Ветэраны электрасувязі астраўчане Аляксандр і Марыя Ліпчанскія расказалі пра сябе і сваю прафесію

10:13 / 07.05.2022

7879.jpg

Аднойчы прыйшоўшы працаваць у сувязь, муж і жонка Ліпчанскія не здрадзілі гэтай справе да выхаду на заслужаны адпачынак. 
Амаль 40 гадоў Аляксандр Сямёнавіч і Марыя Данілаўна жывуць у Астраўцы. Пры­вяла іх сюды прафесійная сцежка – і наш горад стаў другой радзімай для карэннага ашмянца і ўраджэнкі Крупскага раёна. 

Радыёаматар Саша
– Я, можна лічыць, з дзяцінства прадвызначыў сабе прафесію: школьнікам з маскоўскага пасылгандлю выпісваў радыёдэталі і рабіў простыя радыёпрыёмнікі прамога ўзмацнення, – пачынае расповед Аляксандр Сямёнавіч. –  А ў 1966 годзе пайшоў у войс­ка – і там сувязь мяне «чакала». Пасля каранціну прыехалі «купцы», пачалося размеркаванне. Першым падышоў да нашай групы радыст – правяраць, ці здатныя вывучыць азбуку Морзэ, я знаё­мы з ёй быў – не падабалася! Таму радыст мне «ці-ці-та-та», а я наадварот: «та-та-ці-ці». (Смяецца.) Пачалі далей адбіраць. Кажуць мне: «Пакажыце пальцы». Я выцягнуў рукі ўперад. «Ценькія пальцы – будзеш тэлеграфістам!»  Так трапіў у сувязь: на тэлеграф, дзе працавалі з даку­мен­тамі асаб­лівай сакрэт­насці. Роўна год прабыў у вучэбнай роце. І яшчэ паўтара месяцы чакаў вынікаў спецправеркі перад тым, як пачаць работу з даку­­ментамі. 
У чэрвені 1969 года, пасля дэмабілізацыі, Ліпчанскі пры­ехаў дамоў і, адпачыўшы пару тыдняў, пайшоў уладкоўвацца на працу.
– Куды? – перапытвае мой субя­седнік. – Канешне ж, у сувязь. Спачатку быў тэхнікам-пашпартыстам – гэта работа з дакументацыяй: дзе якія лініі сувязі пракладзены, калі рамантавалі, мянялі  і гэтак далей. А  ўжо ў верасні мяне перавялі на электрасувязь, на так званы ЛАЗ (лінейна-апаратная зала). Тады гэтая сфера была маларазвітай – тэлефонаў усяго пару дзясяткаў па горадзе, а на сяле яшчэ менш. Абслугоўваў мясцовую і дальнюю сувязь: каналы з Гродна, Мінскам, Смаргонню і іншымі населенымі пунктамі.  
У абавязкі Аляксандра Сямё­навіча ўваходзілі прыём заявак аб няспраўнасцях, праверка каналаў, выпраўленне пашко­джанняў на іх  – словам, адказваў за функцыянаванне ўсяго абсталявання – пачына­ючы ад радыёвузла і заканчваючы дальняй сувяззю. 
– У нас жа тады АТС-49 была – такая даўніна, ніхто ўжо такіх і слоў не помніць! – смяецца мужчына. – Гэта цяпер элек­т­ронныя станцыі, а раней жа былі рэлейна-механічныя, дэкадна-крокавыя, пазней сталі каардынатныя. Праз Ашмяны ішлі і транзітныя каналы Масква, Вільнюс – стаяла прамежкавая станцыя для іх перадачы.
Завочна Аляксандр адвучыўся ў  мінскім тэхнікуме электрасувязі на аддзяленні радыёсувязі. І калі ў Ашмянах арганізавалі эксплуатацыйна-тэхнічны вузел сувязі, ён узначаліў там вытворчую лабараторыю. 
– Манціравалі і абслугоў­валі абсталяванне, якое забяспечвала работу сувязі на вузлах у Смаргоні, Астраўцы і Ашмянах. Нас выклікалі, калі дзяжурны персанал не мог выправіць непаладку. Ды і ўво­гуле, сувязь такая рэч – аднаму цяжка нешта зрабіць, а іншы раз нават і немагчыма, –  удакладняе ветэран працы. – У 1975 годзе пачало паступаць абста­ляванне імпульсна-кода­вай мадуляцыі – правобраз інтэрнэта. Дарэчы, на сельскай сувязі камплект такога абсталявання (першы ў Гродзенскай вобласці і другі ў Беларусі) быў устаноўлены ў Граўжышках. Месяц у Мінску знаёміўся з гэтым абсталяваннем. Цудоўная была машына: ні шумоў, ні перашкод – размаўляеш на адлегласці, нібы побач сядзіш! 

