Как отмечают День мелиоратора на Островетчине

15:09 / 01.06.2012
8076

Калі праўда, што верталёт скапіравалі са страказы, то экскаватар, напэўна, – з чаплі. Паназірайце (толькі абавязкова з пэўнай адлегласці), як ён, стоячы на адной назе, рытмічна падымае і апускае сваю даўгашыюю галаву-коўш: ні даць, ні ўзяць чапля, што вышуквае ў балаціне свой абед – апетытных жабкаў.





–Рамантыка…, – усміхаецца дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Вадзім Станіслававіч Вянгроўскі. – Чаго-чаго, а стракозаў ды жабак у прафесіі меліяратара – сабе і на продаж. А яшчэ – пякучага сонца, пранізлівага ветру, зацяжных дажджоў, забалочанай глебы і пранырлівых хмызнякоў, з якімі мы, дарэчы, змагаемся вельмі сур’ёзна. Я – не вандал і таксама, як усе, з любоўю стаўлюся да траўкі ды дрэўцаў. Але хмызняк – гэта адваротны бок прыроднага хараства. Дарэчы, ён зламыснічае не толькі на меліярацыйных каналах – дзікія  зараснікі дастаўляюць нямала праблем земляробам, газавікам, электрыкам і іншым спецыялістам з самых розных галін народнай гаспадаркі. Таму барацьбе з хмызняком у сваёй рабоце мы адводзім важнае месца. Прынамсі, за першыя чатыры месяцы бягучага года дзейнасць нашага прадпрыемства прыкладна на 60 працэнтаў была накіравана на ачыстку дзікай расліннасці.







Гэтую самую “дзікую расліннасць” у сучасны момант бульдазерыст Віктар Францавіч Грымбоўскі і экскаватаршчык Алег Сяргеевіч Мельнічук выдаляюць у ваколіцах вёскі Лоша. Алег Сяргеевіч выдзірае хмызняк з каранямі, глыбока ў зямлю закапвае вялізныя каменныя валуны, а Віктар Францавіч выраўнівае глебу – іх намаганнямі шматгадовыя няўдобіцы становяцца нівай, наваколле робіцца светлым і дагледжаным.


–Экскаватарны парк нашага прадпрыемства складаецца з чатырох машын, – гаворыць Вадзім Станіслававіч. – Прычым не лішне будзе адзначыць, што самы стары з экскаватараў выпушчаны ў 2006 годзе, а два апошнія – у 2010-ым. Здавалася б, гэты бок аснашчэння ў парадку. Але сёння нашых магутнасцяў не хапае – у раёне працуюць два экскаватары з Ашмян і па аднаму – з Ліды і са Слоніма. У бліжэйшы час маем намер набыць па лізінгу яшчэ адзін экскаватар. Не лішнім было б прыдбаць яшчэ і пару бульдозераў. Дарэчы, адносна нядаўна мы купілі адзін – айчыннай вытворчасці. Не скажу, што “першы блін камяком”, але канструкцыя пакуль яўна сыраватая, так што Віктару Грымбоўскаму, які працуе на “абноўцы”, прыходзіцца часам у палявых умовах выпраўляць недагляд канструктараў.







Май для раённых меліяратараў стаў месяцам культуртэхнікі – асноўныя сілы прадпрыемства кінуты на ліквідацыю заімшэлых “нічыіх” хутароў і аджыўшых свой век жывёлагадоўчых памяшканняў.

