Потоп в Островце

13:36 / 10.07.2012

Цяжка, мусіць, Богу з намі, людзьмі: усё нам не так, усё – не гэтак…
Увесь чэрвень мы сумавалі па сапраўдным леце, па цёпламу сонейку, па пляжах. Урэшце дапрасіліся: Бог, здаецца, вырашыў выдаць нам адразу ўсё, што недадаў напачатку лета – раптам і адразу.
А затым – зноў дрэнна: ох, як горача, як замучыла спякота, як не хапае дожджыку…
Не хапае? Калі ласка – атрымайце і распішыцеся!
…У панядзелак з самага світання неба ўзялі ў палон чорныя калматыя хмары – і не пусцілі сонейка на волю: надакучыла, сказалі, ты людзям, адпачні само і дай адпачыць ім…



Вецер, праўда, спрабаваў змагацца з гэтай тыраніяй, праганяць грозных вартавых – дзьмуў з усёй сілы. Ды дзе там – адзін у полі не воін: найменшую прагалінку на небе тут жа зацягалі яшчэ чарнейшыя, яшчэ гусцейшыя хмары…
І літаральна праз лічаныя хвіліны вуліцы горада ператварыліся ў рэчкі, машыны – у лодкі на колах, а людзі ўспомнілі, што продкі іх выйшлі з вады – і, зняўшы туфлі і басаножкі, а самыя прадбачлівыя – абуўшы гумовікі, смела рушылі туды ж… Гэта аптымісты – песімісты ж адразу прыгадалі нядаўнюю трагедыю ў Краснадарскім краі…
Бог быў літасцівы: дождж скончыўся хутка. Ліўневая каналізацыя і перасохлая зямля ўвабралі ў сябе лішак вады, пакінуўшы яе на ўспамін толькі ў нізкіх месцах ды бетаніраваных падвалах, куды яна ўвесь ранак сцякала ніягарскім вадаспадам.
Умытае сонейка выскачыла на неба і ўжо вечарам сасмяглыя ад спёкі людзі стагналі: ох, як горача...


Ніна ПАЛЕСКАЯ.


Фота Ніны РЫБІК, Эдуарда Свірыда