60-летие своей деятельности в Островецком районе отметил Ростислав Арсентьевич Герт

12:40 / 19.08.2012

Юбілеі бываюць розныя: асабістыя і прафесійныя, круглыя і не вельмі… У мінулую сераду старшыню раённага савета ветэранаў Расціслава Арсенцьевіча Герта віншавалі з не зусім звычайным юбілеем: роўна 60 гадоў назад ён прыехаў па размеркаванні працаваць у Астравец.


За той час сплыло шмат вады, іншым стаў і горад, і раён, і самі людзі… І ў тых вялікіх змяненнях, што адбыліся за гэтыя шэсць дзясяткаў гадоў, ёсць немалы асабісты ўклад Расціслава Арсенцьевіча, які амаль усё сваё працоўнае жыццё аддаў Астравецкаму раёну: працаваў дырэктарам розных школ, загадчыкам раённага аддзела адукацыі, намеснікам старшыні райвыканкама.
Аб гэтым гаварыў у сваім выступленні на спецыяльным сумесным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, віншуючы Расціслава Арсенцьевіча з такім пачэсным і слаўным юбілеем. Ён зазначыў, што ў многіх справах і падзеях гэты ўклад быў лёсавызначальным. Пра гэта помняць астраўчане, Астравец і ўвесь раён – на жаль, будынкі, помнікі, вуліцы не могуць расказаць пра сваю гісторыю. Але юбіляр коратка распавёў – бо калі расказваць падрабязна, то атрымаецца тоўстая кніга мемуараў – аб некаторых момантах свайго жыцця.
Рэспубліканскі савет грамадскага аб’яднання савета ветэранаў у сувязі з юбілеем узнагародзіў Расціслава Арсенцьевіча Герта знакам “Ганаровы ветэран”, а раённы выканаўчы камітэт адзначыў яго вялікую працу ў выхаванні падрастаючага пакалення, актыўны ўдзел ва ўсіх грамадскіх справах раёна, актыўную жыццёвую пазіцыю Ганаровай граматай.
Акрамя гэтых узнагарод, Расціслаў Арсенцьевіч прымаў ад усіх прысутных пажаданні творчага і дзейснага даўгалецця і актыўнай працы. Бо, як зазначыў, віншуючы юбіляра, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, Расціслаў Арсенцьевіч Герт – гэта хадзячая гістарычная энцыклапедыя, да якой у любы час можна звярнуцца, каб пачэрпнуць інфармацыю з навейшай гісторыі раёна.



Рэдакцыя “Астравецкай праўды” далучаецца да шматлікіх віншаванняў Расціславу Арсенцьевічу з нагоды яго 60-гадовага юбілею нястомнай працы на карысць Астравеччыны.

Ніна РЫБІК, фота аўтара.