Старт акции "Подари книгу библиотеке!"

15:10 / 23.05.2012

Чароўным падарожжам у казачную краіну стартавала  традыцыйная акцыя дзяржаўнай установы адукацыі “Яслі-сад” Дубок” “Падары кнігу бібліятэцы!” Самыя адданыя сябры кнігі накіраваліся ў “Чытаючы горад дзяцінства”, дзе іх чакалі ветлівыя супрацоўнікі бібліятэкі з цікавай інфармацыяй і экскурсіяй па краіне кніг.


Бібліятэкар-экскурсавод Тамара Аляксееўна Кісель расказала дзецям аб гісторыі кнігадрукавання, аб тым, з чаго складаецца кніга, хто яе ілюструе, аб карысці чытання, аб сучасных спосабах друкавання кніг, а галоўнае – за што маленькія чытачы любяць кнігу і сябруюць з ёй. Спецыяльна да гэтай падзеі бібліятэкары падрыхтавалі выставу новых кніг і заклікалі ўсіх прысутных вучыцца чытаць, беражліва адносіцца да кніг. Дзеці з захапленнем слухалі і паабяцалі яшчэ не раз вярнуцца ў бібліятэку і запрасіць з сабой сяброў і бацькоў.


–Часта можна пачуць, што расце пакаленне, якое не чытае кніг. Я з гэтым не згодна, – дзеліцца думкамі бібліятэкар Надзея Уладзіміраўна Мілешка. – Дзеці ходзяць у бібліятэку, прычым летам ніколькі не радзей, чым у вучэбны час. І мы стараемся зацікавіць іх кнігамі, прывіць любоў да класікі. Пачынаем працаваць з дзецьмі яшчэ з дзіцячага сада. Дарэчы, цяпер не заўсёды бацькі прыводзяць дзяцей у  бібліятэку, а часцей – наадварот.


Нягледзячы на тое, што госці бібліятэкі ходзяць яшчэ ў дзіцячы сад, усе яны ўмеюць чытаць. Будучыя вучні наперабой хваліліся супрацоўнікам бібліятэкі, якія кнігі яны прачыталі, хто любімы казачны герой, правільна адказвалі на пытанні віктарыны. У знак удзячнасці за цікавую экскурсію маленькія чытачы падарылі бібліятэцы кнігі. І трэба было бачыць вочы і твары дзетак, якія былі перапоўнены гонарам, што і яны ўнеслі свой уклад у фонд бібліятэкі. І ў выніку ўсе засталіся задаволеныя: дзеці – цікавым падарожжам, бібліятэкары – падарункамі.


Выхавацелі дзіцячага садка “Дубок” будуць і далей развіваць інтарэс дзяцей да кнігі як да мастацкага твора, выхоўваць беражлівыя адносіны да кніг. Шлях далучэння маленькага чытача да духоўнай спадчыны нашай краіны, да сусветнай культуры з дапамогай кнігі будзе карацейшым, асабліва калі першапачатковы этап яшчэ ў дашкольным узросце будзе паспяховым.



Вольга БАЯРОВІЧ, намеснік загадчыка “Яслі-сад” Дубок”.