IMG_9424.jpg


Тэлеграфістка Маша
Марыя Данілаўна родам з вёс­кі Калодніца, што ў Мінскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну памёр ад ран у каўнаскім шпіталі яе бацька, а ў 1947 го­дзе пайшла на той свет і маці. Дзеці, з якіх Маша была самай малодшай, засталіся сіротамі. Дзяўчынка трапіла ў дзетдом. 
– Адтуль мяне і адправілі ў Брэсцкае рамеснае вучылішча асвойваць прафесію  паштова-тэлеграфнага агента, – дзеліцца жанчына. –  А пасля заканчэння накіравалі ў Ашмяны. Там мы і з Сашам пазнаёміліся, а праз паўгода пажаніліся. Калі муж прыйшоў у сувязь, я ўжо працавала ў лінейна-апаратнай зале.
– А пачынала я з марзянкі – спачатку ж тэлеграф быў азбукай Морзэ, апаратаў СТ, якія друкавалі літары, не было.  У мае абавязкі ўваходзілі прыём і перадача тэлеграм.  Мінула столькі часу, а я і цяпер магу на тым «ключы» Морзэ працаваць: «а» – кропка-працяжнік, «н» – працяжнік-кропка, – усміхаецца Марыя Данілаўна. – Тэлеграмы ў асноўным сур’ёзнага зместу адпраўлялі, віншаванняў амаль не было.
– Працавала і на літарадру­кавальным апараце, спачатку простым – СТ, – працягвае астраў­чанка. – Пазней з’явіліся мады­­фікаваныя СТ-2М, калі дру­ка­­валі спярша на перфастужку, потым звяралі тэкст, а потым застаўлялі гэту стужку ў зваротны ход – і  адпраўлялі на перадачу. Такія апараты былі зручнымі: 3-4 тэлеграмы ішло за паўхвіліны, памылкі маглі праверыць і выправіць, ды і лінію доўга не займалі. 
Як і яе муж, жанчына завочна скончыла мінскі тэхнікум сувязі. Марыю перавялі ў электра­сувязь старшым электра­меха­нікам. Цяпер яна займалася  абслу­гоўваннем абсталявання – ад радыёвузла да АТС. 
– На тэлеграфе больш стасун­каў было – людзей шмат і розных прыходзіла. А калі перайшла ў электрасувязь (яна была ў асноўным паветраная, кабель тады мала дзе ляжаў), працавала напрамую ў асноўным з манцёрамі, – гаворыць Марыя Данілаўна. – А ўвогуле мне ўсю­ды добра працавалася.
– Прыгадаўся адзін кур’ёзны выпадак з тэлеграмай – тычыўся ён непасрэдна мяне, – смеючыся, узгадвае жанчына. –    Я адпачывала ў сястры ва Уздзенскім раёне і адправіла Сашы тэлеграму: «Прыеду заўтра». А яму дайшоў змест «Хутка прыязджай заўтра». 
– Тэлефона ў вёсцы не было, каб запытаць, што да чаго, – пад­хоплівае Аляксандр. – Я тэр­мі­нова сабраўся, адпрасіўся з работы – і пагнаў. На вакзале ў Мінску мы размінуліся. Прыязджаю да швагеркі, а тая здзіў­ляецца: чаго? Маша ж напісала, што прыедзе заўтра. Паказваю тэлеграму ёй.  Пасмяяліся – і паехаў я назад.  

