Слыннаму земляку, прафесару Адаму Мальдзісу – 80 гадоў!

10:00 / 12.08.2012






У літаратурным музеі ў Мінску 7 жніўня прайшла ўрачыстая вечарына, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння Адама Восіпавіча Мальдзіса. Удзел у ёй прынялі і прадстаўнікі Астравеччыны – радзімы прафесара.

У фае працавала невялікая выстава, прысвечаная юбіляру: асабістыя рэчы, у тым ліку і з яго школьнага дзяцінства, фотаздымкі, кнігі… Прыйшло шмат знакамітых людзей, імёны і твары якіх больш вядомы па надпісах на вокладках кніг і партрэтах у розных выданнях – пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў – для Адама Мальдзіса яны аднакурснікі, сябры, калегі, паплечнікі па працы.
Невялікая зала ледзь змагла ўмясціць усіх жадаючых павіншаваць Адама Восіпавіча. Пачатак сустрэчы зацягваўся, бо юбіляра літаральна “рвалі на часткі” журналісты з розных тэлеканалаў і газет. Падобна, ніводнае паважаючае сябе выданне не абышло ўвагай юбілей мэтра, чалавека-энцыклапедыі, зубра беларускай гісторыі і культуры, збіральніка бясцэнных жамчужын культурнай спадчыны беларусаў, беларуса ў яго найбольш тыповых і яркіх праявах – усе гэтыя і многія іншыя вобразныя эпітэты гучалі ў той дзень у адрас юбіляра. І можна шчыра сказаць: усё гэта не было перабольшваннем, хоць Адам Восіпавіч і ўсміхаўся скептычна ды адмоўна круціў галавою, калі кампліменты сыпаліся занадта шчодра.
Вечарына была пабудавана ў форме кола часу: на імправізаваную сцэну па чарзе выходзілі людзі, з якімі ў розны час вучыўся, працаваў, сябраваў ці супрацоўнічаў Адам Восіпавіч.
Вельмі шчырым і цёплым было віншаванне аднакурснікаў па аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Анатоля Вярцінскага і Марыі Карпенка – яны па юнацкай звычцы называлі шаноўнага юбіляра “Адаме” і расказвалі пра “прыколы” іх студэнцкага жыцця. Вячаслаў Рагойша быў некалі ўдзельнікам літаратурнага аб’яднання, якое некалі вёў у Радашковіцкай раённай газеце пачынаючы журналіст Адам Мальдзіс – і таксама прыгадаў шмат цікавых і смешных момантаў іх тагачаснага жыцця. Вучоныя з Акадэміі Навук Беларусі на чале з Уладзімірам Гніламёдавым, з якімі ў свой час Адам Восіпавіч разам працаваў у інстытуце мовы і літаратуры; намеснік міністра культуры Т.І. Стружэцкі; намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь У.Б. Ламека, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу В.М. Лузіна, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Р.С. Матульскі, сённяшняе кіраўніцтва Міжнароднай асацыяцыі беларусаў свету, якую ў свой час стварыў і на працягу пятнаццаці гадоў узначальваў Адам Восіпавіч, і камісіі “Вяртанне”, якая таксама была створана Адам Восіпавічам і дзейнасці якой ён аддаў шмат сіл і часу; супрацоўнікі інстытута культуры Беларусі, дзе зараз працуе Адам Мальдзіс, на чале з дырэктарам, вядомым этнографам Янкам Круком, кіраўніцтва газет “СБ. Беларусь сегодня”, “Голас радзімы”, часопіса “Беларусь”, пісьменнікі, журналісты, кнігавыдаўцы і бібліяфілы, прадстаўнікі скарынаўскага цэнтра – яшчэ аднаго дзецішча Мальдзіса, – і многія іншыя ў той дзень шчыра віншавалі юбіляры, гаварылі аб ім шмат цёплых слоў.





А ганаровае права распачаць гэтае своеасаблівае “кола часу” і віншаванняў выпала прадстаўнікам маленькай радзімы юбіляра, з якой ён захоўвае цесную сувязь на працягу ўсяго свайго жыцця. Астравеччыну ў той дзень на свяце прадстаўлялі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла, дырэктар раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава, вядомы ў раёне краязнаўца Алесь Юркойць і аўтар гэтых радкоў. Ужо на месцы да астравецкай дэлегацыі далучыліся землякі – мастак Алег Драбышэўскі, журналістка “Народнай газеты” Людміла Мінкевіч, прафесар Арсен Ліс – ураджэнец Смаргоншчыны, з якім Адам Мальдзіс у далёкім юнацтве разам ездзіў на курсы да Мікалая Ермаловіча… Хоць ўвогуле віншаванняў астраўчан на гэтым свяце была нашмат большай: Алесь Юркойць перадаў нізкі паклон і самыя цёплыя пажаданні ад варнянцаў, шчырыя лісты з віншаваннямі даслалі бібліятэкар Іаланта Валуевіч са Спондаў і наша зямлячка мастачка Бірутэ Куцкайтэ з Вільнюса. Кожны знайшоў для шаноўнага юбіляра цёплыя і важкія словы.
А Віктар Збігневіч Свіла, павіншаваўшы Адама Восіпавіча ад імя ўсіх жыхароў раёна, падарыў яму ад Астравецкага райвыканкама сучасны ноутбук – у дадатак да падоранай іншымі віншавальнікамі чыстай паперы, аўтаручак, дыктафона… Мальдзіс неаднойчы выказваў сваю запаветную мару: калі-небудзь вярнуцца на родную Астравеччыну, каб у цішы і спакоі закончыць шматлікія распачатыя кнігі.
Хочацца спадзявацца, што некалі яна ўсё ж збудзецца: гэтых кніг так не хапае ўсім нам…


Ніна РЫБІК, фота аўтара.