–Дапамаглі лясгасу – падрыхтавалі 13 гектараў поля для будучага лесагадавальніка, – гаворыць дырэктар. – Працягвалі капаць маленькія сажалкі, якія сцягваюць з поля празмерную вільгаць, аблягчаючы калгасным механізатарам працу. Дарэчы, мне вельмі прыемна, праязджаючы побач з такой сажалкай, бачыць, як юныя рыбакі сядзяць на яе берагах з  вудамі. Мы выкапалі – нехта зарыбіў. Няхай сабе дробнымі карасікамі, але ж жыццё пайшло развівацца, і мы былі яго першастваральнікамі…







–За вясну добра папрацавалі ў СВК “Гервяты” – закопвалі рэшткі фундамента на месцы былых фермаў у вёсках Гялюны і Мільцэі, – працягвае Вадзім Станіслававіч. – Выкарыстаць іх яшчэ раз немагчыма, а вывазка абыдзецца гаспадарцы ў “круглую” капейку, таму было вырашана закапаць. Пасля рэканструкцыі землі былой прыфермскай тэрыторыі ўведзены ў севазварот. Тое самае адбываецца з пакінутымі хутарамі – гаспадароў у іх даўно няма, ніхто не падтрымлівае парадак. І былыя сядзібы сталі рассаднікамі пустазелля ды перашкодай для апрацоўкі палёў. Перавезці будынкі ў вёску, як правіла, не ўяўляецца магчымым – яны сваё даўно аджылі. Часцей за ўсё гнілыя бярвёны няма сэнсу нават выкарыстоўваць у якасці паліва – труха.

Але, наводзячы парадак на тэрыторыі раёна, меліяратары не забываюць і пра сваю ўласную – невялікая будаўнічая брыгада праводзіць рамонт вытворчых памяшканняў прадпрыемства, а таксама – ведамаснага жылля.







–Жыллё – адзін з прыярытэтных накірункаў нашага развіцця, – лічыць Вадзім Станіслававіч. ­– Гэта адзін з рычагоў, які дапамагае нам замацаваць работнікаў. А гэта ў наш час не так і проста. З аднаго боку, здавалася б, пры існуючым дэфіцыце вакансій у рабочай сіле недахопу не павінна быць. Яно так і ёсць – маладыя людзі рэгулярна прыходзяць да нас прасіцца на працу. Але “рамантыку” вытрымліваюць далёка не ўсе. Паспрабуй цэлы дзень у любое надвор’е пакасіць меліярацыйную канаву! Канешне, мы выкарыстоўваем механічныя касілкі, але, па-мойму, працаваць імі цяжэй, чым звычайнымі. Канешне, вытворчасць намнога больш высокая, але пацягай такую “дурніцу” цэлы дзень – рук не адчуеш. Тут патрэбна добрая фізічная падрыхтоўка. Нярэдка маладыя людзі не вытрымліваюць больш пяці дзён. Ды і нам, шчыра кажучы, не ўсе падыходзяць. Хочацца знайсці такіх “фанатаў” роднага прадпрыемства, якімі з’яўляюцца нашы ветэраны



вытворчасці: вадзіцелі Часлаў Іванавіч Паршутовіч, Іосіф Іосіфавіч Вянгроўскі і Віктар Мечыслававіч Мялешка, экскаватаршчык Валерый Вайцехавіч Кацінель, Лідзія Уладзіміраўна Сухажэўская, бульдазерыст Леанід Іванавіч Ражко і многія іншыя. Гэтыя людзі працуюць у раённай меліярацыі па 25-30, а то і больш гадоў. Некаторыя дасягнулі пенсійнага ўзросту, але ісці на адпачынак не спяшаюцца. Вось, да прыкладу, нядаўна звярнуўся да мяне Леанід Іванавіч Ражко. Маўляў, на пенсію час выходзіць, а я хачу папрацаваць… Працуй, дарагі ты мой чалавек, абы толькі сілы і здароўе не падводзілі! Трыццаць шосты год чалавек завіхаецца на бульдозеры, і прэтэнзій да якасці яго работы – ніякіх. Ці ж лёгка другога такога працаўніка  знайсці?!

“Чалавечы фактар” меліярацыі не застаецца ў ценю вытворчых планаў і здзяйсненняў – калектыўны дагавор, які штогод прымаецца калектывам на агульным сходзе, прадугледжвае нямала льгот.


