве быў цудоўны хор, мы ўсюды выступалі з канцэртамі. 
На гэтым фотаздымку побач са мной сынок – дзеці больш за ўсё любілі першамайскія дэманстрацыі. Тут жа і Валянціна Анімуцкая з сынам, мая суседка Ірына Шадура з дачушкай. Людміла Зуева, Яніна Мацкель, Галіна Сакалова, Галіна Замара, Станіслаў Ляшчэўскі, Міша Марыняк, Віця Арлоўскі – мы ўсе спяшаемся на святочны парад, радасныя і шчаслівыя.
…Гартаю стары альбом – і міжволі ўспамінаюцца радкі песні «Как молоды мы были, как искренне любили, как верили в себя…».

Капіталіна ПЯТРОЎСКАЯ, г. Астравец


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений