Якім было надвор’е 18-24 мая ў розныя гады

13:00 / 24.05.2022
Калі папрасіць адным словам ахарактарызаваць першую палову сёлетняга мая, то, упэўнена, большасць скажа: халодны. Падмярзала ў парніках рана высаджаная расада памідораў і перцаў, хуталіся ў кофты і пледы жыхары шматпавярховак – хоць ацяпленне сёлета выключылі як ніколі позна, у першыя дні мая. Так што народная прыкмета пра сорак маразоў пасля марозных Саракоў (20 сакавіка) спраўдзілася ў поўнай меры, мо, нават з перавыкананнем. Першы па-сапраўднаму цёплы дзень выдаўся толькі 20 мая.

А якім жа быў трэці майскі тыдзень у іншыя гады? Пра гэта сведчаць запісы ў дзённіках надвор’я Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі. 

У 1990 годзе 19 мая Стэфан Міхайлавіч запісаў: «Холадна. Ходзяць хмары. Пад вечар прайшоў дождж са снегам». А 24 мая ён зазначыў: «Ранкам трава белая» і зафіксаваў нулявую начную тэмпературу. Праўда, днём слупок тэрмометра падняўся да +230С. 

Гэтак жа забаўляўся гарэза май і ў 1999 годзе: 17-га і 18-га – начны нуль, днём – ад +220С да +250С. 

У 1994-м таксама ўсю першую палову месяца таксама былі прымаразкі, і Стэфан Рамэйка запісаў, што яблыні расцвілі толькі 20 мая. Але 18 мая было ўжо +250С – і навальніца. 

Халаднаватым быў трэці тыдзень мая і ў 2002, 2004 гадах. У 1998-м дзённая тэмпература, якая  18 і 19 мая складала +240С, апусцілася 23-га да +80С.

У 1992 годзе ў гэты перыяд слупок тэрмометра днём падымаўся да 20-24 градусаў цяпла. У 1993-м 20 і 21 мая ўвогуле было +290С – і, як запісаў Стэфан Рамэйка, «бязбожна суха». А 20 мая 2003 года зазначыў: «Вельмі шмат дажджу. Зямля раскісшы». 

У 1995-м трэці тыдзень мая выдаўся сухім і спякотным – дзённая тэмпература была ад +200С і вышэй. Радаваў май цяплом у 2010 і 2011 гадах – сярэдняя тэмпература тыдня два гады запар была аднолькавай – +21,80С. У 2012-м яна склала +23,30С, а ў 2019-м – +25,60С. Затое ў мінулым, 2021, годзе – толькі +13,80С. Што называецца, адчуйце розніцу!

У народзе казалі: да Міколы няма дабра ніколі – у праваслаўным календары гэтае свята адзначаецца 22 мая.

Народныя прыкметы

24 мая – дзень Кірыла і Мяфодзія. Па гэтым дні меркавалі пра хуткае лета: калі дзень выдасца сухім, то і лета будзе гэткім жа, калі пойдзе дождж – то і летам залье. 

Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК. 
Фота Станіслава КУРЫЛЫ.