Фестиваль семейного творчества в Международный день семьи

09:37 / 28.05.2012

Творчасць – лепшы спосаб згуртаваць сям’ю. Цудоўна, калі бацькі і дзеці не проста жывуць разам і збіраюцца час ад часу вечарам для прагляду тэлевізара, а калі іх аб’ядноўвае штосьці большае – агульныя захапленні ці сумесная творчасць. Бо цікавая і творчая сям’я – шчаслівая сям’я.


Фестываль сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці”, які прайшоў у Міжнародны дзень сям’і, сабраў тых, у каго ёсць жаданне творча развівацца і ўсе свае ідэі ператвараць у жыццё. Гэта было яркае мерапрыемства, прысвечанае раскрыццю талентаў бацькоў і іх дзяцей.







У фае кінаканцэртнай залы гасцей фестывалю сустракала экспазіцыя работ майстроў прыкладнога мастацтва – вышыўка Святланы Мешкіс, плеценыя кошыкі Ванды Лосевай, вырабы з бісеру Міраславы Якіменка, карункавая саломка Валянціны Віннічак і майстроў раённага Дома рамёстваў. Тут жа размясцілася выстава непаўторных карцін Тэрэсы і Вікторыі Варановіч, Яўгенія Трусевіча, а таксама экспазіцыя кніг з цэнтральнай раённай бібліятэкі, прысвечаных сямейнай тэматыцы.

Фестываль сямейнай творчасці працягнуў канцэрт, які падрыхтавалі яркія таленавітыя сем’і Астравецкага раёна. Тут кожная сям’я магла прадэманстраваць свой творчы патэнцыял. Выступленні былі яркімі, непаўторнымі, але ўсе прасякнуты  тэмай любові – пачуцця, з якога пачынаецца сям’я і якое жывіць яе на працягу ўсяго жыцця.




Варановічы з Гудагая

Першай свае здольнасці дэманстравала сям’я Варановіч з Гудагая. Мама Яўгенія і дачка Марына працуюць разам у Гудагайскім СДК, таму ідуць з музыкай па жыцці. Некалькі любімых песень са свайго рэпертуару яны падарылі гасцям фестывалю. А песня “Мама” так расчуліла саміх выканаўцаў, што яны  не маглі стрымаць слёз. Сын Кірыл яшчэ вучыцца ў школе, захапляецца спортам і разбіраецца ў сучасных танцах – яны з сястрой прадэманстравалі адзін з іх. Любіміца і пацеха сям’і ўнучка Дамініка – яшчэ зусім маленькая дзяўчынка, але калі яна падрасце, то, безумоўна, стане такой жа артыстычнай і яркай асобай, як яе мама і бабуля.







Сапраўдны падарунак гасцям фестывалю зрабіла сям’я Якіменка са Страчанкі. Іх выступленне было самабытным тэатралізаваным прадстаўленнем, напоўненым любоўю не толькі адзін да аднаго, але і да роднай зямлі. Бабуля Міраслава, дачка Ларыса і трое ўнукаў выступалі ў нацыянальных касцюмах, чыталі беларускія вершы, расказвалі прыказкі, прымаўкі і легенды, спявалі народныя песні – і тым самым падкрэслівалі, што яны ганарацца сваёй нацыянальнай прыналежнасцю. А зачаравала публіку гарэзлівая малышка Яначка. Адразу відаць: расце сапраўдная артыстка. Ёй так спадабалася на сцэне, што яна ніяк не хацела з яе сыходзіць. Яна вырашыла падтрымаць не толькі сваю сям’ю, але і ўсе астатнія: дзяўчынка падтанцоўвала пад кожную песню, цягнулася да мікрафона, а калі нумар заканчваўся, то старанна кланялася гледачам – уся зала смяялася да слёз.

Сёстры Рабянок і Кацюша

Сям’ю Рабянок прадстаўлялі сёстры Таццяна і Алена, а дапамагала ім дачушка Алены – Каця. Таццяна і Алена выраслі ў чароўным краі Сарачанскіх азёр, спяваць яны любілі яшчэ са школы, дзе ўдзельнічалі ва ўсіх канцэртах і мерапрыемствах. І хоць Алена звязала сваё жыццё з мастацтвам, а Таццяна пайшла ў юрыдычную сферу, аднак любоў да музыкі аб’ядноўвае іх па сённяшні дзень. Яны праспявалі  некалькі песень, а падтрымала іх Кацюша, якая таксама валодае цудоўным голасам.







Сям’ю Куцько выгадна адрознівала тое, што яны выступалі ў поўным складзе. З творчасцю Святлана Куцько знаёмы, напэўна, кожны, хто наведвае раённыя канцэрты і мерапрыемствы. А вось для мужа Валерыя і сыноў Арцёма і Ягоркі выходзіць на сцэну і спяваць было крыху хвалююча. Але яны цудоўна справіліся. Асабліва публіку зачаравала песня, якую, трымаючыся за рукі, праспявалі мама і старэйшы сын. Ды і ўвогуле ўсе яны так ласкава глядзелі адзін на аднаго, а вочы былі напоўнены такой пяшчотай і цеплынёй, што іх выступленне, як, мяркую, і сямейнае жыццё, можна ахарактарызаваць адным словам – гармонія.






Апошнімі выступала сям’я Валадзько з Падольцаў. Мама Вольга і дачка Дзіяна – вельмі таленавітыя і творчыя асобы. Яны расказалі пра сваю дружную сям’ю, пра свае захапленні, а затым парадавалі публіку мілагучнымі песнямі. А маленькая Дзіяна яшчэ падарыла ўсім прысутным прыгожы ўсходні танец. А завяршылася іх выступленне мудрымі словамі мамы, якая прызналася, што для яе золата – не тое, што блішчыць. Золата – гэта яе любімы муж і гарэза-дачушка.

Фестываль не меў мэты вызначыць пераможцаў – ён проста даў магчымасць яшчэ больш з’яднаць сем’і Астравеччыны, а таксама навучыць іх дзяліцца радасцю творчых дасягненняў.


Закончыўся канцэрт на святочнай ноце: арганізатары мерапрыемства – аддзел культуры, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання – павіншавалі ўсіх з Днём сям”і і ўручылі каштоўныя падарункі кожнаму з удзельнікаў. Сувеніры на памяць атрымалі і майстры, якія арганізавалі цудоўную выставу ў фае кінаканцэртнай залы.



Вольга ШОЎКУН.

Фота Андрэя Памецькі.