–Стараемся жыць адной сям’ёй, – працягвае В.С. Вянгроўскі. – Падтрымліваць членаў калектыву і ў радасці, і ў бядзе. Грашовая падтрымка выдзяляецца на вяселле, у сувязі з нараджэннем дзіцяці, на юбілейныя даты (на кожную круглую і жанчынам – на 55 гадоў). Выдзяляем дапамогу і калі ў нашых супрацоўнікаў памірае нехта блізкі.


Двойчы на год кожны меліяратар можа выкарыстаць патрэбны яму тэхнічны сродак прадпрыемства за палову іх кошту – гэта яшчэ адзін від эканамічнай падтрымкі. А яшчэ ўсе, хто мае ў гэтым патрэбу, забяспечваюцца таннымі дровамі, якія самі меліяратары нарыхтоўваюць падчас расчысткі прыдарожных палос, хутароў і г.д.


–Канешне, хацелася б зрабіць для людзей больш, – прызнаецца Вадзім Станіслававіч. – Некалі мы часта падарожнічалі – арганізоўвалі экскурсіі па рэспубліцы, калектыўна наведвалі канцэрты і спектаклі. Сёння па эканамічных прычынах экскурсійную дзейнасць давялося згарнуць. Ды і заработная плата хацелася б, каб была больш высокай. За красавік яна склала ў сярэднім па прадпрыемстве 2 мільёны 140 тысяч рублёў – пры сённяшніх цэнах гэта няшмат. Але існуючы ўзровень індэксацыі не дазваляе нават пры поўнай загрузцы тэхнікі забяспечыць пастаянны і грунтоўны рост зарплаты – нельга ўсё “праядаць”, мы павінны развівацца.


Затое на базе прадпрыемства існуе футбольная каманда “Меліяратар” – адна з самых моцных у раёне. Нядаўна “Меліяратар” у чарговы раз выйграў кубак Астравеччыны па міні-футболе. А вось на чэмпіянаце вобласці ў апошні час сітуацыя складваецца не самая прыемная – два пройгрышы запар, прычым, што самае крыўднае, на сваім полі.







–Думаю, прычына ў незгулянасці каманды, – гаворыць капітан і па сумяшчальніцтву – дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Вадзім Станіслававіч Вянгроўскі. – Справа ў тым, што ў апошні час мы ўвялі ў каманду некалькі “легіянераў” з іншых гарадоў, якія не заўсёды могуць знайсці магчымасць рэгулярна ўдзельнічаць у трэніроўках “Меліяратара”. Вось і атрымліваецца, што нядрэнная індывідуальная гульня не перарастае ў такую ж камандную. Так што вынік – па гульні.

Вадзім Станіслававіч Вянгроўскі не ўмее сядзець на месцы – ён заўсёды ў руху. Тысячы планаў рояцца ў яго галаве адначасова. Там жа ён умудраецца ўтрымліваць процьму лічбаў, эканамічных разлікаў, вытворчых задач, праблем, з якімі звяртаюцца людзі. На працягу вось ужо васьмі гадоў Вадзім Станіслававіч узначальвае прадпрыемства, а нястомнасці і энтузіязму не паменшала ні на ёту. А ці застаўся на ранейшым узроўні невычэрпны аптымізм, якім малады кіраўнік прыкметна выдзяляўся з кагорты калег?


–Застаўся, – сцвярджае галоўны меліяратар раёна. – Проста з гадамі ён спусціўся з завоблачных вышынь, стаў зямным, рэальным. Ідэалізацыя рэальнасці – “хвароба” маладосці. Думаю, я “перарос” гэты стан і цяпер, зняўшы ружовыя акуляры, бачу свет у яго рэальных фарбах. Але ад гэтага мой аптымістычны погляд на рэчы ніколькі не змяншаецца.


–Дарэчы…, – Вадзім Станіслававіч нейкі час моўчкі прыглядаецца да экскаватара, які капае чарговую “копанку”. – Падобна, вы маеце рацыю – экскаватар здалёк сапраўды падобны да чаплі…



Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений