Последствия стихии на Островетчине ликвидированы

12:03 / 09.08.2012

Навальніца, якая абрынулася на Астравеччыну ў панядзелак вечарам, нанесла людзям нямала шкоды: вецер наламаў нямала дроў, дождж затапіў дамы і кватэры. На дапамогу насельніцтву паспяшаліся розныя службы раёна, у тым ліку і работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.


За адны суткі брыгады выратавальнікаў выязджалі на выклікі ў розныя населеныя пункты. У вёсцы Валэйкуны Варнянскага сельсавета яны распілавалі і паваленае дрэва ў двары жылога дома. У Астраўцы па вуліцы Лугавой сумесна з работнікамі раённых электрасетак выратавальнікі здымалі частку даха, якую вецер сарваў з аднаго з дамоў і закінуў на лінію электраперадач. Сумеснымі намаганнямі такі “жарт” стыхіі быў таксама ліквідаваны.
У вёсцы Керплашына Гервяцкага сельскага Савета вецер паваліў два дрэвы на два жылыя дамы. У працэсе аказання дапамогі насельніцтву дрэвы былі распілаваны і прыбраны з двароў. Яшчэ адно дрэва нанесла шкоду жыхарам вуліцы Зарэчнай райцэнтра – яго таксама ў хуткім часе прыбралі.
Ратавалі выратавальнікі і жыхароў дома №39 па вуліцы Валадарскага, пра бяду якіх мы пісалі ў мінулым нумары: пасля моцнага дажджу ім давялося адкачваць ваду з даху гэтага дома.
Таксама брыгада з аддзела па надзвычайных справах выязджала на выклік у вёску Ізабеліна. Там яны распілавалі і прыбралі паваленае дрэва.
Такім чынам, менш чым за суткі асноўныя пашкоджанні стыхіі былі ліквідаваны. Хочацца спадзявацца, што паўтору не будзе.


Марына МАЦКЕВІЧ.


У барацьбе з прыроднай стыхіяй давялося ўдзельнічаць і некаторым прадпрыемствам і арганізацыям раёна. Ці шмат непрыемнасцей і клопатаў прынёс ураган лясной гаспадарцы раёна, мы паспрабавалі высветліць у галоўнага ляснічага ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Аляксандра Пятровіча Шостака.


– Ураганны вецер, які ў панядзелак пранёсся па тэрыторыі раёна, вялікай шкоды лясной гаспадарцы Астравеччыны не прынёс. Прынамсі, яго ніяк нельга параўнаць з наступствамі стыхіі, якая прайшлася па Астравецкаму раёну ў 1999 годзе, ці нават у 2007 годзе, калі ў Падольскім лясніцтве было пашкоджана амаль сем гектараў лесу. На гэты раз вялікай бяды ён не нарабіў. У ноч з панядзелка на аўторак былі пашкоджаны адзіночныя дрэвы ўздоўж дарог. Хаця не лішнім будзе адзначыць, што дрэвы падаюць кожны год – і кожны год брыгады лясніцтваў падчышчаюць завалы. Падчас сёлетняга ўрагану найбольшыя страты панеслі Астравецкае і Гервяцкае лясніцтвы. Зразумела, што з самага пачатку работнікі лясгаса ўзяліся за ачыстку дарог. Так, напрыклад, дарогу ў накірунку з Варнян на Гервяты пачалі ачышчаць яшчэ ноччу. А работы па вызваленні ад дрэў дарогі з Астраўца на Якентаны былі завершаны ўжо ў аўторак да абеду. Потым прыйшла чарга ачысткі буралому ў лясах. І хаця вецер прайшоў па ўсім раёне, вялікія плошчы пашкоджання лесу не выяўлены.
Дарэчы, пакуль мы даехалі да завалу, які ўтварыўся падчас навальніцы на дарозе Астравец-Якентаны, яго ўжо амаль прыбралі, на змену праліўному дажджу, які зноў зарадзіў з раніцы ў аўторак, выглянула яркае сонейка, неба стала светлым-светлым – як сімвал перамогі над страшнай стыхіяй.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.