Святы і памятныя даты 19-25 сакавіка

12:05 / 21.03.2022
СЁЛЕТА СПАЎНЯЕЦЦА

155 гадоў назад (1867) створана Астравецкае народнае вучылішча. Размяшчалася яно ў грамадскім доме. На яго ўтрыманне з казны адпускалася ў год 200 рублёў. У вучылішчы займаліся 24 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі. Настаўнікам працаваў Павел Жамойцін, які скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю.

У гэты ж год створана Гервяцкае народнае вучылішча. На ўтрыманне яго адпускалася 120 рублёў з дзесяціннага збору сялян. Вучылася ў ім 40 хлопчыкаў.

СЁЛЕТА АДЗНАЧАЕЦЦА

100 гадоў (1922) з дня нараджэння Івана Мікітавіча Мартынава, удзельніка партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну.
 
Іван Мікітавіч нара­дзіўся 10 лютага ў вёсцы Фёдараўка Саратаўскай вобласці. У 1940 годзе яго прызвалі ў Чырвоную армію. Служыў у сапёрным батальёне на тэрыторыі Літвы. У 1941 годзе пад Невелем быў цяжка паранены і трапіў у палон, утрымліваўся ў канцэнтрацыйным лагеры ва Усходняй Прусіі. Двойчы ўцякаў з палону, у другі раз – паспяхова. Праз усю Літву прабраўся ў Беларусь. Уступіў у партызанскі атрад імя А.В. Суворава. Быў радавым байцом, камандзірам аддзялення, палітруком, камандзірам узвода, начальнікам разведкі, памочнікам камісара атрада.

У 1944-1952 гадах працаваў у Вілейскім і Маладзечанскім аблвыканкамах. Закончыў Мінскі педагагічны інстытут і перайшоў на педагагічную работу, працаваў у Спондаўскай школе. Стварыў музей баявой славы парты­занскіх злучэнняў Вілейскага краю. 

Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, медалямі. Выдатнік народнай асветы СССР і БССР. Аўтар кнігі «Маркаўцы», якая расказвае пра дзейнасць атрада імя Суворава пад кіраўніцтвам Героя Савецкага Саюза Маркава. 

Памёр у 1994 годзе. 

Святы і памятныя даты

19 сакавіка – Дзень кліента.
20 сакавіка – Міжнародны дзень шчасця, Міжнародны дзень астралогіі.
20-21 сакавіка  – Дзень вясенняга раўнадзенства.
21 сакавіка – Дзень зямлі, Сусветны дзень паэзіі, Міжнародны дзень тэатра лялек, Міжнародны дзень людзей з сіндромам Даўна, Міжнародны дзень лясоў.
21-22 сакавіка – Наўруз – свята Новага года па астра­намічным сонечным календары у іранскіх і цюркскіх народаў.
22 сакавіка – Дзень памяці Хатынскай трагедыі, Сусветны дзень водных рэсурсаў, Міжнародны дзень Балтыйскага мора.
23 сакавіка – Сусветны метэаралагічны дзень.
24 сакавіка – Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам.
25 сакавіка – Дабравешчанне (каталіцкае), Дзень паштоўкі, Дзень добрых спраў, Міжнародны дзень спартыўнага кіно. 

Падрыхтавалі  Ніна РЫБІК, Рыта ДРЭМА.
Текст: Главный администратор