Основные принципы голосования

15:29 / 23.08.2012

23 верасня 2012 года ў нашай краіне адбудуцца выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. У сувязі з гэтым не лішнім будзе нагадаць асноўныя прынцыпы выбарчай сістэмы Рэспублікі Беларусь.


Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 21 года, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь і не мае судзімасці.
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з’яўляюцца свабоднымі і праводзяцца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.
Права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія знаходзяцца па прыгаворы суда ў месцах пазбаўлення волі, а таксама асобы, якія ўтрымлiваюцца пад вартай.
Выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць на выбарах. Кожны выбаршчык мае адзін голас.
Дэпутаты выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна. Галасаванне на выбарах з’яўляецца тайным: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў падчас галасавання забараняецца.
Датэрміновае галасаванне праводзіцца не раней чым за пяць дзён да выбараў з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін. Прагаласаваць датэрмінова маюць права выбаршчыкі, якія ў дзень выбараў не маюць магчымасці знаходзіцца па месцы свайго жыхарства. Пры гэтым афіцыйнага пацвярджэння прычын немагчымасці прыйсці ў памяшканне для галасавання не патрабуецца.
Падрыхтоўку і правядзенне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на тэрыторыі Астравецкага раёна забяспечваюць акруговая выбарчая камісія Смаргонскай выбарчай акругі № 59 і ўчастковыя выбарчыя камісіі.
Выбраным у першым туры выбараў па выбарчай акрузе лічыцца кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, які атрымаў больш за палову галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Выбары прызнаюцца адбыўшыміся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш за палову выбаршчыкаў акругі, унесеных у спіскі грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах.
Калі ні адзін з кандыдатаў у дэпутаты не набраў неабходнай колькасці галасоў, то не пазней чым у двухтыднёвы тэрмін па рашэнні акруговай выбарчай камісіі ў выбарчай акрузе праводзіцца другі тур галасавання па двух кандыдатах у дэпутаты, якія атрымалі большасць галасоў выбаршчыкаў. Выбары прызнаюцца адбыўшыміся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш за 25% выбаршчыкаў, унесеных у спіскі грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах.
Звароты аб парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах, якія паступілі ў камісіі, дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, разглядаюцца ў трохдзённы тэрмін з дня паступлення звароту, а звароты, што паступілі ў дзень выбараў, – неадкладна. Звароты, у якіх утрымліваюцца звесткі, якія патрабуюць праверкі, разглядаюцца не пазней, чым у дзесяцідзённы тэрмін з дня паступлення.



---------------------------------

Дзмітрый ДАМАРАД,намеснік пракурора раёна.

Фото з сайта www.grodnonews.by