Фоторепортаж: Островетчина праздновала День Независимости

17:38 / 05.07.2012

Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – Дню Незалежнасці – пачаліся ў Астраўцы 30 чэрвеня з урачыстага мітынгу ля помніка  воінам-вызваліцелям.
У святым для ўсіх астраўчан месцы – ля помніка, дзе выбіты імёны загінуўшых за свабоду і незалежнасць Радзімы землякоў, сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў, ваеннаслужачыя, школьнікі, моладзь. У ганаровай варце ля Вечнага агню – воіны-пагранічнікі і піянеры.
Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Мітынг адкрывае намеснік старшыні райвыканкама В. З. Свіла. Віктар Збігневіч нагадаў прысутным, што Дзень Незалежнасці – галоўнае свята кожнай дзяржавы. У Беларусі ў выніку народнага рэферэндуму яно адзначаецца ў дзень вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і гэта вельмі сімвалічна: менавіта на франтах Вялікай Айчыннай, у партызанскіх атрадах мільёны беларусаў, сярод якіх было нямала астраўчан, адстаялі сваё права на мірнае і шчаслівае жыццё. Прадоўжылі справу адраджэння краіны наступныя пакаленні, працай і розумам якіх Беларусь зруйнаваная ў гады вайны была ператворана ў прыгожую, сучасную дзяржаву.



Старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт у сваім выступленні на мітынгу нагадаў, што дзень вызвалення Беларусі супадае з днём вызвалення Астраўца ад фашысцкіх акупантаў і расказаў, як гэта адбывалася, узгадаў імёны землякоў-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія прымалі ўдзел у вызваленні Астравеччыны і затым гэтак жа самааддана працавалі над яе адраджэннем.
Ад імя патрыятычнай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” ветэранаў, моладзь і ўсіх астраўчан павіншавала са святам старшыня раённай арганізацыі Наталля Уладзіміраўна Сянюць, выказаўшы словы падзякі старэйшаму пакаленню за мірнае шчаслівае жыццё і запэўніўшы, што моладзь стане дастойным пераемнікам справы ветэранаў.
Тое, што ў сённяшняй Беларусі і, у прыватнасці, у Астравецкім раёне нямала людзей, якія сваёй паўсядзённай працай у розных сферах умацоўваюць незалежнасць роднай краіны, садзейнічаюць яе росквіту, сведчыць абноўленая да свята раённая Дошка гонару, на якую занесены партрэты лепшых людзей Астравецкага раёна – працаўнікоў сельскай гаспадаркі, прамысловасці, адукацыі, медыцыны, культуры, спорту і нават – з’ява, здаецца, унікальная – духоўнага жыцця. Лепшым працаўнікам Астравеччны ў той дзень былі ўручаны пасведчанні аб занясенні на раённую Дошку гонару і адпаведныя грашовыя прэміі.



А затым у гонар ветэранаў, лепшых працаўнікоў Астравеччыны і ў азнаменаванне галоўнага дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці – прагучаў трохразовы ружэйны салют. Да помніка воінам-вызваліцелям ад удзячных нашчадкаў былі ўскладзены кветкі і вянкі.
Перадсвяточны дзень завяршыўся для астраўчан цудоўным падарункам – канцэртам групы драўляных духавых музычных інструментаў Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.



А 3 ліпеня святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя галоўнаму дзяржаўнаму святу, прадоўжыліся. У гэты дзень у лесапарку для жыхароў і гасцей горада было арганізаванае масавае гулянне. Аматараў мастацтва чакаў цудоўны канцэрт, які падрыхтавалі лепшыя астравецкія артысты. Прыхільнікі здаровага і актыўнага ладу жыцця маглі паспаборнічаць у сіле і спрыце на гарадскім стадыёне. Для дзяцей і дарослых былі арганізаваны гульнявыя праграмы. Усе жадаючыя маглі паласавацца марожаным ці шашлыком, набыць сувеніры ці падарункі.



Падрыхтавала Ніна РЫБІК.
Фота Эдуарда Свірыда і Івана Петрыка.