Думкі ўслых: чым кіруецца чалавек, які вывозіць у лес смецце?

08:00 / 07.06.2022

Увесь гэты час жыла ва ўпэўненасці, што з кожным годам экалагічная свядомасць людзей расце: нават дашкаляты ведаюць, што смецце трэба сартаваць, а паперу не выкідваць, а збіраць і здаваць макулатуру, тым самым ратуючы дрэвы. 
Ружовыя акуляры зваліліся, калі стала сведкай сітуацыі. Аднавясковец – моцны гаспадар, працавіты і па вялікім рахунку нядрэнны чалавек – наладкаваўшы цэлы прычэп смецця, накіроўваўся на матаблоку да бліжэйшага ўзлеска, дзе здавён мясцовыя людзі збіраюць дзікае шчаўе, духмяны чабор і гаючыя зёлкі.
Першым памкненнем было выклікаць супрацоўнікаў аховы прыроды, каб «рупліўцу» выпісалі штраф і адбілі раз і назаўсёды ахвоту вывозіць смецце ў лес. Стрымалася – не па-суседску гэта. Дагнала, «Што ж вы робіце?» – кажу. У адказ пачула: «Табе справа? Ідзі, куды ішла». На мяне нібыта цэбар халоднай вады вылілі. У той момант не знайшлася, што адказаць нахабніку.
Гадоў 20-30 назад вяскоўцы вывозілі смецце, хто куды надумае, не будзе ж ля хаты ляжаць. Але сітуацыя кардынальна змянілася, калі сельскія Саветы і жыллёва-камунальная гаспадарка арганізавалі яго цэнтралізаваны вываз – ім ахоплены многія населенныя пункты Астравеччыны. На мой погляд, значна прасцей раз у тыдзень-два выставіць за вароты мяшок са смеццем ці кантэйнер і не думаць, што рабіць з адходамі. І чалавеку добра, і прыродзе. 
Ніяк не магу зразумець логікі мужчыны. Што гэта – старая звычка? Мой дом і двор, дагледжаныя, як лялечка, а што робіцца за плотам – не мая справа? Не хочацца думаць, што гэта вясковая ментальнасць: дзяды з пашанай і беражлівасцю адносіліся да зямлі, прыроды і ўсяго жывога. На жаль, душэўнае трапяткое стаўленне да навакольнага свету нашых продкаў адыходзіць у нябыт разам з імі. 
Самае крыўднае, што такіх аднавяскоўцаў, якія вывозяць смецце ў лес ці кудысьці яшчэ – дзясяткі, і не толькі ў нашым раёне. Дарослыя смецяць, а потым школьнікі з леснікамі разграбаюць завалы – такая сітуацыя паўтараецца з году ў год. 
…За вёскай, на невялікім лапіку зямлі, прыняліся дубкі-самасейкі: растуць і з кожным годам убіраюцца ў сілу. Падумалася: мае ўнукі ці іх дзеці на гэтым месцы заспеюць сапраўную дуброву… А пакуль да гэтых абсыпаных далікатнымі зялёнымі лісточкамі дубкоў падступаюць вялікая куча зрэзанага галля, матрац, пластыкавыя бутэлькі… 
У наступны раз усё ж патэлефаную ў ахову прыроды – каб не павабна было. 

Іна ІГАРАВА.

Фото: Алёна Ганулич