Якім было надвор’е ў розныя гады 30 сакавіка – 5 красавіка

08:33 / 30.03.2022
Па назіраннях Станіслава Памецькі, сакавік сёлета быў асаблівым: на працягу амаль усяго месяца, з 1 і да 24, начныя тэмпературы былі ніжэй за нуль градусаў. І пры гэтым на працягу шаснаццаці дзён, з 9 па 24 сакавіка, дні стаялі сонечныя і амаль бязветраныя.

Ён жа паведаміў, што ўжо вылецелі пчолы з вулляў і цвіце арэшнік. Прыляцелі з выраю журавы, гусі, шпакі. А вось буслоў у гэтым годзе Станіслаў Памецька яшчэ не бачыў. Звычайна яны прылятаюць у час з 22 сакавіка па 3 красавіка – хоць у асобныя гады, як сведчаць назіранні варонскіх натуралістаў, гэта адбывалася і раней – у 2020 годзе, да прыкладу, буслоў бачылі 17 сакавіка.

Звычайна ў гэты час, напрыканцы сакавіка – у пачатку красавіка, здараецца больш ці менш працяглае пахаладанне і ідзе снег – часам даволі моцны, часам толькі крыху прыцярушыць зямлю. У народзе гаварылі, што гэта «вокідзь на бусліка» – маўляў, пасля прылёту белакрылых птахаў неба абавязкова павінна пасыпаць іх сняжком.

Запісы Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі гэтую народную прыкмету па­цвярджаюць: амаль кожны год у гэты перыяд яны фіксавалі вялікі ці не вельмі снег.

У 1996 годзе, як піша Стэфан Рамэйка, «бацян прыляцеў 7 красавіка, і пайшлі гусі». А снег у гэты час яшчэ ляжаў на полі – «нідзе ніводнай плямы». Больш таго: паводле яго дзённіка, 1 і 2 красавіка дзень і ноч ішоў вялікі снег, а мароз ноччу 31 сакавіка апускаўся да 11 градусаў.

Станіслаў Памецька ў 2012 годзе за­пісаў, што «ў ноч з 1 на 2 красавіка выпала 4 см снегу. Днём 4 красавіка снегу было 7 см».

Хоць усё ж часцей канец сакавіка і пачатак красавіка радаваў цяплом, часам – вельмі высокімі тэмпературамі. Так, у 2003 годзе 30 сакавіка днём было +160С. Праўда, ужо праз дзень начная тэмпература складала -60С, а днём не падымалася вышэй за нуль. А ў 2007 годзе ў гэты ж дзень было +180С. 

Пачынаўся красавік з 18-19 дзённых градусаў цяпла ў 1990, 1991, 2000, 2005, 2016, 2018 гадах. А ў 2001 годзе 5 красавіка было +200С – рэкордны паказчык за гісторыю назіранняў варонскіх натуралістаў.

Народныя прыкметы

30 сакавіка па праваслаўным календары – Аляксей. «На Аляксея зіма пацее», –гаварылі ў народзе. І дадавалі: «Рыба – аб лёд, саначкі – аб плот». 

Лічылася, што рыбаловы ў гэты дзень павінны змайстраваць сваім рукамі нейкую рыбалоўную прынаду, тады на яе бу­дзе лавіцца шмат рыбы.


Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК. 

Текст: Главный администратор