Якім было надвор’е ў розныя гады 15-21 лютага

10:32 / 16.02.2022
НАДВОР'Е 15-21 лютага

15 лютага праваслаўныя вернікі адзначаюць Стрэчанне, альбо Грамніцы: «Сонца – на лета, зіма – на мароз» – гаварылі з гэтай нагоды ў народзе. Хоць раней, як і цяпер, год на год не прыходзіўся.

Калі прааналізаваць надвор’е ў розныя гады ў перыяд з 15 па 21 лютага паводле запісаў варонскіх натуралістаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі, то атрымліваецца, што з 1990 па 2000 гады яно і сапраўды было марозным, за выключэннем 1995-га і 1998-га, калі сярэдняя тэмпература трэцяга тыдня лютага была ніжэй за нуль. Халадней за ўсё ў тым дзесяцігоддзі было ў 1994 годзе, калі сярэдняя тэмпература тыдня складала -7,80С. 

А вось у 1995 годзе ў гэты перыяд сярэдняя тэмпература была больш за 3 градусы цяпла.

У наступнае дзесяцігоддзе, з 2001 па 2010 гады, мінусавой сярэдняя тэмпература ў трэці тыдзень лютага была ў 2003-м, 2004-м (у гэты год, дарэчы, слупок тэрмометра апускаўся да -240С, а сярэдняя тэмпература склала -6,80С), а таксама ў 2006-м, 2007-м і 2010-м. 

У апошняе дзесяцігоддзе, з 2011 па 2021 гады, холадна было ў 2011-м, 2012-м і 2021-м. А ў 2014-м, 2016-м, 2017-м, 2019-м і 2020-м, наадварот, вельмі цёпла: сярэдняя тэмпература складала ад +20С і вышэй. У 2019 годзе сярэднія значэнні тыдня склалі +4,50С. Станіслаў Памецька запісаў у сваім дзённіку, што ў той год 16 лютага прыляцелі гракі. У 2020-м было яшчэ цяплей: сярэдняя тэмпература трэцяга тыдня лютага была +5,70С.

У астатнія гады слупок тэрмометра вагаўся ля нулявой адзнакі, то крыху падымаючыся, то нязначна апускаючыся.

Народныя прыкметы

*У народзе казалі: калі на Стрэчанне (15 лютага) певень з-пад страхі нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я (6 мая) вол пад’есць травіцы.
*Стрэчанская адліга прадказвала раннюю і цёплую вясну, але год абяцаў быць неўраджайным: «Калі на грамніцы адліга, то ўраджаю будзе хвіга».
*Мяцеліца ў гэты дзень прадвяшчала вясну познюю і халодную.


Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК. 


Текст: Главный администратор