Якім было надвор’е ў апошні тыдзень лютага ў розныя гады

11:29 / 23.02.2022
22-28 лютага

У паветры пахне вясной. Снег амаль сышоў. Неба, калі не зацягнута хмарамі, усё больш высокае і блакітнае. Жэўжыкі-ручаінкі звіняць усё званчэй і цякуць усё шпарчэй… А 17 і 18 лютага жыхары раёна бачылі на небе вясёлку.

А якім быў апошні тыдзень лютага ў іншыя гады? 

Запісы варонскіх натуралістаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі сведчаць, што рознымі. Тэмпература паветра вагалася ад –280С (такім быў мароз у ноч з 23 на 24 лютага ў 2007 годзе) да +140С – такая цяплынь стаяла 24 і 25 лютага ў 1990 годзе. 24 лютага 1996 года Стэфан Рамэйка запісаў у роспачы: «Калі скончыцца гэты снег? Каля хаты і хлява такія кучы насыпаў, што ўжо няма куды дзяваць». У 2006 годзе 23 лютага за ноч выпала 20 сантыметраў снегу, снежным быў канец лютага і ў 2003 годзе. А ў 2012-м снег растаў 22 лютага.

Адзначалі варонскія натуралісты і асаблівыя прыродныя з’явы. Так, 23 лютага 2002 года, паводле запісаў Стэфана Рамэйкі, чулі гром і бачылі бліскавіцу. У 2008-м увесь тыдзень дзьмуў ураганны вецер, а ў 1992 го­дзе, хоць сярэдняя тэмпература тыдня трымалася каля нуля, 22 лютага «выскачыў» мароз у 22 градусы.

Калі ж ацэньваць сярэднія тэмпературы апошняга лютаўскага тыдня, то най­больш халодным было заканчэнне зімы ў 2007 годзе –11,40С, у 2005-м  – –8,90С, у 2011-м –  –7,80С, у 2001-м – –7,30С. А 1990 годзе люты заканчваўся па-вя­сенняму: сярэднія тэмпературныя значэнні ў апошні тыдзень складалі +60С, у 2008-м – +4,50С, у 2015-м – +4,30С, у 2014-м  – +3,50С.

І ўсё ж набліжэнне вясны адчувалася. 28 лютага (чамусьці заўсёды менавіта ў гэты дзень), вядомы ў раёне арнітолаг Станіслаў Памецька, у 2014-м і 2015-м чуў крыкі журавоў, а ў 2014-м – яшчэ і спеў жаўранка. А летась у гэты ж дзень ён не толькі чуў, але і бачыў чатырох журавоў.


Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна Рыбік.

Фота Мацвея Сакалоўскага.


Текст: Главный администратор