Астраўчане Ліпчанскія
Муж з жонкай прыехалі ў Астравец у 1985-м, калі тут пабу­давалі вышку для трансля­цыі тэлебачання (знаходзілася насупраць сённяшняга будынка ТЦСАН у бок вуліцы Зорнай. – Заўв. аўт.). 
– Нас жыллём зманілі сюды, – усміхаецца Аляксандр Сямё­навіч. – Мы ў Ашмянах жылі ў камуналцы на 4 сям’і, стаялі на чарзе на кватэру, але калі ды што там будзе, не ведалі.  Мне прапанавалі работу ў Астраўцы, яшчэ і жыллё давалі. Да таго ж і работа цікавая: перадатчык, тэлебачанне. 
– Планавалі ўстанавіць рэтранслятар  на 100 Вт, а ў выніку паставілі ўсяго на 10. Такім чынам, больш як на 10 кіламетраў ён не «цягнуў», – узгадвае Ліпчанскі.  – Да слова, на работу хадзіць мне давялося блізка – яна была праз сценку, у тым жа доме, дзе мы пасяліліся: пераступіў парог – і на месцы. Маё дзяржурства праходзіла ля экрана тэлевізара: уключу і сачу, як ідзе перадача эфіру, ці няма скажэнняў. Можна было за сігналам глядзець і па прыборах, але няма нічога лепш візуальнага кантролю. У другой палове дома, дзе быў перадатчык, меўся яшчэ гасцінічны пакой – для камандзіраваных.
Працаваў Аляксандр Сямё­на­віч адзін – падмены не было, і калі тэрмінова патрабавалася адлучыц­ца, на дапамогу пры­ходзілі смаргонскія калегі. 
– У Астраўцы трансліравалі ка­­­­нал «БТ 1» – яго эфір не быў разлічаны на ўвесь дзень, – расказвае былы электрамеханік. –  Я ўключаў ра­нішні блок, які доўжыўся з 6.00 да 9.00, потым быў дзённы перапы­нак і дзесьці з 17.00 – вячэрні блок, начнога вяшчання таксама не было. Так і адпрацаваў да пенсіі – да 2007 года.
Марыя Данілаўна з Ашмянска­га вузла сувязі перавялася ў Астравецкі  – таксама старшым электрамеханікам.
– Вузел электрасувязі спяр­ша быў у будынку, дзе цяпер «Адно акно», – удакладняюць муж з жонкай. – Тут на той час невя­лікае ў параўнанні з Ашмя­намі абсталяванне было. Там быў транзітны вузел: Смаргонь, Віль­нюс, Астравец, Іўе, а тут толь­кі – Астра­вец і Ашмяны. 
Калі на ўчастку Марыі Дані­лаў­ны тэхніка абнаўлялася, то ў Аляксандра Сямёнавіча  «прагрэсу» не планавалася:
– Таму што гэты накірунак быў не­перспектыўны, – тлума­чыць аст­­раў­чанін. – Станцыю закрылі ў 2007 годзе. Пры мне яе запускалі – ман­ціравалі 50-метровую мачту і пры мне зды­малі. (Смяецца.) 

895.jpg

З астравецкімі калегамі (злева направа): стаяць Марыя Пратасевіч, Марыя Ліпчанская, Наталля Бледная, Тэрэса Вянгроўская, сядзяць Іван і Міхаіл Пратасевічы. 2000-я гады. 


Так, аднойчы прыйшоўшы ў сувязь, Аляксандр Сямёнавіч і Марыя Данілаўна засталіся вер­нымі ёй цягам усяго прафе­сій­­нага шляху. Яны ўзгад­ваюць пра гады працы з цеплынёй. І цешацца, што не забывае кіраў­­­ніцтва былых работнікаў: што­год віншуе з прафесійным святам, Днём пажылых людзей і Новым годам. 
– Мы ўдзячныя за гэта, нам вель­мі прыемна! І справа тут не ў грашах ці падарунках, якія нам прывозяць, а ў пашане і ўвазе, якія аказваюць, – гавораць ветэраны працы.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 
Текст: