Якім было надвор’е ў першай палове мая ў розныя гады
12:33 / 17.05.2022
Не парадаваў цяплом і пачатак мая.
І ўсё ж, як сведчаць запісы ў дзённіках надвор’я Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі, такое надвор’е зусім не рэдкасць. Да прыкладу, у 1995, 2000, 2004 гадах прымаразкі да –10С здарыліся адпаведна 11-12 і 13-14 мая. Халаднаватай была сярэдзіна мая ў 2009, 2011, 2015, 2016, 2017 гадах: тэмпература днём была ў межах +10 - +150С.
Хоць звычайна ў гэты час слупок тэрмометра падымаецца да +200С і вышэй. А калі яшчэ праходзяць жыццядайныя дажджы, то ўсё жывое пачынае распускацца, зелянець, квітнець літаральна на вачах! Нездарма ж май называюць самым прыгожым месяцам.
Па маіх назіраннях, якім бы ні быў май, да дня Перамогі цюльпаны будуць квітнець – ці то толькі зацвітаць, як сёлета, ці то адцвітаць, але ў букетах ветэранаў галоўная кветка свята з’явіцца абавязкова. І сады да сярэдзіны мая ўбяруцца ў квецень – ці то вішні, слівы і алыча зацвітуць, ці яблыні і рабіны. Да слова, у 2014 годзе яблыні ўбраліся ў квецень 1 мая, а ў 1994-м – толькі 20-га. У 2000 годзе 10 мая ўжо расцвіў бэз. Але было ў тым годзе вельмі суха: 19 мая Стэфан Рамэйка запісаў: «Трава не расце. Падмерзла».
Сёлета, як расказаў Станіслаў Памецька, 4 мая прыляцелі ластаўкі. 10 мая ён першы раз пачуў зязюлю. Гаспадары, якія трымаюць жывёлу, выгналі яе на сакавітую траву. У руплівых вяскоўцаў і дачнікаў ужо пасаджаны агароды і бульба. 12 мая грымеў гром – не той, трывожны, які час ад часу палохае ў сакавіку, красавіку ці нават лютым, а радасны, вясёлы, як у паэта: «Люблю грозу в начале мая…». Хоць у многіх раёнах Беларусі першая майская навальніца нарабіла бяды, астравецкім хлебаробам яна прынесла надзею на добры ўраджай.
Хоць і майскі дождж, насуперак вядомай прыказцы пра агранома, бывае залішнім. У 2005 годзе 15 мая Стэфан Рамэйка пісаў: «Зямля вельмі мокрая. Бульба, што пасаджана, уся ў вадзе. Пагніе картошка».
Але здаралася ў сярэдзіне мая вельмі цёплае, нават спякотнае, надвор’е. Так, у 1990 годзе з 6 па 10 мая днём было да 24 градусаў цяпла, а 11-га ўвогуле +270С. Да +250С было ў сярэдзіне мая ў 1993, 2011, 2013 гадах. У 2002 годзе майская тэмпература падымалася да +280С. А ў 1996 годзе 13 мая Стэфан Рамэйка зафіксаваў +300С.
10 мая 2011 года Станіслаў Памецька назіраў рэдкую з’яву надвор’я: у поўдзень пры тэмпературы паветра +200С вакол сонца ўтварылася вясёлка.
НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ
Калі бяроза распусціцца раней за вольху, таполю і клён – лета будзе сухое і сонечнае, а калі наадварот – мокрае і халоднае.
Калі рабіна зацвіце позна – будзе доўгая і цёплая восень.
Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.