Якім было надвор’е 13-19 красавіка ў розныя гады

09:39 / 13.04.2022
13-19 красавіка

Спраўдзілася яшчэ адна народная прыкмета пра «вокідзь на бусліка». Белакрылыя птахі завіталі на Астравеччыну  напрыканцы сакавіка  – а пачатак красавіка адзначыўся рэзкім пахаладаннем і снегападам, у паўднёвых і цэнтральных раёнах Беларусі – моцнымі. Прыцерушыла сняжком і астравецкіх бацяноў. Гараджанам такое надвор’е не даспадобы – а вось вяскоўцы пара­даваліся дэфіцытнай сёлета вільгаці, што змякчыла перасохлую за сухі сакавік зямлю.

Але як бы там ні было, вясна ўбіраецца ў сілу. Сеюць збожжавыя аграрыі, нарыхтоўваюць бярозавік лесаводы і дбайныя гаспадыні, слухаюць звонкагалосы птушыны хор аматары прыроды, любуюцца першацветамі кветкалюбы.

Дарэчы, снег напачатку і нават у сярэдзіне красавіка – не такая і рэдкая з’ява: пра гэта сведчаць запісы варонскіх натуралістаў. Так, паводле запісаў Стэфана Рамэйкі,  у 2001 годзе снег ішоў дзень і ноч з 13 па 15 сакавіка, тэмпература паветра ў гэтыя дні была каля нуля. Снег падаў 15 красавіка ў 1997 годзе. Начныя маразы ў гэты перыяд трымаліся ў 1993 годзе – 16 красавіка слупок тэрмометра апускаўся да -50С, а таксама ў 1996-м і 1997-м гадах. 

А ў 1990 годзе, наадварот, было надзвычай цёпла. «Неба чыстае, цёпла, лёгенькі ветрык, пачынае распускацца бяроза і чаромха», – запісаў у дзённіку надвор’я Стэфан Рамэйка – і адзначыў у той дзень +160С. Хоць здараліся і больш пагодлівыя дні: да прыкладу,  у 2000-м у гэты час было ад 16 да 21 градусаў цяпла, +200С зафіксавана 15 красавіка 2002 года, надзвычай цёплай была сярэдзіна красавіка ў 2004, 2005, 2007, 2010, 2013, 2018, 2019 гадах. Хоць звычайна ў сярэдзіне красавіка тэмпература вагалася ад +50С да +100С.

Хоць і рэдка, але здараліся ў гэты час навальніцы з грымотамі ды бліскавіцамі. 19 красавіка 1990 года Стэфан Рамэйка зафіксаваў «дождж, град, гром». Грымела і зіхала 16 красавіка 2002 года.



Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК. 

Фото: Вероника Бойкова