Рэпарцёр высвятляў: чым астраўчане займаюцца доўгімі асеннімі вечарамі?
15:21 / 08.11.2021
Уладзімір Лабуць, рабочы:
– Хатнія клопаты займаюць шмат часу, тым больш што жыву не ў горадзе, а ў вёсцы. Таму не да захапленняў. (Усміхаецца.) Працую ў прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, дарэчы, у зімні перыяд рабочы дзень заканчваецца ў 16.00. Вечарком гляджу тэлевізар, цікавяць і палітычныя праграмы, і пра лёсы людзей. Люблю пагартаць і «Астравецкую праўду», яе шмат гадоў выпісваем – цікава даведацца, што робіцца ў раёне, чым жывуць мясцовыя людзі і што іх хвалюе.
Аксана Гаспаровіч, касір (без фота):
– Нядаўна захапілася вышыўкай бісерам – гэта такі цікавы працэс, што не адарвацца. Здараецца, што да позняга вечара занятая гэтай справай. Угаворваю сябе, што прышыю яшчэ некалькі пацерак – і не магу спыніцца. (Усміхаецца.) Гэта мая першая карціна – на ёй выява лебядзей. Спрабавала вышываць ніткамі, але гэта не маё.
Ганна Сцефановіч, аператар машыннага даення:
– Шмат гадоў працую на малочна-таварнай ферме «Ліпнішкі». Работа пазменная: 4 дні доім, на пяты – выхадны. Мой лад жыцця аднолькавы, незалежна ад сезону: апошняя дойка на ферме заканчваецца пасля 22.00, таму хутчэй дадому – і спаць, бо назаўтра рана прачынацца.
Марыя Шумская, даглядае маці:
– Люблю выйсці на шпацыр. Гуляючы па горадзе, любуюся новымі мікрараёнамі, будынкамі – за апошнія гады Астравец так папрыгажэў і змяніўся.
Данута Гур’янава, пенсіянерка:
– Нічым асаблівым не займаюся. Напэўна, як і ўсе: есці прыгатуеш, посуд памыеш. Магу па тэлевізары паглядзець кіно, але не часта, бо дрэнны зрок.