Клапоцяцца пра Зямлю альхоўскія школьнікі

09:39 / 25.04.2022

Штогод 22 красавіка адзначаюць Дзень Зямлі. Гэты час абраны як нельга лепш: прырода прачынаецца. У нашай краіне захаваліся добрыя традыцыі: пасля зімы наводзіць парадак на зямлі і садзіць лес.

Сёлета мы з другакласнікамі ўбіралі бераг ракі Страчы. Не толькі прыбіралі смецце, але і сарціравалі яго: шкло, папера, пластык.

Паўдзельнічалі і ў акцыі “Тыдзень лесу”. Дапамог нам у гэтым галоўны ляснічы Міхалішкаўскага лясніцтва Яўген Волкаў. Ён расказаў, што для пасадкі дрэў выбіраюцца месцы, дзе прайшла высечка лесу, і прапанаваў пасадзіць сваё дрэва – хлопчыкі з радасцю гэта зрабілі.

Здаецца, звычайныя справы. Але менавіта так дзеці навучацца захоўваць прыроду: проста прыбраўшы смецце, пасеяўшы кветкі, пасадзіўшы дрэва.




Валянціна МІХАЙЛАВА,

Альхоўская СШ.