Пра праект Кастытуцыі разважае галоўны заатэхнік КСУП “Гудагай” Віктар Алёкса

10:07 / 30.12.2021

У нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі будуць акумулявацца і апрацоўвацца меркаванні грамадзян нашай краіны наконт праекту змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Віктар Алёкса, галоўны заатэхнік КСУП “Гудагай”, дэлегат VІ Усебеларускага народнага сходу:

5476409568.jpg

– Што трансфармацыя Канстытуцыі нашай краіны наспела і павінна адбыцца ў бліжэйшы час, пра гэта, напэўна, скажуць не толькі спецыялісты юрыспрудэнцыі, для якіх веданне закона, – прафесійны абавязак – але і звычайныя беларусы, такія, як і мы з вамі.

Жыццё не стаіць на месцы: за апошнія дзесяцігоддзі тэхналагічны прагрэс зрабіў такі рывок, што нашы папярэднікі пра гэта нават не марылі. У сельскай гаспадарцы працую не адзін год і ўсё гэта назіраю на свае вочы: энерганасычаныя збожжаўборачныя і глебаапрацоўчыя агрэгаты, камп’ютарызаваныя кормараздатчыкі, сучасныя малочна-таварныя комплексы з утрыманнем больш за тысячу галоў… Нават з а пакупку можна разлічыцца з дапамогай тэлефона, ледзь не ў кожнага дзіцяці ёсць гаджэт… Але ёсць і адваротны бок – пэўныя праблемы ў маральна-этычным развіцці грамадства.

Абрадавала, што адшукаў у кастытуцыйным праекце прапанову праваслаўнай царквы: шлюб – гэта саюз мужчыны і жанчыны, палавая ідэнтычнасць якіх закладзена прыродай ад нараджэння. Заходняя талерантнасць, цярплівасць да розных меншасцяў – справа еўрапейцаў і іх дзяржаўнай палітыкі. На Беларусі, у тым ліку на Астравеччыне, здавён былі моцныя сямейныя традыцыйныя каштоўнасці, якія ні ў якім разе нельга страціць. Любая краіна пачынаецца менавіта з сям’і. Істотна, што ў галоўны Закон Беларусі прапануюць унесці праўкі наконт абавязкаў бацькоў па прывіцці дзецям культуры і павагі да законаў, гістарычных і нацыянальных каштоўнасцей Беларусі.

За моладдзю – будучыня. І прапісаныя ў праекце словы цалкам апраўданыя: “дзяржава садзейнічае духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі моладзі ў інтарэсах усяго грамадства”. Гэта, да слова, робіцца ў КСУП “Гудагай”: акрамя грашовай падтрымкі маладыя сем’і забяспечваюць жыллём. На працоўных месцах для іх створаны годныя ўмовы – менавіта гэта будзе замацоўваць маладых спецыялістаў у аграпрамысловым комплексе, а значыць – вёска будзе жыць.

Мне пашчасціла быць дэлегатам ад Астравецкага раёна на VІ Усебеларускі народны сход – ад гэтага значнага форуму засталіся самыя прыемныя ўражанні. Наданне народнаму вечу статусу найвышэйшага ограна народаўладдзя Рэспублікі Беларусь – адно з самых галоўных і патрэбных дадаткаў у дзеючую Канстытуцыю. Прадстаўнікі грамадскасці, розных галін народнай эканомікі, заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады і іншыя дэлегаты будуць вызначаць далейшае развіццё грамадства і краіны, жыццё кожнага з нас: зацвярджаць сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі, забяспечваць непахіснасць канстытуцыйнага ладу і захоўвання міру і згоды ў грамадстве.


#референдум #конституция

Текст: Главный администратор